Молодежь из СПК «Свитязянка-2003» приняла участие в областном турслете и делится впечатлениями

25 ліпеня ў Воранаўскім раёне стартаваў маладзёжны турзлёт Гродзенскай вобласці, у якім прынялі ўдзел 16 каманд з усяго рэгіёна.

Сёлета турзлёт Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ быў прысвечаны 80-годдзю з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці. Каманды прынялі ўдзел у шэрагу конкурсных выпрабаванняў: паласа перашкод, конкурс “Побыт турыста”, падняцце гіры, перацягванне каната, спаборніцтвы па валейболе, дартсе, рухомая гульня “Гарады”, інтэлектуальны турнір і конкурс капітанаў “Баі гімнастычнымі шарамі”. Карэліччыну на турзлёце прадстаўляла каманда СВК “Свіцязянка-2003”.

Добрай традыцыяй стала правядзенне на абласным турзлёце дыялогу “без гальштукаў” са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што падобныя сустрэчы даюць магчымасць адказаць на пытанні, якія хвалююць моладзь:

— Зносіны з моладдзю маюць вялікае значэнне, таму што моладзь — будучыня нашай краіны. Ад таго, наколькі моцна ў рабят будзе развіта пачуццё патрыятызму, як добра яны будуць падрыхтаваны да дарослага жыцця, як хутка змогуць знайсці свой шлях, залежыць будучыня Беларусі, — сказаў Уладзімір Каранік. — Мы імкнёмся стварыць усе ўмовы для гарманічнага развіцця, каб кожны чалавек змог знайсці справу па душы, якая будзе спрыяць росквіту Беларусі. Наша задача як пакаленнякіраўнікоў — падрыхтаваць і вырасціць годную змену.

Старшыня аблвыканкама размаўляў з моладдзю амаль цэлую гадзіну. Дыялог з Уладзімірам Каранікам атрымаўся вельмі змястоўным і цікавым. Падчас яго абмеркавалі пытанні захавання беларусамі гістарычнай памяці і важнасці раскрыцця раней невядомых фактаў злачынстваў фашыстаў, унікальнасці развіцця беларускай дзяржаўнасці і феномена інстытута прэзідэнцтва, будучага Беларусі.

— Калі мы захаваем адзінства ў грамадстве і сувязь паміж пакаленнямі, я ўпэўнены, што наша Беларусь будзе адзінай, развітай, незалежнай і шчаслівай. Любімай яна заўсёды была і будзе, — сказаў Уладзімір Сцяпанавіч.

Задавалі старшыні аблвыканкама і асабістыя пытанні. Напрыклад, якія месцы малой радзімы маюць для яго асаблівае значэнне.

— Я не ведаю ніводнага жыхара вобласці, які не любіў бы сваю малую радзіму. І яе сапраўды ёсць за што любіць. Але для мяне самы блізкі і родны — Мастоўскі раён, дзе ў вёсцы, на радзіме мамы, я праводзіў дзяцінства, — падзяліўся Уладзімір Каранік.

— Нягледзячы на капрызы надвор’я (два дні з трох ішоў дождж), турзлёт прайшоў на вельмі высокім узроўні, — расказвае тэхнік-тэхнолаг эколаг СВК “Свіцязянка-2003” Наталля Сіманава. — Усе ўдзельнікі нашай каманды пастараліся паказаць лепшы вынік. Так, напрыклад, Ігар Патук з КСУП “Малюшычы” стаў лепшым у конкурсе “Баі гімнастычнымі шарамі”. Хочацца адзначыць рабят з Карэліцкага РАНС, якія таксама прымалі ўдзел у турзлёце.

Адным з самых яркіх конкурсаў, па словах Наталлі, стала паласа перашкод.

— Таксама спадабаўся інтэлектуальны турнір, — кажа дзяўчына. — Пытанні ў першым туры былі звязаны з Гродзеншчынай, і арганізатары пастараліся скласці іх так, каб закрануць раёны вобласці. Такім чынам прадстаўнікі кожнага раёна даведаліся трошачкі больш пра сваіх суседзяў.

Перамогу ў абласным турзлёце атрымала каманда з Гродзенскага раёна, якая прадставіць Прынёманскі край на рэспубліканскім фестывалі “Алімпія”.

Сяргей СТОЛЯР

і па матэрыялах “Гродзенскай праўды”