В г.п. Мир открылся туристический информационный центр (+видео)


Напярэдадні галоўнага рэспубліканскага свята – Дня Незалежнасці – у г.п. Мір ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі турыстычны інфармацыйны цэнтр. Новы аб’ект знаходзіцца на плошчы 17 Верасня, 3.

У нашай краіне турызм адыгрывае значную ролю ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту, стварэнні дадатковых працоўных месцаў, выступае каталізатарам сацыяльна-эканамічнага развіцця. Менавіта таму ў Гродзенскай вобласці рэалізуецца пілотны праект па стварэнні турыстычных інфармацыйных цэнтраў, у якіх вядзецца распрацоўка канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту.

 

На адкрыцці цэнтра выступіў намеснік  старшыні райвыканкама Яўген Чычкан, які адзначыў, што Карэліччына мае багаты турыстычны патэнцыял: свае традыцыі, сваю гісторыю, свае гісторыка-культурныя каштоўнасці.  І невыпадкова, што ўстанова з’явілася менавіта ў  гэтым невялікім гарадскім пасёлку, які мае надзвычай багатую гісторыю. Сімвалічна і тое, што турцэнтр адкрываецца ў юбілейны год вызвалення гэтага населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Новы аб’ект – сімвал таго, што наша краіна развіваецца і  гатова да супрацоўніцтва з любым кутком свету для  стварэння  і развіцця.  Мы хочам, каб грамадзяне нашай краіны і замежныя турысты па вартасці ацанілі каларыт Карэліцкай зямлі.

Гарадскі пасёлак Мір ужо даўно лічыцца месцам прыцягнення турыстаў. Цэнтру прыйдзецца шмат працаваць, каб не толькі прыняць турыста, але і зразумець яго, каб мець зваротную сувязь.

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта  Максім Малахоўскі  пажадаў паспяховай працы турыстычнаму інфармацыйнаму цэнтру.

-З мая 2021 года ў вобласці пачаў рэалізацыю пілотны праект “Сістэма турысцка-інфармацыйных цэнтраў і паўнавартасных пунктаў турысцкай інфармацыі”, – патлумачыў Максім Уладзіміравіч. – Галоўная мэта праекта – стварэнне сеткі турысцка-інфармацыйных цэнтраў ва ўсіх раёнах вобласці, якія маюць аднолькавыя мэты, задачы і функцыі, накіраваныя на фарміраванне адзінай рэгіянальнай палітыкі ў сферы турызму. Сёння ў рэгіёне мы адкрываем ужо дванаццаты турцэнтр.  Спадзяюся, што дзякуючы  рабоце  цэнтра турысты  будуць ведаць не толькі пра Мірскі замак, але  і пра іншыя турыстычныя аб’екты Карэліччыны.

Кіраўнік  Цэнтра Караліна Анісенка падзялілася   планамі па прасоўванні турыстычнага прадукту Карэліцкага раёна.

Права перарэзаць чырвоную стужку каля ўваходу ў турыстычны інфармацыйны цэнтр пад апладысменты ўдзельнікаў мерапрыемства  было прадастаўлена  Яўгену Чычкану, Максіму Малахоўскаму  і Караліне Анісенка.

Удзельнікі цырымоніі наведалі памяшканне турыстычнага цэнтра, пазнаёміліся з інфармацыйнымі матэрыяламі.

Нумары мастацкай самадзейнасці  падарылі ўдзельнікам урачыстасці работнікі Жухавіцкага Дома культуры.

Жыхарка г.п. Мір Наталля Квач лічыць:

-Турыстычны цэнтр у нашым пасёлку створаны не на пустым месцы, ужо ёсць шмат інфармацыйных матэрыялаў. Але гэтую працу трэба працягваць і развіваць, бо г.п. Мір знаходзіцца на перасячэнні трох абласцей, а адкрыццё турцэнтра   дазволіць у поўнай меры  актывізаваць турыстычны патэнцыял усяго нашага рэгіёна.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Відэа Яраславы МАНКЕВІЧ