На планерке у председателя: выполнение социальных стандартов и контроль за арендованными озерами

Выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў стала тэмай аператыўнай штотыднёвай нарады ў старшыні Карэліцкага райвыканкама. На 1 ліпеня 2024 года з 34 нарматываў сацыяльных стандартаў, укаранёных на тэрыторыі Карэліцкага раёна, цалкам забяспечана выкананне 31, а некаторыя нават перавыконваюцца.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, у 2003 годзе ў Беларусі пачалі ўкараняць сістэму дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. Былі распрацаваны нарматывы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя, культуры, адукацыі, сацабароне, гандлі, бытавым абслугоўванні, сувязі, на транспарце. Некалькі прыкладаў: тэмпература ў жылых дамах павінна быць не менш за 18 градусаў, на 800 дзяцей павінен быць адзін участковы педыятр, у раёне павінен быць адзін Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на адну тысячу чалавек — мінімум 600 кв. м гандлёвых плошчаў і 22 месцы ў аб’ектах грамадскага харчавання, не менш за 60% вуліц павінна быць з удасканаленым пакрыццём, а на аднаго навучэнца павінна прыходзіцца не менш за 8 кв. м агульнай плошчы ў школах. Усе нарматывы — гэта абавязковы мінімум. У шэрагу выпадкаў гэты мінімум на карысць людзей шматразова перавышаецца. Да прыкладу, мінімум выдаткаў на аднаго дашкольніка складае 2,2 тысячы рублёў у год, у Карэліцкім раёне яны складаюць 9,6 тысячы рублёў. Выдаткі на аднаго школьніка ў год плануюцца ў памеры 1,7 тыс. рублёў, у нас фактычна яны складаюць 7,8 тыс. рублёў. Перавышаюцца паказчыкі сацстандартаў у сферы гандлю і грамадскага харчавання.

— Пры тым, што ў нас выконваецца неабходны мінімум па транспартным абслугоўванні сельскага насельніцтва, трэба перафармаціраваць падыходы ў працы, — перакананы старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей. — Пажылыя людзі прыязджаюць на ФАП па медыцынскую дапамогу, а ад аўтобуснага прыпынку да дома часам трэба ісці некалькі кіламетраў. Напрыклад, шлях ад аўтастанцыі ў райцэнтры да Карэліцкай бальніцы складае больш за кіламетр. Трэба ўлічыць гэтыя аспекты ў працы, бо людзям павінна быць зручна.

Акрамя таго, кіраўнік раёна асаблівую ўвагу акцэнтаваў на якасці аказання паслуг на вёсцы: важна, каб у пагоні за колькаснымі паказчыкамі не было ўпушчана галоўнае — паляпшэнне ўзроўню жыцця людзей на вёсцы.

Разгледзелі на нарадзе і пытанне аб здачы ў арэнду водных аб’ектаў у раёне. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенія Бусько, 14 азёр знаходзяцца ў арэндзе, дзе рыбаловы-аматары могуць заняцца сваім хобі. Кожны арандатар абавязаны стварыць камфортныя ўмовы для арганізацыі платнага рыбалоўства. Аднак не ўсюды гэтыя ўмовы выконваюцца. Адно з 14 азёр і зусім знаходзіцца ў нездавальняючым стане. Без узгаднення з адпаведнымі інстанцыямі арандатар яго спусціў, і да гэтага часу яно стаіць без вады. У бліжэйшы час спецыяльная камісія выедзе на месца, каб праверыць, як выконваецца вынесенае арандатару прадпісанне па напаўненні возера. У адваротным выпадку мужчыну пагражае буйны штраф.

— Да дзяржаўнай маёмасці ў арандатараў павінна быць самае беражлівае стаўленне. Тут павінен дзейнічаць прынцып: якім узяў у карыстанне — такім і вярні, — нацэльвае кіраўнік раёна на прынцыповую працу кантралюючыя органы.

Іна ЛЕЙКА