На планерке у председателя: диспансеризация как хорошая привычка, работа службы «115»

Дыспансерызацыя павінна стаць для людзей неабходнасцю і добрай звычкай. Пра гэта сказаў на аператыўнай нарадзе старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей.

— Дзякуючы медыцынскаму агляду любы чалавек можа даведацца не толькі пра стан свайго здароўя, але і выявіць фактары рызыкі, якія могуць выклікаць захворванне, і пастарацца іх мінімізаваць або выявіць прыкметы захворвання і своечасова пачаць лячэнне, — сказаў кіраўнік раёна. — Важна, каб праходжанне дыспансерызацыі стала для нашых людзей добрай звычкай, каб яны самі ішлі ў паліклініку на агляд.

Па словах намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Карэліцкай ЦРБ Дар’і Нячай, у раёне падлягае дыспансерызацыі амаль 14 тысяч чалавек дарослага насельніцтва. З пачатку года медкамісію прайшло 49,2%. Кожнаму працуючаму прадастаўляецца адзін свабодны ад працы аплачваемы дзень для таго, каб прайсці абследаванне. Задача ж медыцыны — стварыць умовы і максімальна прыцягнуць людзей. Сёння ў раёне працуюць 7 кабінетаў дыспансерызацыі, два з якіх у гарпасёлках, яшчэ 5 на вёсцы. Для зручнасці работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў распрацоўваюцца графікі праходжання ўрачоў. Неўзабаве ў раёне з’явіцца перасовачны ФАП, які будзе курсіраваць па вёсках, дзе няма стацыянарных медпунктаў, і такім чынам медыцына стане яшчэ бліжэй да людзей. Падчас нарады дэталёва прааналізавалі ступень праходжання дыспансерызацыі работнікамі прадпрыемстваў раёна.

— Клопат пра здароўе калектыву — неад’емная частка дзейнасці любога кіраўніка, — рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Таксама на нарадзе разгледзелі, як працуе служба «115».

— Нямала зваротаў грамадзян звязана з працай службы «115», — адзначыў старшыня райвыканкама. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што пытанне арганізацыі працы адзінай дыспетчарскай службы на особым кантролі. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васілія Александрова, з пачатку года на тэлефон «115» паступіў 1401 званок, што на 44 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Большая частка заявак датычыцца стану дахаў жылых дамоў, рамонту дарог і тратуараў, расчысткі тратуараў ад снегу. Усе намаганні спецыялістаў накіраваны на тое, каб тэрміны выканання зваротаў не парушаліся.

Абмеркавалі на нарадзе і пытанне адкрыцця платнай аўтастаянкі па вуліцы Чырвонаармейскай у г.п. Мір. У дадзены момант ідзе распрацоўка праваўстанаўліваючай дакументацыі. Плануецца, што аб’ект будзе ўведзены ў строй да 1 верасня.

— Важна не проста паставіць шлагбаум, а стварыць для турыстаў камфортныя ўмовы, добраўпарадкаваць стаянку. Павінна быць месца для адпачынку пад навесам, магчымасць перакусіць з дарогі. І, самае галоўнае, трэба забяспечыць бяспеку пакінутага на стаянцы транспарту, — паставіў задачу кіраўнік раёна.

Акрамя таго, на нарадзе  абмеркавалі графік добраўпарадкавання могілак і якасці абкоскі прыпыначных пунктаў.

Іна ЛЕЙКА