Кореличские ремесленники Ольга Старжинская и Александр Заблоцкий рассказали о своем участии в фестивале национальных культур

У горадзе Гродна адбыўся ХІV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У ім прынялі ўдзел лепшыя майстры з усёй Беларусі, сярод якіх і прадстаўнікі з Карэліччыны: загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» Юлія Баярэнка, Фёдар Русак (лазапляценне), Аляксандр Заблоцкі (разьба па дрэве), Вольга Старжынская (выцінанка), Алена Шахава (традыцыйная лялька), яны прадставілі майстар-класы для гасцей свята.

Вольга СТАРЖЫНСКАЯ расказвае:

— Я на такім фестывалі ўпершыню. Свята парадавала яркімі фарбамі, шумнымі гуляннямі, смачнымі стравамі. Панавала незвычайная атмасфера цяпла, адчувалася сяброўства розных народаў і неверагодных талентаў. На фестывалі прысутнічала шмат  майстроў.

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося з прывітальных слоў старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка, які падкрэсліў самабытнасць фестывалю, яго важнасць для захавання народных традыцый у сучасных умовах. У праграме фестывалю прайшлі цікавыя пленэры, майстар-класы, квэст-гульні, тэатралізаваныя прадстаўленні, ярмаркі вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама канцэрты таленавітых выканаўцаў розных краін. Было прыемна, што нас адзначылі Дыпломамі ўдзельнікаў фестывалю. Я праводзіла майстар-клас па выцінанцы і ўбачыла вялікую зацікаўленасць гасцей з іншых краін.

Аляксандр ЗАБЛОЦКІ дапаўняе:

— Я прадстаўляў майстар-клас разьбы па дрэве. Па гэтым накірунку ўдзельнічалі прадстаўнікі трох раёнаў: Гродзенскага, Зэльвенскага і Карэліцкага. Мы прымеркаваліся разам працаваць і дэманстраваць сваё майстэрства. Я стараўся зацікавіць гасцей свята сувенірнымі вырабамі, сярод якіх былі лапці, лыжкі і іншае.

Фестываль праходзіў тры дні і ў гэтым годзе праводзіўся ў шырокім фармаце. Удзельнікаў было значна больш, чым у папярэднія гады. Прыехалі майстры з усіх абласцей рэспублікі. Было што паглядзець і што паслухаць. Гэта чацвёрты фестываль у маім жыцці. Настрой у мяне быў прыўзняты, можна было пазнаёміцца з майстэрствам народных умельцаў.  Прыемна, што іх шмат на беларускай зямлі, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Асабліва радуе, што сярод гэтай кагорты нямала маладых, якія працуюць у розных тэхніках народнай творчасці.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота прадастаўлена Карэліцкім Домам рамёстваў