В деревне Кожево Жуховичского сельсовета провели дворовой сход и обследовали условия проживания одиноких и одиноко проживающих граждан

У рамках прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей абыўся дваравы сход у вёсцы Кожава і абследаваны адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне.

«Не прымайце неабдуманых рашэнняў!»

У вёсцы Кожава непадалёку ад помніка загінулым воінам шматлюдна. Яго жыхары сабраліся на сустрэчу з работнікамі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Напярэдадні давялося пагутарыць з адной з удзельніц сходу. «Кожава — райскі куточак. Пяць гадоў як купілі тут дом. Лепшага месца не ведаем. Хочацца пажадаць нашаму Прэзідэнту моцнага здароўя, стойкасці, мужнасці, вытрымкі, каб заставаўся на сваёй пасадзе як мага далей», — сказала Валянціна Міхайлаўна і дадала: «Няхай будзе мір на зямлі!».

Стараста вёскі Кожава, дырэктар аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» Святлана Абламейка прадастаўляе слова работнікам культуры — і гучаць на усё наваколле ў іх выкананні цудоўныя мелодыі.

 

Слова трымае намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Карэліцкага РАНС Анатолій Шолк, які праводзіць з вяскоўцамі грунтоўную гутарку. Прамоўца заклікае дарослых сачыць за дзецьмі на летніх канікулах, падтрымліваць пячное ацяпленне ў спраўным стане, захоўваць правілы пры развядзенні кастроў і адзначае, што спальваць сухую расліннасць на корані забараняецца. Анатолій Анатольевіч звяртае ўвагу на электрапрыборы і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія павінны быць у спраўным стане. Падводзячы вынік сказанаму, Анатолій Шолк рэзюмаваў: «Каб не здарылася бяды, не прымайце неабдуманых рашэнняў!»

У выпадку бяды набірайце «112»

Разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях накіроўваюся з рэйдавай праверкай домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых у вёсцы Кожава. У першым доме ў вочы кідаецца адмысловая чысціня і наведзены парадак у пакоях. Як адзначае жанчына сталых гадоў, дачка наведваецца часта і дапамагае па доме. Хаця ў супрацоўніка РАНС ёсць заўвагі: не працуе АПА — і трэба памяняць у ім батарэйку, а электраправодку вызваліць з-пад паклееных шпалераў.

Пры сустрэчы з жыхарамі другога дома гучаць рэкамендацыі: не курыць у ложку і не спальваць на корані сухую расліннасць. Паведамляецца жыхарам дома і нумар адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы — 112, па якім можна патэлефанаваць у няшчасных выпадках.

Пры наступнай сустрэчы жанчына паведамляе, што раней працавала на Мінскім трактарным заводзе, а на пенсіі жыве ў вёсцы. «Прырода, кветкі, родны дом у радасць», — адзначае яна. У членаў рэйду да яе заўваг няма.

Наведваемся ў вялікі і прыгожы дом. Яго гаспадару 93 гады. Шэсць гадоў разам з ім жыве дачка, якая пераехала са сталіцы. Супрацоўнік РАНС пацікавіўся наяўнасцю АПА. Як высветлілася, ён ляжыць на паліцы без батарэйкі. «Неабходна купіць і ўстанавіць», — сказаў прадстаўнік раённай пажарнай службы.

Хаця ёсць у вёсцы нямала дамоў, у якіх устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Наша наступная суразмоўца адначае, што гэта бацькоўскі дом, а ў родным доме і сцены дапамагаюць. Сябруе з суседкай, з якой хутка будуць хадзіць у лес па грыбы. Заўваг у правяраючых да гаспадыні дома няма.

«Печку прапальваеце?» — пацікавіліся падчас наступнага візіту. Да кароткага «не» жанчына дадае: «У нас газавае ацяпленне. Ёсць мікрахвалевая печка і газавая пліта, а вось вялікую печку раскідаць рука не падымаецца. Стаіць як памяць. Прыехала даглядаць маці, так і засталася тут жыць». Жыхарцы дома парэкамендавалі павесіць АПА і занатаваць на ўсялякі выпадак нумар тэлефона 112.

Завіталі і да 90-гадовага жыхара. Ён жыве адзін, на жыццё не скардзіцца, з усім стараецца спраўляцца сам, іншы раз дапамагае пляменніца. Члены рэйду раяць утрымліваць гарышча ў прыглядным стане і каб аўтаномны пажарны апавяшчальнік заўсёды працаваў.
Падчас рэйдавай праверкі гутару з выратавальнікам- пажарным Карэліцкага РАНС Андрэем Богушам. «Я жыву ў вёсцы Кожава дваццаць першы год. Вёска вялікая і прывабная. Людзі тут добразычлівыя і дружныя, прыйдуць адзін аднаму на дапамогу, дамы стараюцца ўтрымліваць у чысціні і парадку», — адзначыў малады выратавальнік.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вольгі АЛЯШКЕВІЧ