4 июля Кореличский районный центр гигиены и эпидемиологии празднует 80-летие

4 ліпеня ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” адзначыць 80-годдзе з дня ўтварэння службы.

У кожнага свая гісторыя

Санітарна-эпідэміялагічная служба Карэліччыны ў пасляваенны час складалася з дзяржаўнай санітарнай інспекцыі і раённай санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. У штаце было пяць работнікаў, з транспарту – адзін конь. У 1948 годзе дзяржсанінспекцыя і раённая санітарна-эпідэміялагічная станцыя былі аб’яднаны. З 1949 года службу ўзначальваў Ф.П. Бядрыцкі. Час быў нялёгкі. Да 60-х гадоў у раёне заставаліся высокімі паказчыкі інфкекцыйных захворванняў: сыпны і брушны тыф, дыфтэрыю, поліяміеліт, адзёр, шкарлятына, малярыя. Вялікую дапамогу у барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі аказваў атрад Чырвонага крыжа рэспублікі. Лячэнне і прафілактыка інфекцыйных захворванняў былі асноўнай задачай усіх медыцынскіх работнікаў раёна.

Ф.П. Бядрыцкі

Ішоў час, удаснальваліся падыходы, прыёмы і метады работы эпідэміёлагаў. Санітарныя ўрачы Карэліччыны пачалі ўкараняць сістэму нагляду за вострымі кішэчнымі інфекцыямі, туберкулёзам, унутрыбальнічнымі інфекцыямі, сістэму радыялагічнага кантролю, алгарытм расследаванняў выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, метад прафілактыкі шаленства з ужываннем рыфампіцына, ПЦР-дыягностыку на прыборы ротарнага тыпу і многае іншае. Зараз служба працягвае развівацца і паспяхова вырашаць свае задачы.
Напярэдадні юбілею карэспандэнт раённай газеты “Полымя” сустрэлася з галоўным урачом Карэліцкага райЦГЭ Аляксандрам Германюком і даведалася аб сучасных магчымасцях і дасягненнях службы.

– Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце аб асноўных задачах вашай установы.

– Санітарна-эпідэміялагічная служба – гэта адна з вядучых галін аховы здароўя, прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці якой з’яўляюцца забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, прафілактыка захворванняў, ахова і ўмацаванне здароўя насельніцтва, фарміраванне здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва.
Асноўныя задачы, якія даводзіцца штодня вырашаць спецыялістам службы, арганізацыя і ажыццяўленне сістэмнага нагляду за выкананнем санітарна-гігіенічных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне і ліквідацыю забруджвання асяроддзя пражывання чалавека, аздараўленне ўмоў працы, побыту і адпачынку насельніцтва, паляпшэнне ўмоў выхавання і навучання дзяцей, папярэджанне ўзнікнення і распаўсюджвання захворванняў і іншае.

– З савецкіх часоў за вашай установай замацавалася рэпутацыя службы, якая правярае і якую ўсе баяцца…

– Па ўдзельнай вазе работы, якая праводзіцца, наглядная функцыя займае ўсяго чвэрць. Яна адпавядае патрабаванням заканадаўства, якое рэгулюе гэтую дзейнасць. Саннагляд усё больш пераходзіць на папераджальныя, прафілактычныя метады працы. Сёння гэтая тэндэнцыя прасочваецца ў рабоце ўсіх кантралюючых служб, прафілактыка – вось асноўная задача. Калі суб’ект не рэагуе на прадпісанні, не працуе над ліквідацыяй заўваг, якія потым могуць адбіцца на здароўі супрацоўніка або спажыўца, то могуць быць ужытыя штрафныя санкцыі.

– І ўсё ж самы строгі рэвізор – спажывец. Якім чынам наладжана ўзаемадзеянне службы з насельніцтвам?

– Лічу, што сувязь такая наладжана. І яна працуе. Мы прымаем званкі ад насельніцтва, звароты праз сайт, прыходзяць лісты і запыты па самых розных пытаннях не толькі ад грамадзян, але і ад арганізацый.

Таксама вялікую ўвагу надаём супрацоўніцтву з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна: дзякуючы іх падтрымцы ў райцэнтры і г.п. Мір рэалізуецца праект “Здаровыя гарады і пасёлкі”. Гэта, на нашу думку, дазволіць стварыць сістэму фарміравання, захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва, а таксама будзе спрыяць павелічэнню працягласці і павышэнню якасці жыцця, паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва райЦГЭ