О том, какой будет господдержка семей с детьми с 1 января 2025 года, рассказывает начальник управления по труду, занятости и социальной защите Кореличского райисполкома Инна Богуш
10 ліпеня былі прынятыя змены ў Закон “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Яны ўступяць у дзеянне 1 студзеня 2025 года. Ці стане падтрымка дзяржавы больш адраснай і якім для бацькоў з дзецьмі будзе сацпакет, даведаліся ў начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Богуш.
Для жанчын — рост дапамогі па цяжарнасці і родах
— Сям’я выступае найважнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, назапашвання і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцяў. Невыпадкова, што менавіта сям’я знаходзіцца ў цэнтры сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы. Прынятым законам прадугледжваецца павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па цяжарнасці і родах. Гэта тычыцца жанчын, за якіх выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія не маюць 6 месяцаў стажу (маладыя спецыялісты, жанчыны, якія толькі пачынаюць працоўную дзейнасць). Дапамога вырасце з 50% БПМ (бюджэту пражытачнага мінімуму) да 100% МЗП (мінімальнай заработнай платы) у месяц. Для тых, за каго не выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне ў бюджэт фонду, але якія маюць права на гэты від дапамогі (навучэнцы, студэнткі, жанчыны, якія праходзяць службу, жанчыны, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных), дапамога павялічыцца з 50% да 100% БПМ у месяц.
Дакумент таксама прадугледжвае павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцем для застрахаваных жанчын, якія не маюць 6 месяцаў стажу. Гэтая дапамога вырасце з 50% БПМ да 100% МЗП (па аналогіі з дапамогай па цяжарнасці і родах).
Для сем’яў — навацыі па дапамозе на дзяцей, старэйшых за 3 гады
— Заканадаўчыя навацыі датычацца і асобных катэгорый сем’яў пры прызначэнні дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады. У прыватнасці, захоўваецца права на прызначэнне такой дапамогі сем’ям з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід дасягнула ўзросту 18 гадоў, яму ўстаноўлена I група інваліднасці і адзін з бацькоў ажыццяўляе за ім догляд з атрыманнем адпаведнай дапамогі. А таксама права на прызначэнне гэтай дапамогі на дзіця, якое выхоўваецца ў сям’і маці, калі бацька дзіцяці абавязаны выплачваць аліменты, праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу.
Для бацькоў дзіцяці-інваліда — узмацненне сацпадтрымкі
— Узмацняецца сацыяльная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Так, законам прадугледжана прадастаўленне бацькам права на атрыманне ўсіх відаў дзяржаўных дапамог у перыяд кароткатэрміновага знаходжання дзіцяці-інваліда ў доме дзіцяці ў сувязі з аказаннем яму медыка-сацыяльнай дапамогі. Акрамя таго, пашыраюцца правы на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцем-інвалідам на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, калі ў сям’і некалькі дзяцей-інвалідаў. У такіх выпадках прапануецца прадастаўляць права на атрыманне дапамогі іншай асобе (не аднаму з бацькоў), калі бацька заняты доглядам за іншым сваім дзіцем-інвалідам, або двух дапамог, калі абодва дзіцяці-інваліда ў адзін перыяд маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, рэабілітацыі і іх суправаджаюць розныя асобы.
— Іна Аляксандраўна, важная тэма — мэтавае выкарыстанне дзіцячых дапамог. Якія нормы закона дапамогуць гэта забяспечыць?
— З боку дзяржавы ўзмацняецца кантроль за мэтавым выкарыстаннем дзяржаўных дапамог у дачыненні да сем’яў, дзе выяўлены выпадкі знаходжання дзяцей у неспрыяльнай для іх абстаноўцы. У прыватнасці, уведзены абавязак дзяржаўных органаў, арганізацый, якія назначаюць і выплачваюць дапамогі, прадстаўляць без згоды грамадзян інфармацыю аб атрымальніках дапамог і членах іх сем’яў па запытах устаноў адукацыі, якія праводзяць у дачыненні да такіх сем’яў сацыяльнае расследаванне, а таксама камісій па справах непаўналетніх. Прадугледжана, што выплата дапамог спыняецца з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб адабранні дзіцяці, дня прыняцця органам апекі і папячыцельства або камісіяй па справах непаўналетніх рашэння аб адабранні дзіцяці.
— Калі гаварыць пра фінансавы бок пытання, то ў колькі абыходзіцца дзяржаве падтрымка сем’яў з дзецьмі?
— Выдаткі дзяржавы значныя. Так, у Карэліцкім раёне за першы квартал бягучага года, паволе дадзеных Карэліцкага раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, на дапамогу па цяжарнасці і родах было выплачана 82,6 тысячы рублёў, у сувязі з нараджэннем дзіцяці – 63,9 тысячы рублёў, дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады з асобнай катэгорыі сем’яў, – 36,8 тысячы рублёў. Так, на 18 ліпеня 2024 года на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама стаіць 35 сем’яў. Яны атрымліваюць дапамогу на дзяцей, старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў. На дзіця-інваліда выплачваецца 70% ад БПМ (сёння гэта сума складае 293 руб. 11 кап.). На іншых дзяцей, старэйшых за тры гады, якія выхоўваюцца ў гэтых жа сем’ях, дапамога складае 50% БПМ (209 руб. 37 кап.). Сума штомесячных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, склала 556,9 тыс. рублёў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота з архіва газеты “Полымя”