Участники республиканского велопробега в честь 80-летия освобождения Беларуси и 40-летия Собора Белорусских святых прибыли на Кореличчину
8 ліпеня ў Брэсце пачаўся рэспубліканскі веласіпедны прабег, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 40-годдзю ўстанаўлення Сабора Беларускіх святых.
Адпраўным пунктам маршруту памяці стала легендарная цытадэль Брэсцкай крэпасці, якая першай прыняла на сябе ўдар нацыстаў. Удзельнікі велапрабегу на працягу шасці дзён пераадолеюць больш чым 500 кіламетраў па Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, наведаюць памятныя месцы Вялікай Айчыннай вайны ў больш чым 40 населеных пунктах.
Удзельнікі прабегу пабывалі і на Карэліччыне. У сераду, 10 ліпеня, калону веласіпедыстаў у аграгарадку Цырын сустрэлі галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Мікалай Лук’яненка і загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка. Калона праследавала ў г.п. Мір праз аграгарадок Жухавічы. 11 ліпеня ў 8 гадзін раніцы ў Міры каля брацкай магілы адбудзецца мітынг у памяць аб ахвярах вайны.
Арганізатар велапрабегу, старшыня камісіі спорту і турызму Брэсцкай епархіі, іерэй Міхаіл Мандрык падкрэсліў, што для кожнага ўдзельніка гэта не проста спартыўнае мерапрыемства, а сімвал павагі да гісторыі і нашых герояў:
-Мы святкуем 80-ю гадавіну вызвалення нашай краіны. Дзякуем нашым дзядам і прадзедам за падораную свабоду. Мы ніколі не павінны забываць, якой неймавернай цаной далася гэтая вялікая Перамога. Тое, што мы сёння сабраліся ўсе разам, сведчыць: мы заўсёды будзем памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму, хто аднаўляў яе ў пасляваенны час і імкнуўся зрабіць усё магчымае для шчаслівага жыцця будучых пакаленняў. Удзел у гэтым мерапрыемстве паслужыць чарговым знакам памяці нашым воінам, якія выстаялі і перамаглі ў страшнай вайне.
-Прыемна, што прабег стартаваў ад святыні Брэстчыны, ад Брэсцкай крэпасці. Думаю, што кожнаму з яго ўдзельнікаў гэта надало дадатковых сіл, каб мы годна змаглі, памятаючы пра нашых дзядоў, прадзедаў, зрабіць свой прабег. На шляху мы спыняемся ў значных месцах памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, дзе праходзяць вельмі важныя мерапрыемствы з удзелам моладзі, ветэранаў, грамадскасці рэгіёнаў. Праехаўшы ўжо частку шляху, мы адчулі на сабе дух гісторыі і зразумелі, як важна берагчы і перадаваць памяць пра подзвіг нашых продкаў.
Мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы продкі многае аддалі дзеля гэтага светлага дня і незалежнасці Беларусі. Цяперашняе пакаленне памятае гераічны подзвіг дзядоў і прадзедаў, шануе іх мужнасць і ганарыцца імі. Мы жывыя і жывыя нашы героі тады, калі пра іх памятаюць. Наш абавязак — памятаць, ушаноўваць загінулых і жывых, захаваць у стагоддзях гэты подзвіг, дзякуючы якому мы сёння жывём пад мірным небам, — сказала Вольга Мандрык.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара