От рассвета до заката: как в КСУП «Птицефабрика «Красноармейская» идет жатва

У разгары жніво — гарачая пара для хлебаробаў, калі важная кожная хвіліна. Перад аграрыямі стаіць вельмі важная задача — своечасова сабраць і захаваць ураджай, памножыць агульны каравай.

На полі, што знаходзіцца каля пасёлка Мір, кіпіць праца. Тут убіраюць азімую пшаніцу. Галоўны аграном КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Аляксандр Русецкі расказвае, што азімыя культуры традыцыйна даюць добры ўраджай:

— Сеяць азімыя больш выгадна і зручна, і ўраджайнасць у іх вышэйшая, чым у яравых. Асабліва гэта тычыцца азімага рапсу. Сёлета ён вельмі добра перазімаваў, мы яго своечасова падкармілі і атрымалі ўраджайнасць 34,2 ц/га. Няхай гэта не самы высокі паказчык у раёне, але мы стараемся рабіць усё, што ў нашых сілах, каб павысіць ураджайнасць.

Па словах галоўнага агранома, зараз на прадпрыемстве клапоцяцца пра новы ўраджай — нарыхтоўваюць угнаенні. Не забываюцца аграрыі і пра нарыхтоўку кармоў. Завершаны другі ўкос траваў, убрана 826 га, нарыхтавана 6339 т сенажу і 160 т сена. Усяго нарыхтавана 9,49 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. Аляксандр Русецкі кажа, што ў бліжэйшы час пачнецца трэці ўкос, калі будуць нарыхтоўваць сянаж з люцэрны.

Недалёка спыняецца камбайн КЗС-1218. За рулём — механізатар Аляксей Крэнь. Мужчына расказвае, што на гэтым тыдні споўніўся год, як ён атрымаў новую тэхніку:

Аляксей Крэнь

— Добрая якасць работы і працаваць на ім вельмі зручна. Кандыцыянер, бартавы камп’ютар — усё выдатна функцыянуе  і спрыяе добраму выніку.

Дарэчы, Аляксей Міхайлавіч у ліку перадавікоў. На 25 чэрвеня механізатар намалаціў 932 тоны зерня з улікам рапсу.

Не любіць хваліцца поспехамі і Андрэй Цвірко, які на камбайне Лексіён-560 намалаціў 724 тоны зерня. У гэтым годзе ў мужчыны 33-я ўборка.

Механізатар КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Андрэй Цвірко

— 8 гадоў працаваў памочнікам, а потым сеў за руль камбайна самастойна, — расказвае Андрэй Васільевіч. — На гэтым агрэгаце ўжо пятнаццаты сезон. Тэхніка не падводзіць. А калі камбайн працуе, як гадзіннік, і надвор’е паспрыяе, то, думаю, і аплата будзе адпаведнай.

Галоўны эканаміст КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Андрэй Руперт кажа, што ў гаспадарцы стараюцца заахвоціць механізатараў на добрую працу:

— Механізатар за дзень на жніве атрымлівае ў сярэднім да 300 рублёў. За ўборачную кампанію можна зарабіць да 10 тысяч рублёў. Памочнікі камбайнераў атрымліваюць 70% ад таго, што налічваецца камбайнерам. На палі двойчы на дзень прывозяць гарачую ежу. Механізатары працуюць з 8 раніцы да 8 вечара, але калі застаецца некалькі гектараў поля, то затрымліваюцца і да 9-10 вечара.

Пытаюся ў эканаміста пра заахвочванні для тысячнікаў. Андрэй Сяргеевіч кажа, што пакуль узнагароды толькі прафсаюзныя, але рыхтуюцца падарункі і на прадпрыемстве.

Накіроўваюся на мехмайстэрні ў г.п. Мір. Тут сустракаю механізатара-перадавіка Мікалая Пілецкага, які на трактары Джон Дзір СА4 перавёз 1039 тон збожжа. Пакуль трактар стаіць на рамонце.

Мікалай Пілецкі

— Тэхніка, скажу я вам, выдатная, — кажа механізатар. — Але нестандартныя дэталі, таму рамантаваць складана. А так — цаны ёй няма. Утульная кабіна, каробка-аўтамат.

Мікалай працуе ў гаспадарцы ўжо 40 гадоў. Пачынаў на аўтамабілі ГАЗ-53, потым сеў за руль “Беларуса”, а 18 гадоў таму перасеў на Джон Дзір.

— Працаваць можна на любой тэхніцы, галоўнае — яе даглядаць. Калі трактар ці машына ў руках дбайнага гаспадара, яна будзе працаваць дзесяцігоддзямі, па знешнім выглядзе яе цяжка будзе адрозніць ад новай.

Згаджаецца з гэтай думкай і вадзіцель Мікалай Касцюк.

Мікалай Касцюк

— Работа падабаецца, іначай не працаваў бы, — кажа мужчына. — Многае залежыць ад тэхнікі, але яшчэ больш ад таго, хто ёй кіруе.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара