К 100-летию БелТИЗ. О деятельности Кореличской районной организации ОО «БелТИЗ» рассказывает ее лидер Вероника Кулак
Напярэдадні 100-годдзя ўтварэння Беларускага таварыства інвалідаў па зроку аб дзейнасці раённай арганізацыі расказвае прадстаўнік Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ па Карэліцкім раёне» Вераніка Леанідаўна КУЛАК:
— Наша арганізацыя існуе з 24 красавіка 2006 года. На сённяшні дзень у яе радах налічваецца 25 чалавек. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесій, поглядаў, думак, але іх аб’ядноўвае адно — інваліднасць па зроку. У асноўным гэта 50-60-гадовыя і больш сталага ўзросту людзі, якія атрымалі інваліднасць з-за няшчасных выпадкаў ці па прычыне хваробы.
На працягу функцыянавання арганізацыі яе ўзначальвалі Аляксандр Іванавіч Лазар, Аляксандра Уладзіміраўна Шутко, Вольга Сяргееўна Жук. З лютага 2020 года з’яўляюся яе кіраўніком, і сёлета мая праца высока ацэнена: мяне прызналі «Лепшым прадстаўніком Гродзенскай вобласці ГА «БелТІЗ» 2023 года.
— За прызнаннем Вашай штодзённай працы — уменне аб’яднаць людзей, раскрыць іх таленты і актывізаваць на цікавыя і карысныя справы. Аб чым можаце паведаць у гэтым накірунку?
— На працягу шматлікіх гадоў інваліды па зроку актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, спаборніцтвах. Хачу адзначыць нашых актывістаў: Мікалая Канстанцінавіча Друцьку, Ірыну Казіміраўну Дораш, Марыю Мікалаеўну Шыш, Антаніну Паўлаўну Гірыновіч, Людмілу Мікалаеўну Друцьку. Дарэчы, яны з’яўляюцца не толькі ўдзельнікамі, але і пераможцамі. Назаву самыя яркія сёлетнія перамогі Ірыны Казіміраўны Дораш: у рэспубліканскім анлайн-конкурсе чытачоў «Літаратурны ваяж» за верш «Твои глаза» заняла трэцяе месца, а на Гродзенскім абласным фестывалі «Сердцем видим, творим и здравствуем» з песняй «Аист на крыше» атрымала прыз сімпатый журы.
— Які клопат праяўляецца пра інвалідаў па зроку?
— У Карэліцкім раёне пытанням безбар’ернага асяроддзя ўдзяляецца вялікая ўвага. Поручні, пандусы, тактыльная накіроўваючая плітка, першая і апошнія прыступкі лесвіцы абазначаюцца яркай фарбай у найбольш наведваемых месцах для паляпшэння якасці жыцця невідушчых людзей.
— Як праходзіць месячнік «Чалавек з белым кіем»?
— З гэтай нагоды праводзяцца акцыі ў школах, магазінах, арганізоўваюцца сустрэчы з вадзіцелямі аўтобусаў і таксі. Я асабіста раздаю буклеты і праводжу гутаркі з іх прадстаўнікамі аб тым, як паводзіць сябе з інвалідамі па зроку і якую дапамогу ім аказваць у побыце.
— Чым імкнецеся зацікавіць інвалідаў па зроку?
— Інваліды па зроку могуць звярнуцца ў нашу раённую арганізацыю з заяўкай на заказ «гаворачых» гадзіннікаў, смартфонаў са спецыяльнай праграмай для людзей, якія маюць слабы зрок. Аплата — 20-25 працэнтаў ад кошту тавара.
— Ці ёсць сярод жыхароў раёна нераўнадушныя людзі, якія працягваюць руку дапамогі раённай арганізацыі БелТІЗ?
— Безумоўна. Летась спонсарскую дапамогу аказала ТАА «НВП Ніка», а ў гэтым годзе — КСУП «Лукі-Агра», ПГУП «Далекс Прод», ІП Батура Ала Паўлаўна. Шчыры дзякуй ім за аказаную дапамогу, і няхай іх справы заўсёды і ва ўсім ладзяцца.
— Якія пажаданні хацелі б выказаць чытачам раённай газеты «Полымя»?
— Наша агульная задача — не толькі ў Міжнародны дзень інвалідаў дапамагаць, а пастаянна працягваць руку дапамогі гэтым людзям, дапамагчы ўбачыць сваё шчасце — быць запатрабаваным у нашым грамадстве. Таму не праходзьце міма, дапамажыце ім, чым зможаце. Няхай гэта будзе ўсяго толькі дапамога пры пераходзе праз дарогу.
Галіна СМАЛЯНКА