Молодые жители Кореличчины с теплотой вспоминают студенческие годы
Не раз даводзілася чуць, што студэнцтва — залатая пара ў жыцці кожнага чалавека. Не так даўно, чарговы раз успамінаючы з аднагрупніцамі ўніверсітэцкія прыгоды, задумаўся: а як прайшла студэнцкая пара ў знаёмых? Напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва распытаў карэліччан пра іх уражанні ад часу, праведзенага ў альма-матэр.
Урач-неўролаг неўралагічнага кабінета паліклінікі УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Вольга МЯЦЕЛІЦА. Скончыла ГрДМУ ў 2019 г.:
— Для мяне студэнцкія гады — самыя запамінальныя. Лічу, што гэты час самы энергічны, вясёлы і цікавы ў жыцці кожнага чалавека.
У маім жыцці 6 гадоў ВНУ сталі часам новых знаёмстваў, камунікацый і ведаў. Я не магу выдзеліць адну сітуацыю і сказаць, што гэта было самай яркай падзеяй. Прысвячэнне ў студэнты, сесіі, праца над курсавымі і дыпломнымі, практыка, праца ў “хуткай дапамозе”, падрыхтоўка да дзяржэкзаменаў. Усе гэтыя падзеі, безумоўна, пакінулі след у маім жыцці.
Гады навучання ў ГрДМУ мне запомніліся тым, што я здабыла верных сяброў і настаўнікаў. Пераканалася, што выбрала патрэбную прафесію. Першы час, вядома, было трохі цяжка прывыкнуць да тэмпу. Часта здавалася, што такі аб’ём інфармацыі проста немагчыма адолець, але з часам усё стала на свае месцы.
Настаўнік Красненскай СШ Юрый ЮРЧЫК. Скончыў БДПУ імя М. Танка ў 2020 г. і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у 2023 г.:
— Студэнцкія гады ўспамінаюцца з вялікім трапятаннем. Бо я быў студэнтам 7 гадоў… Яны былі напоўнены шматграннымі падзеямі, адкрыццямі і выпрабаваннямі, актыўнымі і насычанымі зносінамі, незвычайным адчуваннем духу калектывізму, калі не было падзелу па ўзросце, прыкметах матэрыяльнага дастатку або сацыяльнага становішча паміж людзьмі. Усе былі роўныя. Былі і новыя знаёмствы, і бясцэнныя навыкі, і бура незабыўных эмоцый.
У сценах навучальных устаноў студэнты знаходзяць аднадумцаў, з якімі падзяляюць цікавасці, мэты і памкненні. Сумеснае выкананне навучальных задач, удзел у грамадскіх і культурных мерапрыемствах спрыяюць умацаванню сацыяльных сувязяў і развіццю камунікатыўных навыкаў.
Напэўна, менавіта ў студэнцкія гады ў чалавека закладваюцца такія якасці, як самастойнасць, адказнасць, камунікабельнасць. Студэнцтва — гэта час, калі для маладога чалавека адкрыты ўсе дарогі. Кожнаму студэнту важна максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці, якія даюцца ў гэтым дзіўным перыядзе жыцця, і атрымліваць асалоду ад кожнага яго моманту.
Галоўны бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Юлія БАРТОШ. Скончыла ПалесДУ ў 2021г.:
— Студэнцкія гады — чароўны час, калі ты яшчэ адчуваеш сябе дзіцем, але на цябе ўскладваюцца ўжо зусім дарослыя праблемы. Першы час было крыху боязна — ты адзін у незнаёмым горадзе, сярод незнаёмцаў. Але мы хутка пасябравалі з аднагрупніцамі і знаёміліся з Пінскам разам. Гэтыя гады падарылі шмат незабыўных эмоцый, але, галоўнае, добрых сяброў, з якімі да гэтага часу падтрымліваем сувязь, сустракаемся, успамінаем універсітэцкія прыгоды.
Існуе выраз, што студэнцкія гады — самыя лепшыя ў жыцці чалавека. Цалкам згодна з гэтым. Кожная падзея, ці гэта нейкі конкурс, ці просты дзень нараджэння, адзначаны ў інтэрнаце, запомніліся па-свойму, пакінулі прыемны адбітак у памяці.
Студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Яраслава МАНКЕВІЧ:
— Для мяне студэнцтва — гэта час набыцця карысных ведаў, пошук займальных адкрыццяў і новых сяброў, практыка і ўменне знаходзіцца і працаваць у розных калектывах. Я, як і любы студэнт, імкнуся да пазнання навакольнага свету, да пераменаў, да кардынальна іншага падыходу да поглядаў на жыццё. Здольнасць пераадольваць перашкоды, шукаць выхады з цяжкіх сітуацый, прымаць рашэнні — усё гэта фарміруе чалавека як асобу ў працэсе станаўлення ў грамадстве. Дзень моладзі асацыюецца ў мяне з нашымі студэнтамі, з тымі, хто адкрыта заяўляе пра свае каштоўнасці, падтрымлівае адзін аднаго, імкнецца забяспечыць сабе добрую будучыню і шукае перспектывы для ўласнага развіцця. Студэнцтва — лепшая пара ў жыцці кожнага чалавека.
Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Яна ФІЛОНЧЫК:
— У школе класны кіраўнік Алена Сяргееўна Хваль заўсёды казала, што школьная пара выдатная, але ўсё ж такі лепшы час у жыцці кожнага — студэнцтва, і гэта праўда. У гэты час на табе, вядома, ляжыць вялікая адказнасць, ты сам адказваеш за кожную сваю правіну, і такая “даросласць” многіх палохае. Але гэтага не варта баяцца. У маім выпадку, студэнцтва — сімбіёз вучобы, працы, актыўнасці і знаёмстваў. Мне пашанцавала, што ўсё гэта мне даў мой любімы і ўжо родны факультэт журналістыкі. Я вельмі шчаслівая, што год таму выбрала менавіта гэты творчы шлях. Ніколі раней я не сустракала ў адным месцы настолькі творчых і крэатыўных людзей, якія ўдзельнічаюць і сваімі сіламі ствараюць усе ўніверсітэцкія актыўнасці, якіх, дарэчы, на журфаку вельмі шмат. Пашанцавала нам і з вучобай. Ад многіх знаёмых не раз чула, што летняя сесія на першым курсе была вельмі цяжкай і прыйшлося трошкі памучацца. Зараз пахвалюся: на журфаку ў мяне ўсё прайшло вельмі спакойна, і ва ўсёй групы па выніку другой сесіі атрымаўся годны сярэдні бал. Напэўна, больш за ўсё я і ўдзячная журфаку за вучобу, таму што тут не трэба днямі напралёт зубрыць падручнікі. У нас на факультэце цэняцца людзі актыўныя, якія арганізуюць мерапрыемствы, працуюць у сферы журналістыкі, але і, вядома, не забываюць пра вучобу. Усім школьнікам і тым больш абітурыентам такога студэнцтва і хочацца пажадаць. Пражывіце гэтыя 4 гады так, каб было не сумна ўспамінаць іх потым. Праз час вы можаце забыцца, які білет вам трапіўся на філасофіі, але ўжо сапраўды ў памяці застанецца, як ледзь не спазніліся на гэты экзамен, як перамаглі на дні першакурсніка з групай, адзначылі 1 мая з аднагрупнікамі на Мінскім моры, сталі куратарам і знайшлі выдатных сяброў.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва «Полымя» і герояў публікацыі