В канун Дня Независимости Республики Беларусь председатель Кореличского райисполкома Андрей Гордей рассказывает о достижениях, перспективах и задачах, которые стоят перед районом

Напярэдадні Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Гардзей расказаў аб дасягненнях, перспектывах сельскай гаспадаркі і прамысловасці, развіцці будаўніцтва, турыстычнага сектара і задачах, якія стаяць перад раёнам.

– Андрэй Валер’евіч, за гады незалежнасці і суверэнітэту ў Беларусі зроблена многае для паляпшэння ўзроўню і якасці жыцця народа, у тым ліку ў Карэліцкім раёне. Дасягненні відавочныя для ўсіх, хто здольны аб’ектыўна ацэньваць рэчаіснасць. Чым ганарыцца Карэліччына і што можна лічыць галоўнымі вынікамі нашай працы за гады незалежнасці?

– У першую чаргу хачу адрасаваць словы віншаванняў жыхарам Карэліцкага раёна з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы разумеем, што суверэнітэт – гэта наш галоўны здабытак і аддаём даніну глыбокай павагі гераізму і самаадданасці абаронцаў Айчыны. Незалежнасць Рэспублікі Беларусь заснавана на заслугах пакалення пераможцаў, тых, хто, ахвяруючы сваім жыццём, заваяваў свабоду для сваёй Радзімы. Пройдзены няпросты шлях дзяржаўнага будаўніцтва, пераадолены пасляваенныя цяжкасці і нягоды, адбудаваны гарады і вёскі, краіна адрадзілася. Сёння Беларусь займае годнае месца ў міжнароднай супольнасці.

Пасля здабыцця незалежнасці Беларусь абрала шлях шматвектарнага гарманічнага развіцця, нацэлены на перспектыву. Ён цалкам адпавядаў рэаліям рэчаіснасці, засноўваўся на пераемнасці пакаленняў, захаванні і прымнажэнні нацыянальнага здабытку. Час даказаў правільнасць такога выбару. Нават ва ўмовах сучасных выклікаў краіна няўхільна рухаецца вызначаным курсам: шануе памяць герояў-вызваліцеляў, цвёрда адстойвае дзяржаўны суверэнітэт, непарушнасць каштоўнасных арыенціраў, ідэалаў і прынцыпаў. Знакавыя дасягненні ёсць ва ўсіх сферах дзейнасці, але гэта толькі частка намечаных высокіх рубяжоў. Усе нашы памкненні, спадзяванні і надзеі звязаны з далейшым мірным стваральным жыццём, якое грунтуецца на прынцыпах справядлівасці, раўнапраўя, дружбы і супрацоўніцтва.

– Якія галоўныя дасягненні і перспектывы аграпрамысловага комплексу?

– Карэліччына традыцыйна лічыцца развітым аграрным рэгіёнам з высокімі дасягненнямі ў сельскагаспадарчым сектары. За пяць папярэдніх гадоў валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павялічылася на 6,7 працэнта. За 6 месяцаў 2024 года тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 108,7% пры плане 103,1%, у тым ліку жывёлагадоўлі – 106,4%, раслінаводства – 136,7%.

Сур’ёзна мадэрнізавалася за апошняе дзесяцігоддзе малочная галіна: у рамках некалькіх дзяржаўных праграм акцэнт быў зроблены на будаўніцтва новых і рэканструкцыю дзеючых ферм, камплектаванне іх пагалоўем прадуктыўных парод. Пабудавана 3 новыя малочнатаварныя комплексы, 5 малочнатаварных ферм рэканструявана. Гэта дазволіла перавесці на сучасныя тэхналогіі 22,5% малочных кароў. У выніку за пяць гадоў вытворчасць малака ўзрасла на 14,5%, а надой ад адной каровы па выніках гэтага года павінен скласці не менш за 7624 кілаграмы.

Стабільна і ўстойліва на працягу шэрагу гадоў працуе раслінаводчы комплекс. У вытворчасці збожжа раён атрымлівае каля 110 тысяч тон штогод. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых складае 60 ц/га і перавышае сярэднеабласную на 3-5%. У бягучым годзе ёсць добрыя віды на ўраджай, таму разлічваем атрымаць не менш за 115 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур. Паспяхова складваецца сітуацыя ў вытворчасці рапсу і цукровых буракоў. Сельскагаспадарчая прадукцыя экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю, Кітайскую народную рэспубліку і іншыя краіны. Безумоўна, плануецца і далей развіваць экспартны патэнцыял сельскай гаспадаркі.

