В Кореличском районе началась уборка озимого ячменя

Першымі на ўборку зерневых культур выйшлі працаўнікі ДП “Лукі-Агра”, КСУП “Малюшычы”, СВК “Свіцязянка-2003” і “Жухавічы”.

Галоўны аграном ДП «Лукі-Агра» Павел Тананка і ўпраўляючы ўчасткам №2 Генадзій Першукевіч

Разам з галоўным аграномам ДП “Лукі-Агра” Паўлам Тананкам прыязджаем на поле каля вёскі Застадолле. На ўскрайку нівы стаяць камбайны, вакол якіх завіхаюцца механізатары і іх памочнікі: апошняя праверка перад тым, як пачаць жаць чэрвеньскі хлеб. Над полем кружацца буслы (цікава, хто ім паведаміў, што жаць будуць менавіта тут?).

Уборку азімага ячменю сёлета пачалі раней, чым звычайна. Павел Тананка расказвае, што асноўная прычына — поўная спеласць культуры.

— Прамаруджванне можа стаць прычынай страт, — дадае аграном.

Нашу размову перарывае гук матораў: камбайны па чарзе выязджаюць у поле. Мой субяседнік на час пакідае мяне: правярае, ці роўныя валкі саломы, якія застаюцца пасля камбайнаў, абмяркоўвае якасць уборкі з упраўляючым участкам Генадзіем Першукевічам.

На поле плошчай 140 га выехала працаваць 5 камбайнавых экіпажаў. На мяжы чакаюць чатыры машыны, якія гатовы па камандзе механізатараў прыняць першыя кілаграмы новага ўраджаю.

— Вільготнасць культуры ў межах 14-16%, — кажа Павел. — Гэта добры паказчык, бо па тэхналогіі ячмень у пачатку ўборкі не павінен мець вільготнасць вышэй 20%.

У адным з камбайнаў шчыруюць стрыечныя браты Міхаіл Башко і Іван Мялешчык. Хлопцы кажуць, што выязджаюць на поле з задавальненнем — праца падабаецца нягледзячы на спякоту.

Механізатар Міхаіл Башко і памочнік Іван Мялешчык

У другім экіпажы працуе памочнікам родны брат Міхаіла, Дзяніс Башко, які, нягледзячы на тое, што жыве ў Гродне, кожны год прыязджае папрацаваць у поле — прывык з юнацтва. Бацька Дзяніса і Мішы працуе механізатарам у КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, таму хлопцы з малых гадоў прывыклі да тэхнікі.

Механізатар Алег Шастакоў і памочнік Дзяніс Башко

Павел Тананка расказвае, што ў мінулым годзе было пасеяна 200 га азімага ячменю. Гэта культура адрозніваецца дастаткова высокай устойлівасцю да неблаганадзейных умоў, а таксама валодае высокімі пажыўнымі паказчыкамі. Але аграном кажа, што сёлета ўраджайнасць гэтай культуры будзе меншай, чым у мінулым годзе:

— Зерне дробнае. Магчыма, на гэта паўплывалі вясеннія замаразкі.

Па аператыўных дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на вечар 27 чэрвеня, на Карэліччыне ўбралі 31 га азімага ячменю, намалацілі 142 тоны з ураджайнасцю 45,8 ц/га.