В агрогородке Райца прошел праздник молока «Свитязянская буренка-2024»

СВК “Свіцязянка-2003” па праве можна лічыць малочным цэнтрам Карэліччыны. Малако тут любяць, а самае галоўнае, ведаюць, якой нялёгкай працай яно здабываецца. Сёлета на свіцязянскай зямлі трэці раз адзначалі свята малака “Свіцязянская рагуля-2024”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей свята звярнуўся старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца, які расказаў аб поспехах сельгаспрадпрыемства:

— Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца: за мінулы год мы атрымалі ад кожнай рагулі 11969 кг малака, заняўшы ў рэспубліканскім рэйтынгу 6 месца. Нам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. У пачатку чэрвеня на міжнароднай сельскагаспадарчай выставе “Белагра” дзве нашы каровы: Венера першай лактацыі, якая заняла трэцяе месца і Суніца другой лактацыі, таксама атрымала ўзнагароду трэцяй ступені. Таксама на выставе былі прадстаўлены пяцёра нашых цялушак першай лактацыі, якія таксама занялі першыя месцы.

Надой на адну рагулю ў “Свіцязянцы-2003”складае ў сярэднім 34,2 літра малака. Работнікі гаспадаркі не спыняюцца на дасягнутым. Перад сабой яны паставілі задачу надаіць у гэтым годзе больш за 12 тысяч на адну рагулю.

Гэтыя лічбы — вынік штодзённай шчырай працы жывёлаводаў, ветэрынараў, асеменатараў — усіх, хто днём і ноччу гатовы прыйсці на ферму, хто ведае жывёлу і імкнецца рабіць сваю працу як мага лепей. У гонар свята ўзнагародзілі брыгадзіраў вытворчых брыгад у жывёлагадоўлі Валянціну Лінчук (МТК “Райца-1”), Таісу Харошку (МТК “Райца-2”), Алену Бузук (МТФ “Міратычы”), Ганну Міселя (МТФ “Літараўшчына”), Таццяну Радзюк (ферма “Мінакі”), Таццяну Савоська (ферма “Францішкова”).

Госці свята мелі магчымасць паспрабаваць на смак лепшыя прадукты з малака. Чаго тут толькі не было: сыр, твораг, смятана, кефір, ёгурт — вочы разбягаліся. Таксама гасцям была прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сырнікі мясцовых гаспадынь. Падыходжу да століка, дзе выстаўлена смаката. Таіса Мухіна частуе мяне сваімі тварожнымі шарыкамі.

— Стала сумна сядзець у хаце, вось і вырашыла нарабіць шарыкаў і прыйсці сюды, — расказвае жанчына. — Магу і рацэптам падзяліцца: 200 г тварагу, 6 сталовых лыжак цукру, палова чайнай лыжкі соды гашанай воцатам, стакан мукі і два яйкі. Лепяцца маленькія шарыкі, абвальваюцца ў манцы і пякуцца ў масле. Яны растуць у тры разы большыя.

Частуюся салодкімі шарыкамі і падыходжу да Алены Сак. Жанчына расказвае, што даволі часта робіць сырнікі для дзяцей. У конкурсе ўдзельнічае першы раз, але спадзяецца, што яе сырнікі спадабаюцца гасцям.

Дарэчы, сярод гаспадынь, якія прынеслі на свята свае прысмакі праводзіўся сапраўдны конкурс. Прыемная місія паспрабаваць і ацаніць кулінарныя шэдэўры выпала старшыні СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандру Мяцеліцы, намесніку старшыні па ідэыялогіі Алене Клаўсуць і загадчык аддзела метадычнай работы ДУК “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і вольнага часу” Аксана Басюк.

Пакуль журы хадзіла па падворках і ацэньвала вырабы з малака і рагуль, зробленых з падручных матэрыялаў, на сцэне свята гучалі песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Вечарынка”, з гледачамі праводзілі цікавыя гульні, правялі дэфіле касцюмаў, зробленых з ўпаковак ад малочнай прадукцыі і невялікі аўкцыён, дзе кожны жадаючы мог выйграць малочную прадукцыю.

Адной з зорак свята стала каза Мілка. Знаёмлюся з яе гаспадыняй Таццянай Захарчук.

— Трымаю яе ўжо пяць гадоў, — расказвае жанчына пра казу, якую літаральна абляпілі дзеці. — Сюды прыйшла другі раз. Яна спакойная, рахманая, падабаецца дзеткам.

Напрыканцы свята падвялі вынікі конкурсаў. Першымі ўзнагародзілі аўтараў рагуль, зробленых з падручных матэрыялаў. У намінацыі “Самая функцыянальная цацка” дыплом атрымала Аксана Зайко. Дыпломам за “Самую працаёмкую работа” ўзнагародзілі Веру Салдатаву. У намінацыі “Самая экалагічная цацка-рагуля” дыпломам узнагародзілі аддзел культуры і вольнага часу “Мірскі гарадскі Дом культуры”. За самую крэатыўную цацку ўзнагародзілі сектар “Малюшыцкі Дом культуры”.

Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Алена Сак, за чые сырнікі аддалі найбольшую колькасць галасоў. Узнагароду за самыя пышныя сырнікі атрымала Таіса Мухіна. У намінацыі “Кулінарны шэдэўр” узнагароду атрымала Таццяна Шышкір. У намінацыі “Самыя зграбныя сырнікі” перамагла Валянціна Бусько. Прызам за самыя араматныя сырнікі ўзнагародзілі Алену Сак. У намінацыі “Чэмпіён смаку” ўзнагародзілі Таісу Захарчук. За самы арыгінальны рацэпт сырнкаў прыз атрымаў аддзел культуры і вольнага часу “Красненскі Дом культуры”. Спецыяльным прызам “Супер сыр даўгалецце” быў адзначаны Мікалай Васілеўскі.