Аператар машыннага даення МТФ “Востухава” СВК “Маяк-Заполле” Ганна Марук:

—  Аператарам машыннага даення я  шчырую ў СВК “Маяк-Заполле” ўжо восем гадоў. Менавіта з нас пачынаецца першы этап малочнай вытворчасці. Кіраўніцтва гаспадаркі гэта добра разумее.  Новая МТФ “Востухава” —  цудоўная ферма, тут выдатныя ўмовы для работы. Усё, што неабходна,  знаходзіцца ў адным месцы: душавая, памяшканне, дзе можна пераапрануцца, зона для адпачынку.  У такіх умовах і працаваць весялей.  Усё чыста, прыгожа, новае абсталяванне.  Лагічна, што з увядзеннем у строй комплексу павялічылася пагалоўе і, безумоўна, надоі:  зараз надой на карову  складае  28 літраў у дзень. Сістэма простая: больш надоена якаснага малака – больш у нашым кашальку. Так, у сярэднім аператары машыннага даення ў нас атрымліваюць больш як 2600 рублёў. Работнікаў сельгаспрадпрыемства заахвочваюць выплатамі і падарункамі да свят, а жадаючыя маюць магчымасць паправіць сваё здароўе ў санаторыях Беларусі.

– Якіх поспехаў дабілася Карэліччына ў прамысловасці?

– Вынік адраджэння льняной галіны, якой у апошнія гады ў нашай краіне надаецца нямала ўвагі, бачны на прыкладзе ААТ «Карэлічы-Лён». Тут дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы 10 гадоў таму ўвялі ў строй, па сутнасці, новае прадпрыемства. «Карэлічы-Лён» дае 62% прамысловай прадукцыі раёна. За 5 месяцаў выканана 110,4% дзяржзаказу па пастаўцы доўгага льновалакна на Аршанскі льнокамбінат. З пачатку года выраблена прамысловай прадукцыі на суму 13,3 млн рублёў, або 101,3% да ўзроўню 2023 года.

Вытворчыя магутнасці Карэліцкага сырцэха дазваляюць прымаць і перапрацоўваць 100 тон сыравіны ў суткі, выпрацоўваць 1,5 тоны сыру, 2 тоны тэхнічнага казеіну, 5 тон заменнікаў цэльнага малака. Сырцэх выпускае больш за дзесяць відаў прадукцыі. У асартыментным спісе значыцца казеін, а таксама заменнік цэльнага малака для сельгасжывёл, які хоць і выпрацоўваецца ў невялікай колькасці, але карыстаецца попытам. Казеін адгружаецца на экспарт. Аднак гонар вытворчасці – гэта сыры, якія асвойваюць замежныя рынкі.

Уносяць сваю лепту ў развіццё прамысловага патэнцыялу раёна ўнітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Мірскі філіял ААТ «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод».

За 5 месяцаў 2024 года тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 101,3%.

Майстар змены ААТ «Карэлічы-Лён» Людміла Клачок:

– На льнозавод я прыйшла працаваць у 2014-м, знакавым для яго годзе, калі пачаў працаваць новы цэх па перапрацоўцы льнотрасты. Памятаю, які прыўзняты настрой панаваў на заводзе, бо аб’ём вытворчасці павялічваўся, а значыць і даходы прадпрыемства.

Шэсць гадоў працавала аператарам мяльна-трапальнага агрэгата, магла замяніць любога рабочага ў змене, а ў 2020 годзе мне прапанавалі стаць майстрам. Я адчула, што спраўлюся, бо атрымала дастаткова вопыту, і пагадзілася. Дарэчы, паўтара года таму на завод прыйшоў і мой муж Дзмітрый, працуе аператарам кацельні, усім задаволены.

Нашы людзі даражаць сваімі працоўнымі месцамі, бо заработная плата ў нас заўсёды была і застаецца добрай. Умовы для працы таксама камфортныя. Ёсць выдатная сталовая, дзе можна смачна і нядорага паабедаць. Там жа можна купіць неабходны мінімум прадуктаў дадому, каб не заязджаць у краму.

Да дзяржаўных святаў і юбілейных дат атрымліваем каштоўныя падарункі. Дзякуючы нашай прафсаюзнай арганізацыі не сумуем і на месцы не сядзім: аб’ездзілі шмат гарадоў Беларусі, наведваем канцэрты, ездзім на хакей і хварэем усім заводам за клуб «Дынама-Мінск».

– Аб узроўні жыцця ў раёне людзі шмат у чым судзяць па развіцці жыллёвага будаўніцтва. Наколькі даступна сёння жыхарам Карэліччыны жыллё?

– Жыллёвае будаўніцтва – найважнейшы прыярытэт развіцця раёна. Узровень забяспечанасці жыллём у разліку на аднаго чалавека за пяць гадоў узрос і складае 38,5 квадратных метраў. У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 4100 квадратных метраў жылля, у тым ліку 1600 квадратных метраў – з дзяржаўнай падтрымкай.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы таксама развіваецца будаўніцтва для шматдзетных сем’яў. За пяць гадоў шляхам будаўніцтва і набыцця жылля на другасным рынку навасёламі сталі 73 шматдзетныя сям’і. У бягучым годзе 26 шматдзетных сем’яў праводзяць будаўніцтва і рэканструкцыю жылых дамоў.

Кацярына Пугач, маці чацвярых дзяцей, г.п. Карэлічы:

– Сёння шматдзетныя сем’і атрымліваюць вельмі вялікую дзяржаўную падтрымку. Аператыўна вырашаецца жыллёвае пытанне, бо для нас існуе асобная чарга і льготны крэдыт на будаўніцтва жылля пад 1% гадавых на 40 гадоў. Сем’ям з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 75% ад сумы запазычанасці па такім крэдыце, а калі дзяцей чацвёра і больш, то запазычанасць дзяржавай пагашаецца цалкам. Існуе магчымасць датэрмінова скарыстацца сямейным капіталам на набыццё жылля.

Спачатку мы з мужам і дзецьмі жылі ў 3-пакаёвай кватэры, але заўсёды хацелася прастору. Мы марылі, каб дзеці маглі бегаць басанож па траве, купацца ў басейне, есці хатнія ягады і агародніну. Неўзабаве мы нагледзелі дом у райцэнтры, дыхтоўны, прасторны, як і хацелі. Узялі крэдыт пад 1% гадавых на 40 гадоў, які цалкам пагашае дзяржава, яшчэ адзін ільготны крэдыт пад 12% на 20 гадоў і сямейны капітал. І вось ужо год жывём і радуемся. Акрамя дапамогі з жыллёвым пытаннем, існуе яшчэ шэраг ільгот. Аказваецца дапамога пры падрыхтоўцы дзяцей-школьнікаў да новага навучальнага года, аплачваецца толькі палова кошту за падручнікі, бясплатнае харчаванне ў школе і 50-працэнтная зніжка на яго ў дзіцячым садзе.

Сёння вялікім сем’ям грэх скардзіцца. Узяць адны толькі дапамогі, якія выплачваюцца на працягу трох гадоў з моманту нараджэння дзіцяці. Прычым на першага мама атрымлівае 30% ад сярэдняй зарплаты па краіне, на другога і наступных – 40%. Раней такога і блізка не было. Але і самім нельга сядзець склаўшы рукі. Мы, напрыклад, трымаем невялікую хатнюю гаспадарку, саджаем агарод, я дыстанцыйна працую на паўстаўкі. Вялікая сям’я – гэта не толькі радасць, але і вялікая адказнасць.

– Вялікую ролю ў развіцці эканомікі набывае турызм. Як у раёне развіваецца турыстычны накірунак?

– У наступным годзе адзін з самых вядомых замкаў Еўропы – Мірскі –адзначае 25-годдзе з дня ўключэння аб’екта ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Турыстычная галіна развіваецца вакол гэтага гісторыка-культурнага аб’екта. Калі ў 2001 г. замак, а на той момант была адкрыта толькі адна Паўднёва-заходняя вежа, наведала крыху больш за 50 тысяч чалавек, то ў 2023 г. – больш за 340 тысяч чалавек. Сёння музей «Замкавы комплекс «Мір» – адзін з самых камерцыйна паспяховых у краіне: самаакупнасць складае каля 80%. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод музейных устаноў краіны. Але і затраты на ўтрыманне комплексу досыць істотныя. Замкавы комплекс «Мір» – наглядны прыклад паспяховага інвесціравання дзяржаўных сродкаў у гісторыка-культурную спадчыну.

