Рассказываем о талантливых и успешных школьниках Кореличчины
Дзеці — наша будучыня. Гэты лозунг савецкіх часоў на слыху і сёння. Па-ранейшаму ім удзяляецца вялікая ўвага і праяўляецца клопат з боку дзяржавы, школы, сям’і. Многія з іх вызначаюцца выдатнай вучобай, спартыўнымі дасягненнямі, цікавасцю да творчасці. Таленавітыя, старанныя і паспяховыя маладыя карэліччане занесены на раённую Дошку гонару.
Тры зорачкі гандбола
У 2023 годзе на раённую Дошку гонару за дасягненне высокіх паказачыкаў у спорце, вучобе, творчай і грамадскай дзейнасці занесены і тры спартсменкі, навучэнкі дзяржаўнай установы «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна». Сапраўдным праменьчыкам з’яўляецца Дзіна Сас, якая ўваходзіць у састаў зборнай Гродзенскай вобласці па гандболе. Яна — сярэбраны прызёр Рэспублікі Беларусь і прызнана лепшым разыгрываючым чэмпіяната Рэспублікі Беларусь. Спартсменцы ўдаецца спалучаць спорт з вучобай — яна выдатніца. Дзіна — мэтанакіраваная, працавітая, лёгка пераадольвае цяжкасці і дабіваецца пастаўленай мэты.
Другая зорачка на спартыўным небасхіле — Ксенія Кузьміч, якая стала чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь і была ўключана ў састаў Гродзенскай вобласці па гандболе. Яна — сярэбраны прызёр спаборніцтваў «Імклівы мяч». Па характары спакойная і ўраўнаважаная, мэтанакіраваная і заўсёды ідзе да пастаўленай мэты. Вельмі адказная і самастойная: ёй можна даць любое даручэнне, бо яго заўсёды выканае.
Добрых поспехаў у спорце дабілася і Сафія Дарашэнка: стала сярэбраным прызёрам першынства вобласці «Імклівы мяч» і сярэбраным прызёрам спартакіяды школьнікаў Гродзенскай вобласці. Добрая па характары, яна згуртоўвае ўсю каманду, як праменьчык асвятляе дарогу спартсменак. На яе можна пакласціся ў любых жыццёвых сітуацыях, яна ніколі не падвядзе.
Трэнер-выкладчык Карэліцкай дзіцячай юнацкай спартыўнай школы Тамара Уладзіміраўна Прохар адзначае: «Я ганаруся імі як асобамі і спартсменкамі, якія апраўдваюць мае надзеі. Удзячна іх бацькам за выхаванне дзяцей. Хочацца пажадаць дзяўчынкам знайсці сябе ў жыцці, і каб іх мэтанакіраванасць і працавітасць засталіся з імі назаўсёды, а мары ажыццявіліся».
Няўрымслівы Мацвей
Мацвей Горбік — вучань 4 «А» класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Хлопчык любіць спасцігаць асновы навукі і дабівацца добрых ведаў па школьных прадметах. Вось як характарызуе вучня класны кіраўнік Марыя Мікалаеўна Хіневіч: «Мацвей умее выдзяляць галоўнае ў вучэбным матэрыяле, абагульняць, мае шырокі кругагляд, дапытлівы, у яго добра развіта мова, граматна выказвае свае думкі, даказвае свой пункт погляду. На занятках уважлівы, заўсёды актыўны, да вучобы адносіцца з цікавасцю».
Мацвей праяўляе цікавасць і да навакольнага свету. Захапляецца даследчай дзейнасцю: падрыхтаваў працу «Помнікі прыроды Карэліцкага раёна». На тэрыторыі раёна ёсць сем помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння: валун «Вялікі камень» чыжыноўскі, валун «Чортаў камень» асташынскі, каштан васьмітычынкавы «Райцаўскі», канглмераты «Смольчыцкія», агаленне «Цімошкавічы», парк «Мір» і пагорак «Гара Замак». Знайсці іх было няпроста, і маладому даследчыку дапамагалі не толькі настаўнікі і бацькі, але мясцовыя жыхары. Як прызнаецца Мацвей, шмат цікавага давялося ўбачыць і даведацца, здорава, што яно побач, на роднай Карэліччыне.
З вялікай адказнасцю адносіцца вучань і да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Займаецца японскім баявым мастацтвам — каратэ — і мае шмат узнагарод. 25 мая прымаў удзел у спаборніцтвах па шатакан каратэ-до «Зоркі Панямоння» ў Карэлічах і выйшаў пераможцам у індывідуальным ката 8-6 кіу сярод удзельнікаў 9-12 гадоў.
Вось такі ён, няўрымслівы Мацвей, які сябруе з вучобай і спортам, і цікавіцца тым, што яго акружае. І не менш важна: у сваіх памкненнях ён не адзін. Вучня падтрымліваюць дарослыя, якія дапамагаюць ажыццявіць яго жаданні і мары.
Слова — дзецям
Аб чым марыце? Кім натхняецеся?
Дзіна САС:
— Хачу выдатна здаць экзамены. Натхняюся сваім трэнерам Тамарай Уладзіміраўнай Прохар.
Ксенія КУЗЬМІЧ:
— Мару паспяхова закончыць навучальны год і дасягаць спартыўных поспехаў. А натхняюся рознымі людзьмі, якія акружаюць і ўнеслі ў маё жыццё штосьці значнае і вялікае.
Сафія ДАРАШЭНКА:
— Спадзяюся на далейшае сяброўства са спортам. Мяне натхняюць бацькі, якія накіроўваюць у правільнае рэчышча, і трэнер Тамара Уладзіміраўна Прохар.
Мацвей ГОРБІК:
— Хачу, каб іншыя людзі ведалі таксама аб такіх знакамітых помніках прыроды і бераглі іх. Я бяру прыклад са сваіх бацькоў, яны ў мяне разумныя, добрыя, працавітыя.