На планерке у председателя: подготовка учреждений образования к 1 сентября, помощь из бюджета соцсфере и борьба с должниками ЖКХ
У Карэліцкім раёне актыўна ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Устаноўка аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, касметычны рамонт памяшканняў і харчаблокаў, набыццё новага школьнага аўтобуса — гэта няпоўны спіс таго, што неабходна зрабіць да пачатку восені. Пра гэта паведамілі на аператыўнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея.
Паводле інфармацыі намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана, для ўстаноўкі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ў Жухавіцкай СШ і СШ № 2 г.п. Карэлічы прадугледжана 80 тыс. рублёў. У дадзены момант ідуць таргі па выбары падрадчыка для выканання работ у школе агр. Жухавічы. У СШ № 2 райцэнтра сігналізацыя з’явіцца ў ліпені 2025 года.
На бягучы рамонт школ затрачана амаль 60 тысяч рублёў. Набыты эмалевая фарба, свяцільнікі і лямпы, палавая дошка, керамічная і гумова-палімерная плітка, лінолеум, дзверы.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых затрачана амаль 34 тыс. рублёў. Закуплена 13 з 17 запланаваных адзінак абсталявання.
Да пачатку навучальнага года раённы школьны аўтапарк папоўніць новы аўтобус.
Асаблівая ўвага будзе нададзена добраўпарадкаванню тэрыторый устаноў адукацыі, стадыёнаў і спартыўных пляцовак. На рамонт асфальтавага пакрыцця школьных стадыёнаў у Луках і Турцы накіравана 47 тыс. рублёў. Да 1 верасня на ўсіх школьных стадыёнах з’явіцца відэаназіранне.
Маштабныя работы праводзяцца ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра. Плануецца, што з 1 верасня тут будзе ліквідавана другая змена. Для гэтага будзе задзейнічаны суседні будынак, які раней займаў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тут размесціцца кабінет тэхнічнай працы для хлопчыкаў, два кабінеты абслугоўваючай працы для дзяўчынак, у якіх будуць функцыянаваць швейная майстэрня і кухня. Акрамя таго, у будынак былога Цэнтра перамесцяцца бібліятэка, кабінеты псіхолага і сацыяльнага педагога, школьны музей. У памяшканні школы будуць вучыцца ўсе класы, ад другіх да адзінаццатага.
Дах Лукскай сярэдняй школы, які пацярпеў падчас урагану 13 ліпеня, будзе адноўлены да 1 верасня.
На сёння гатоўнасць устаноў адукацыі складае 64%.
— Рамонтныя работы ў школе — гэта залог камфорту, зручнасці і бяспекі нашых навучэнцаў і педагогаў, — сказаў Андрэй Гардзей. — Акрамя гэтага, стварэнне такой базы дазваляе дзецям атрымліваць якасную адукацыю, паказваць высокія вынікі і поспехі ў вучобе. Усе работы будуць зроблены ў тэрмін. 1 верасня нашых навучэнцаў сустрэнуць сцены родных школ, якія за лета сталі яшчэ больш камфортнымі, утульнымі і зручнымі.
Дэталёва разгледзелі на нарадзе і парадак асваення фінансаў, выдзеленых з раённага бюджэту на развіццё сацыяльнай сферы. Так, сферы адукацыі накіравана 21 тыс. рублёў. Ужо набыта машына ачысткі караняплодаў для школы ў г.п. Мір. У планах набыццё піяніна ў СШ № 2 райцэнтра і халадзільнай шафы ў СШ № 1.
Значныя фінансавыя сродкі накіраваны на развіццё сістэмы аховы здароўя. На капітальны рамонт рэнтгенкабінета Карэліцкай паліклінікі затрачана больш за 320 тысяч рублёў. У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы мадэрнізавана сістэма пажарнай сігналізацыі на суму 265 тыс. рублёў. На замену ліфтаў у паліклініцы і бальніцы будзе накіравана 450 тыс. рублёў.
Немалыя змены чакаюць і сферу культуры. Так, у Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці з’явіцца святлодыёдны экран коштам 230 тыс. рублёў. Акрамя таго, будуць набыты новыя музычныя інструменты на суму 20 тыс. рублёў.
На аператыўнай нарадзе таксама заслухалі механізм работы РУП ЖКГ з даўжнікамі за жыллёва-камунальныя паслугі. Пісьмы з напамінаннем унесці аплату высылаюцца кіраўніцтву арганізацыі, дзе працуюць нядобрасумленныя плацельшчыкі. Таксама ў работу ўключаюцца супрацоўнікі міліцыі, якія ўручаюць такія напамінанні або шукаюць даўжнікоў.
Іна ЛЕЙКА