Урожай ожидают хороший. Как идет уборочная в ГП «Черняховский-Агро» и «Царюка»
— Жніво — літаральна гарачая пара. Падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі пачалася яшчэ задоўга да пачатку страды. Да гэтага перыяду мы прапрацавалі вялікую колькасць пытанняў, як арганізацыйных, так і практычных. Так, сумесна з нашымі сацыяльнымі партнёрамі — мясцовай выканаўчай уладай і наймальнікамі – гаспадаркі цалкам укамплектаваны аптэчкамі і спецвопраткай. Падрыхтаваны санітарна-бытавыя памяшканні. Рэгулярна наведваемся ў сельгасарганізацыі, бо перад прафсаюзамі стаіць сур’ёзная задача – папярэдзіць любыя праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у перыяд уборачнай кампаніі. Гэта і падвоз харчавання на палі, і арганізацыя пітнога рэжыму ў спякоту, і разлік налічэнняў заработнай платы, — пракаментавала Ірына Леанідаўна.
Адначасовае паспяванне культур патрабуе ад механізатараў
адказнай і зладжанай працы
Першы прыпынак зрабілі на зернесушыльным комплексе “Вялетава” ДП ”Чарняхоўскі-Агра”. Тут нас сустрэла дырэктар гаспадаркі Наталля Дубкова. Ход уборачных работ на ўсіх участках знаходзіцца пад пільным яе наглядам.
— Уборачная кампанія ў сельгаспрадпрыемстве пачалася з уборкі азімага ячменю, які сёлета парадаваў сваёй ураджайнасцю, — пачала аповед дырэктар. — Яго клін складаў 200 гектараў. Пры вырошчванні прытрымліваліся тэхналогіі: тэрміны, апрацоўка, падкормка — усё рабілася своечасова ў аптымальным аб’ёме. І як вынік — атрыманая ўраджайнасць — 62,5 ц/га, гэта +12,5 ц/га да мінулага года. Каб не ўпусціць каштоўны час, на жніве былі задзейнічаны сем камбайнавых экіпажаў. Зараз усе намаганні кінуты на ўборку азімага рапсу. Клін алейнай культуры – 500 га. Зжата на 24 ліпеня 394 га, ураджайнасць склала 39 ц/га. На палях з гэтай культурай задзейнічаны тры камбайны. Механізатары працуюць з максімальнай нагрузкай, паскараючы ход жніва. Прыборы паказваюць 13-працэнтную вільготнасць, што гаворыць аб яго поўным паспяванні. Яшчэ трохі – і рапс можа абсыпацца. Аналагічная сітуацыя з яравым ячменем. Усе камбайны гаспадаркі зараз у палях, паколькі культуры паспелі адначасова і трэба своечасова іх убраць.
Паралельна з уборкай вядзецца і нарыхтоўка кармоў. Сёлета наша гаспадарка ў гэтым накірунку адна з лепшых. Усяго ўжо нарыхтавана 4101 тон кармоў, у тым ліку на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы 19,93 цэнтнера кармавых адзінак.
– У гэтым годзе ў гаспадарцы рапс што трэба, – адзначаюць члены аднаго з камбайнавых экіпажаў Мікалай Скіба і Валерый Шнок. – Стаіць высокай сцяной. За дзень атрымліваецца намалаціць парадку 5-6 бункераў, кожны з іх у раёне шасці тон. Жняяркі ў камбайнах абсталяваны адмысловымі прыстаўкамі. Нажы зразаюць рапс знізу і па абодва бакі расліны. Так ураджай не абсыпаецца на зямлю. Такая праца нам па душы, – заўважаюць механізатары. – Ёсць разуменне таго, што робіш важную справу не толькі для раёна, але і краіны ў цэлым, для нашых людзей.
На полі з яравой пшаніцай шчыруе на КЗС-1218 камбайнавы экіпаж Вадзіма Ракача і Андрэя Людкевіча.
– Працуем як мае быць, трэба ж убраць у сціслыя тэрміны, без страт. КЗС 1218 – добрая машына, працаваць камфортна нават у гарачае надвор’е, – гавораць аграрыі. – У поле прыязджаем, як толькі сыходзіць раса. З ёй жа вечарам і глушым камбайн. Наперадзе шмат працы. Разлік на добры ўраджай.
Адзначым, што ў гаспадарцы выкананы ўсе меры супрацьпажарнай прафілактыкі: на полі падчас уборачных работ дзяжурыць прыстасаваная для мэт пажаратушэння тэхніка.
– Рабіць прагнозы ўраджайнасці не буду, але ўпэўнена магу сказаць, што намалот сёлета павінен быць большы за леташні. Аднак адным з галоўных фактараў, які паўплывае на канчатковы вынік, будуць умовы надвор’я, – напрыканцы сустрэчы сказала Наталля Дубкова.
Калі дзень год корміць
А мы тым часам трымаем шлях у ДП “Царука”. Надвор’е 16 ліпеня паспрыяла мясцовым аграрыям і да канца рабочага дня яны завершаць уборку азімага рапсу. Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Гушчэня, рапсавы клін сёлета склаў 250 га, ураджайнасць – амаль 40 ц/га. На палях з гэтай культурай былі задзейнічаны чатыры камбайны. Пакуль праца кіпіць на рапсавым полі, аграном не спяшаецца даваць ацэнку ходу жніва. Кажа, трэба дачакацца, калі ўсё зерне на таках будзе.
– Напружаная пара наперадзе, а надвор’е прымушае сур’ёзна насцярожыцца. Мы бачым высокія паказчыкі дзённай тэмпературы, якая знаходзіцца на адзнацы 30 градусаў. Як бы гэта не наклікала бяды… Стыхійныя з’явы надвор’я: навальніцы, ураганны вецер, град часцяком узнікаюць на фоне такіх анамалій. Пасля ўборкі алейнай культуры адразу пачнём убіраць яравы ячмень. Мы разлічваем у аптымальныя срокі завяршыць жніво, а як складуцца абставіны, вядома толькі нябеснай канцылярыі.
На плячах механізатараў зараз самая адказная задача. Сямейны экіпаж Дзяніса і Віктара Буяў гэта добра ведае. Ужо пятнаццаць гадоў працуюць у гаспадарцы на камбайне на поўную выкладку: пачынаюць рапсам, а заканчваюць кукурузай. Камбайнеры кажуць, што трэба быць максімальна засяроджаным: сачыць за ўсім, як працуе тэхніка, яе трэба чуць. Каб камень не злавіць і тым самым пазбегнуць паломкі. І так без перапынку да самага абеду, які, дарэчы, таксама праходзіць у полі. На першае суп з макаронамі, на другое пюрэ і катлеты. Ну і кампот.
– Харчовая бяспека краіны заключаецца ў нашай ўборцы, у нашай працы. Усё гэта мы ўсведамляем. І стараемся, працуем, – зазначаюць механізатары.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара