У СВК «Жухавічы» адзначылі «Зажынкі»

5 ліпеня на тэрыторыі мехмастэрань сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы» як ніколі шматлюдна. Тут сабраліся ўдзельнікі жніва, спецыялісты гаспадаркі, госці, каб адзначыць адно з галоўных святаў хлебароба — “Зажынкі”.

Па традыцыі першы сноп уручаецца старшыні СВК «Жухавічы» Дзмітрыю Янкоўскаму. Кіраўнік гаспадаркі старанна яго падкідвае: чым вышэй падкіне, тым большага ўраджаю трэба чакаць.

У сваю чаргу Дзмітрый Дмітрыевіч называе гэты дзень урачыстым, а наперадзе хлебаробаў чакае ўборка ўраджаю. Зроблена вялікая і карпатлівая работа, з пастаўленымі задачамі яны паспяхова справіліся, засталося толькі папрацаваць на славу, каб убраць збожжавыя з палёў.

Прамоўца адзначыў, што калектыў маладзее, удзельнікі жніва добра разумеюць усю адказнасць даручанай справы. Пажадаў усім моцнага здароўя, падтрымліваць калег па працы, убраць вырашчаны ўраджай без страт. «Самае дарагое — людзі. Беражыце сябе, і каб вас заўсёды чакалі дома», — сказаў Дзмітрый Янкоўскі.

Ведучы размову аб развіцці сацыяльнага партнёрства, старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская адзначыла, што прафсаюзы робяць усё магчымае для дабрабыту працаўнікоў палёў. «Мы заўсёды падтрымліваем працоўныя заслугі ўдзельнікаў жніва, падрыхтавалі ўзнагароды і прэміі пераможцам», —сказала Ірына Леанідаўна і пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, поспехаў.

Вялікая роля ў гэтай важнай справе належыць агранамічнай службе гаспадаркі. Галоўны аграном Андрэй Бараноўскі паведаміў, што хлебаробы гаспадаркі працавалі на вынік, і зроблена нямала. На палях вырашчаны добры ўраджай, трэба ўбраць 2000 га збожжавых і 600 га рапсу. Пажадаў ўдзельнікам жніва, каб тэхніка не падводзіла ў полі, і іх праца дала добры плён, як для сельгаскааператыва, так і іх сем’яў.

Трыццаць восем гадоў таму прыйшоў працаваць у гаспадарку сённяшні галоўны інжынер Васілій Казлоўскі. Яму давялося працаваць яшчэ з бацькамі маладых хлебаробаў, якім сёлета давядзецца шчыраваць на калгасных палетках. Выказаў спадзяванне, што сярод іх шмат будучых перадавікоў, і яны збяруць добры ўраджай.

Настаяцель царквы Ражства Іаана Прадцечы, айцец Ігар благаславіў удзельнікаў уборачнай кампаніі на моцнае здароўе і добры ўраджай. Прачытаў малітву на добрыя справы і асвяціў тэхніку.

    

Права адправіць камбайны ў поле прадаставілі гаспадару жухавіцкіх жытнёвых палёў, старшыні гаспадаркі Дзмітрыю Янкоўскаму, які ў чарговы раз пажадаў землякам  усіх зямных даброт.

На працягу ўрачыстасці неслі радасць і настрой мясцовыя работнікі культуры. Яны жадалі хлебаробам і гасцям свята цяпла і міру, духмянага хлеба і вялікага шчасця. Гучалі шчырыя словы і любімыя песні ў іх выкананні ад усёй душы. Свята атрымалася добрым і пакінула след у сэрцы ўдзельнікаў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