Многофункциональная спортивная площадка открылась в Кореличах (+видео)


Напярэдадні галоўнага свята краіны — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — у Карэлічах быў адкрыты чарговы аб’ект спартыўнай інфраструктуры — сучасная шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка. Новая лакацыя, якая, безумоўна, стане месцам прыцягнення для ўсіх аматараў спорту і здаровага ладу жыцця, пабудавана ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па падтрымцы здароўя і спорту “Спорт для ўсіх”.

Урачыстае адкрыццё такога сучаснага і прыгожага комплексу пад адкрытым небам стала сапраўдным святам. Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця сталі старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан.

— Рэалізацыя праекта “Спорт для ўсіх” прадугледжвае будаўніцтва комплексных і камфортных пляцовак пад адкрытым небам, на якіх будзе зручна выконваць шырокі набор практыкаванняў як падлеткам, так і дарослым, у тым ліку з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, — адзначыў на адкрыцці пляцоўкі Андрэй Гардзей. — Мэта і асноўная ідэя праекта — спорт, даступны кожнаму, незалежна ад сацыяльнага статусу і фінансавых магчымасцяў.

Адкрыццё сучаснай спартыўнай пляцоўкі — гэта прыклад клопату пра здароўе нацыі, здароўе нашых будучых пакаленняў, а яшчэ гэта выдатны прыклад таго, што сумеснымі намаганням мы можам зрабіць вельмі шмат.

Вулічныя трэніроўкі — “варкаўт” — гэта адна з разнавіднасцяў масавых фізкультурных заняткаў, якая ў цяперашні час стала папулярнай ва ўсім свеце. Важнай часткай варкаўта з’яўляецца таксама пазітыўны настрой, арыентацыя на рэкламу здаровага ладу жыцця і ўцягванне ў спорт ўсіх прысутных на трэніроўках.

У 2023 годзе ў раёне адкрыта зала цяжкай атлетыкі, для актыўнага адпачынку моладзі працуюць трэнажорная і фітнес-зала.

Адкрыццё сучасных спартыўных і дзіцячых пляцовак дае магчымасць усім жадаючым з цікавасцю і азартам займацца спортам, умацоўваць сваё здароўе. Магчыма, сярод нас падрастае будучы алімпійскі чэмпіён, які праз некалькі гадоў прадставіць нашу краіну на Алімпіядзе. Бо ўсе спартыўныя дасягненні пачынаюцца з заняткаў на спартыўных пляцоўках. Я спадзяюся, што гэта паслужыць матывацыяй усяму падрастаючаму пакаленню развівацца, актыўна і з карысцю праводзіць вольны час.

У завяршэнні выступлення кіраўнік раёна выказаў шчырыя словы падзякі Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу за тое, што ў рамках акцыі “Спорт для ўсіх” такая спартыўная пляцоўка з’явілася ў Карэліцкім раёне, і ўпэўненасць у тым, што на дасягнутым мы не спынімся і працягнем далейшае ўмацаванне спартыўнай інфраструктуры, па стварэнні ўсіх неабходных умоў для развіцця масавага спорту.

Максім Малахоўскі ў пачатку свайго выступлення выказаў падзяку кіраўніцтву Карэліцкага райвыканкама за тое, што сёння ёсць магчымасць прыняць удзел у адкрыцці такой цудоўнай пляцоўкі.

— На Гродзеншчыне мы адкрылі ўжо 16 такіх пляцовак, — адзначыў Максім Малахоўскі. — Наперадзе адкрыццё яшчэ дзевяці. Спадзяюся, што спартыўныя аб’екты, падобныя на гэты, з’явяцца ў аграгарадках Карэліччыны, і ў самім пасёлку. Упэўнены, што новы спартыўны аб’ект стане цэнтарм фізічнага развіцця не толькі юных жыхароў Карэліч, але і дарослага насельніцтва райцэнтра.

Павіншаваў карэліччан з адкрыццём новай пляцоўкі і загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка, які адзначыў, што спорт заўжды быў не толькі спосабам умацаваць сваё здароўе, але і спрыяў аб’яднанню людзей.

Завяршылася цырымонія адкрыцця пляцоўкі таварыскім матчам па баскетболе паміж камандамі ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” і ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”. Па спартыўнай традыцыі запрошаным гасцям далі магчымасць першымі зрабіць сімвалічны кідок мяча ў баскетбольную карзіну.

Новы спартыўны аб’ект, безумоўна, уражвае. Пры яго будаўніцтве былі ўлічаны ўсе сучасныя патрабаванні да спартыўнага абсталявання. Гумовае пакрыццё пляцоўкі, сродкі на якое былі зароблены на раённым суботніку, выканана з захаваннем усіх неабходных тэхналогій і праслужыць не адзін дзясятак гадоў.

Шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка дае магчымасць займацца варкаўтам, дазваляе выконваць інтэрвальныя трэніроўкі, элементы трэніровак высокай інтэнсіўнасці па цяжкай атлетыцы, паўэрліфтынгу і многіх іншых відах спорту. Аб’ект абсталяваны не толькі зонай варкаўта з сучаснымі трэнажорамі і баскетбольнай пляцоўкай, але і, што немалаважна, зонай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якая дазваляе зрабіць заняткі спортам даступнымі для ўсіх і кожнага.

Новы спартыўны аб’ект прыйшоўся па густу юным карэліччанам і гасцям пасёлка. Вучаніца СШ №1 райцэнтра Дар’я Стацэвіч кажа, што з задавальненнем будзе прыходзіць сюды сама і прывядзе сваіх бацькоў:

— Мне вельмі спадабаліся лесвіцы і рукаход, — кажа дзяўчынка. — Спадзяюся, што калі пачнуцца заняткі ў школе, мы зможам прыходзіць сюды на ўроках фізкультуры.

Мінчанін Аляксей Гоўша, які прыехаў у Карэлічы да бабулі, таксама застаўся прыемна ўражаны пляцоўкай:

— Вельмі добрая пляцоўка, дзе можна прапрацаваць многія групы мышц. Асабліва прыглянуўся трэнажор для выканання жыма лёжачы. Сёння ж вечарам прыйдзем сюды з сябрамі, разагрэем мышцы. Выдатна, што з’явілася такая магчымасць прыйсці ў любы час, пазаймацца спортам.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Іны ЛЕЙКІ