Вялікая ўвага надаецца развіццю тэрыторыі комплексу. У 2023 годзе завершаны работы па рэканструкцыі вадаскіднай дамбы, побач з’явілася сезоннае кафэ. У чэрвені бягучага года музей прыступіў да новага этапу добраўпарадкавання. На тэрыторыі 5,7 га, якая размяшчаецца ў паўночна-ўсходняй частцы замкавага комплексу, з’явяцца дэкаратыўны вадаём, «італьянскі» сад і пейзажны парк.

Акрамя таго, у раёне працуе 14 аграсядзіб, палова з якіх сканцэнтравана ў Мірскім сельсавеце.

– Якія задачы стаяць перад раёнам у бліжэйшай будучыні?

– Паколькі асноўны ўклад у эканоміку Карэліцкага раёна ўносіць аграпрамысловы комплекс, то стаўка будзе зроблена на будаўніцтва новых і рэканструкцыю існуючых жывёлагадоўчых аб’ектаў.

Так, у СВК «Свіцязянка-2003» пры МТФ «Міратычы» неўзабаве пачнецца будаўніцтва двух кароўнікаў на 400 дойных кароў і даільна-малочнага блока. Аб’ект коштам 14,6 млн рублёў будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў маі 2025 года.

Сур’ёзная мадэрнізацыя праводзіцца на МТФ «Цырын» у ДП «Лукі-Агра». Пасля рэканструкцыі памяшканняў пагалоўе будзе пераведзена з прывязнага на бяспрывязнае ўтрыманне. Новы даільна-малочны блок дазволіць палепшыць умовы працы людзей і павялічыць вытворчасць малака. Ужо асвоена 68,3 тысячы рублёў.

Штогод абнаўляем каля 10 працэнтаў сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання. З пачатку гэтага года ў агульнай складанасці набылі больш за 100 адзінак тэхнікі на 5 мільёнаў рублёў. У першую чаргу гэта неабходны шлейф машын для пасяўной і кормаўборкі.

Станоўчая дынаміка развіцця і рост эканомікі дазваляюць праводзіць капітальны рамонт устаноў аховы здароўя, адукацыі, спартыўных збудаванняў, дарожна-вулічнай сеткі. Гэта значыць усяго таго, што паляпшае якасць жыцця нашага насельніцтва.

Так, у ліпені бягучага года пачнецца рамонт пешаходнай дарожкі ў парку г.п. Карэлічы ад вуліцы Паркавай да Кастрычніцкай. Старыя пешаходныя масткі праз раку Рутку будуць заменены новымі. Таршэрнае асвятленне і зручныя лаўкі нададуць парку ўтульны выгляд і, спадзяёмся, зробяць яго ўлюбёным месцам адпачынку карэліччан. Дарэчы, кошт аб’екта складае 1 млн рублёў.

Неўзабаве на тэрыторыі стадыёна «Юнацтва» з’явіцца шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка, абсталяваная 10 вулічнымі трэнажорамі. Гэта ідэальнае рашэнне для тых, хто імкнецца заўсёды заставацца ў добрай форме і атрымліваць задавальненне ад спорту.

Бачачы, якой папулярнасцю карыстаюцца дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, прынята рашэнне павялічваць іх колькасць на ўсёй тэрыторыі раёна. Ды і ў цэлым аблічча населеных пунктаў раёна будзе мяняцца ў лепшы бок дзякуючы рамонту, азеляненню і з’яўленню малых архітэктурных формаў.

Плануецца адрамантаваць дваровыя тэрыторыі па вуліцах Гагарына, 4а і Прытыцкага, 15, а таксама дарожнае палатно на вуліцы Савецкая ў райцэнтры.

Для дапамогі нашым людзям у вырашэнні кватэрнага пытання па вуліцы Арцюха ў Карэлічах нежылы будынак будзе адрэканструяваны пад жылы дом на 31 кватэру. У аграгарадку Райца пачнецца будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома.

Безумоўна, вялікая ўвага будзе нададзена падтрыманню належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Так, каб ліквідаваць другую змену ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы, вырашана задзейнічаць плошчы былога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, размешчанага ў некалькіх метрах ад яе. Такім чынам школа будзе складацца з двух будынкаў, дзе будзе камфортна вучыцца і вучыць.

Будзе прадоўжана мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў. Чакаецца паступленне ў раён перасоўнага ФАПа. У міні-бальніцы на колах урач правядзе агляд пацыентаў, зробіць электракардыяграму. Тут жа можна здаць аналізы і набыць медыкаменты. Новы медыцынскі комплекс дапаможа ахове здароўя раёна быць бліжэй да людзей, асабліва да тых, хто жыве ў аддаленых вёсках.

Узамен састарэлага і выпрацаваўшага свой рэсурс рэнтгенаўскага апарата ў адрамантаваным кабінеце Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ўстаноўлены рэнтгенаўскі дыягнастычны стацыянарны лічбавы апарат «Космас універсал». Гэта ўніверсальны апарат высокага класа на два працоўныя месцы, прызначаны для выканання рэнтгенаграфічных і рэнтгенаскапічных даследаванняў. Праз месяц ён пачне функцыянаваць.

Будзе праведзена работа па замене ліфтаў у бальніцы і паліклініцы, рамонт ФАПа ў вёсцы Асташын, а таксама рамонт, замена мэблі і сантэхнікі ў Лукскай бальніцы сястрынскага догляду і Мірскай гарпасялковай бальніцы.

У цэлым планаў па паляпшэнні ўмоў жыцця і інфраструктуры ў Карэліцкім раёне шмат. Перакананы, што нам яны па плячы, бо мы разам увасабляем іх у жыццё.

Работнікі СВК “Свіцязянка-2003” Дзмітрый  і Анастасія Волк:

— Заўсёды  з аптымізмам глядзім у будучыню і бачым яе не інакш, як у сельскай мясцовасці. Мы    працуем у адной з лепшых гаспадарак раёна. За апошнія 10 гадоў наша прадпрыемства шэсць разоў заносілі на Рэспубліканскую Дошку гонару.   Жывём  у доме, які першапачаткова выдзеліла сельгаспрадпрыемства, а зараз  мы паўнапраўныя яго гаспадары.  І дом, і прысядзібны ўчастак,  і хатняя гаспадарка для нас – задавальненне. Ужо абжыліся, але шмат яшчэ планаў па ўладкаванні ўчастка і дома.

Каб жыццё і праца на вёсцы былі прывабнымі не толькі для старажылаў, але і для моладзі, кіраўніцтва гаспадаркі  нямала ўвагі  надае будаўніцтву жылля.  Школа і дзіцячы сад у нас таксама ёсць, прычым яны не пустуюць. Мы бачым, што ў сельгаспрадпрыемства  ёсць будучае, бо тут  заўсёды клапоцяцца  пра маладое пакаленне. Будуць у гаспадарцы маладыя кадры, кваліфікаваная змена, значыць і далей “Свіцязянка-2003” будзе дасягаць высокіх вынікаў у працы, а дастатак і росквіт стануць расці як у асобных сем’ях, так і на прадпрыемстве, і ў краіне.

Шматдзетная маці  з г.п. Мір Вольга Панкрац:

—        Немалаважны фактар  паўнавартаснага жыцця — стварэнне годных умоў, развіццё сацыяльнай і культурнай сфер. Адно з месцаў, дзе гэтыя пераўтварэнні адбываюцца, — гарадскі пасёлак Мір. У мінулым годзе паліклініка перамясцілася ў будынак  Мірскай пасялковай бальніцы. Тут дастойная матэрыяльна-тэхнічная база, і можна атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

 Для мяне, як шматдзетнай маці, важна,  каб дзеці мелі магчымасць развівацца. У нашым пасёлку створаны такія ўмовы: сучасны дзіцячы сад,  цудоўная школа і педагогі, якія гатовы  свае веды праз сучаснае абсталяванне данесці да вучняў. Палепшылася і  спартыўная інфраструктура:  з’явілася сучаснае міні-футбольнае поле, у будынку былога дзіцячага сада адкрыліся секцыі па тхэквандо і тайскім боксе, якія з вялікім задавальненнем наведваюць мае дзеці.  Не так даўно пачала працаваць абсталяваная дзіцячая пляцоўка, дзе  любіць  бавіць час дзятва.

Жыхарам  г.п. Мір камфортна жыць у невялікім населеным пункце, дзе ёсць усе ўмовы для працы і годнага жыцця.

Іна ЛЕЙКА, Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтараў, Сяргея СТОЛЯРА, СБ