В Кореличском районе стартовала акция по профилактике гибели людей на пожарах
За 4 месяцы бягучага года ў Карэліцкім раёне адбылося 8 пажараў, на якіх загінула 2 чалавека, адзін атрымаў траўмы. Для павышэння ўзроўня бяспекі і ацэнкі гатоўнасці да вясення-летняга пажаранебяспечнага перыяда 3 чэрвеня на Карэліччыне стартавала акцыя па прафілактыцы гібелі людзей на пажарах. У ходзе яе будзе даследавана жыллё, у якім пражываюць адзінокія, адзінока пражываючыя грамадзяне, інваліды, а таксама асобы, схільныя да злоўжывання спіртнымі напоямі.
У першы дзень аглядавая камісія наведала Райцаўскі сельвыканкам. Члены камісіі, у ліку якой спецыялісты аддзела адукацыі і упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, энергагазінспекцыі, раёна электрычных сетак, раёна газавых сетак, урачы Карэліцкай ЦРБ, супрацоўнікі РАУС і РАНС, аб’ядналіся ў некалькі груп і накіраваліся па сваіх машрутах. Разам з адной з груп наведваў домаўладанні і карэспандэнт “Полымя”.
Большасць гаспадароў, да якіх завітвалі члены камісіі, працавалі на падворку. Хтосьці развешваў адзенне, хтосьці корпаўся на агародчыку.
— Патрэбна рухацца, — сказала адна з жанчын, якіх наведалі ў гэты дзень. — Калі сядзець, склаўшы рукі, то можна і захварэць ад суму.
У першай кватэры, якая размяшчаецца ў аграгарадку Райца, нас сустрэла састарэлая жанчына. Члены камісіі распытваюць гаспадыню аб яе жыцці, правяраюць работу аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Супрацоўнік МНС заўважае, што прыбор неабходна павесіць у пакоі, дзе спіць жанчына.
— Тут у мяне нацяжная столя, — кажа бабуля. — Таму павесіць на яе не магу.
Выратавальнік кажа, што ў такім выпадку можна замацаваць прыбор на сцяне пад самаю столяй. Жанчына кажа, што сын, які павінен хутка прыехаць, выправіць гэту заўвагу.
У наступнай кватэры з апавяшчальнікам усё добра.
— Год таму сын замяніў батарэйку, — кажа гаспадыня. — А некалькі дзён таму “каробачка” зноў пачала пішчаць. Адзін раз на трыццаць секунд. Я ўжо прывыкла, не звяртаю ўвагі.
— Вам неабходна замяніць батарэйку, — заўважае супрацоўнік МНС. — Набыць яе можна ў звычайнай краме.
Гаспадыня абяцае, што спытае ў прадаўца.
У адным з дамоў выратавальнік заўважае, што каля печы няма ліста жалеза, які павінен быць па правілах, каб вугалькі, якія могуць выпасці з печы, не падпалілі падлогу. Гаспадары кажуць, што жалезны ліст ёсць, толькі на лета яго прыбралі, бо цяпер печ не паляць.
— Толькі ж нядаўна была праверка, — кажа адна з гаспадынь. — Прыязджалі з МНС і з міліцыі, і з сельвыканкама. Не, я не скарджуся, нават прыемна, што пенсіянерам надаюць столькі ўвагі.
Правярае супрацоўнік МНС і комін на гарышчы: ён павінен быць атынкаваны і пабелены. У адной з хат выратавальнік кажа гаспадыні, што комін і атынкаваны, і пабелены, але варта было б аднавіць пабелку. Жанчына абяцае, што папросіць сацыяльнага работніка, якая дапамагае ёй дапамагчы выправіць гэту заўвагу. Таксама гаспадыня цікавіцца, хто зможа пачысціць комін ад сажы:
— У мінулым годзе вызвала майстра, заплаціла грошы, амаль нічога ён не зрабіў, — скардзіцца жанчына. Ёй параілі звярнуцца па дапамогу ў сельвыканкам.
У адным з абследаваных дамоў таксама села батарэйка адразу ў абодвух апавяшчальніках. Паколькі ў гаспадара ёсць інваліднасць, работнік ЦСАН Карэліцкага раёна дае яму дзве “кроны” бясплатна.
Усяго ў першы дзень было абследавана 57 домаўладанняў у Райцаўскім сельвыканкаме. Большасць заўваг, на якія звярталі ўвагу члены камісіі, былі невялікімі — старыя батарэйкі ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку, альбо выпадкі, калі прыбор вісіць у неналежным месцы. Гаспадары некалькіх дамоў самастойна здымалі АПА, бо ён перашкаджаў ім спаць. У такім выпадку выратавальнікі тлумачылі, што прыбор піскам паведамляе аб тым, што неабходна замяніць элемент харчавання, які можна набыць у магазіне райспажыўтаварыства альбо ў аўталаўцы.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара