Продавец магазина «Родны кут» Светлана Слаута: «Ты даришь покупателю улыбку, а он тебя благодарит»

Прафесія гандлёвага работніка — адна з запатрабаваных у грамадстве. Пакупнікі разам з таварам атрымліваюць добрую ўсмешку прадаўца, а ў адказ гавораць «вялікі дзякуй» за ветлівае абслугоўванне. І гэта найвышэйшая ўзнагарода.

Шлях у прафесію

Святлана Мікалаеўна родам з вёскі Ліпнікі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыла Ганцавіцкае СПТВ-157 па спецыяльнасці «повар 4-га разраду». Працавала загадчыкам сталовай у вёсцы Гарадок Маладзечанскага аб’яднання грамадскага харчавання Мінскай вобласці. Завочна закончыла Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці «тэхнолаг».

Выйшла замуж і пераехала ў вёску Ярэмічы па месцы працы абранніка жыцця. Спачатку была загадчыкам сталовай калгаса імя Царука. Калі ў гаспадарцы вырашылі адкрыць  ўласны магазін, перайшла на працу прадаўцом.

Магазін быў то калгасным, то прыватным, але Святлана Мікалаеўна заставалася нязменным прадаўцом на працягу шматлікіх гадоў. Затым прыняла рашэнне перайсці на працу ў Карэліцкі філіял Гродзенскага спажывецкага таварыства.

— Я гандаль люблю, гэта маё, нават у гараскопе сказана, што я прыроджаны прадавец. Мне прыемна мець зносіны з людзьмі. Няма такога чалавека, які б не падзякаваў за ветлівае абслугоўванне, — прызнаецца Святлана Мікалаеўна Слаута і дадае, што гэта стымулюе ў працы, узнімае настрой, расце жаданне дарыць радасць.

Дарагі сэрцу куточак

— Ярэмічы сталі роднымі, тут жыву больш, чым на радзіме — трыццаць шэсць гадоў, — прадаўжае жанчына. — У аграгарадку добразычлівыя і працавітыя людзі. З дачнікамі знаходжу агульную мову — і яны становяцца пастаяннымі пакупнікамі і добрымі сябрамі. Месцазнаходжанне міні-маркета «Родны кут» выбрана вельмі ўдалае: у самым цэнтры Ярэміч, насупраць размешчана мясцовая царква.

Святлане Мікалаеўне ў радасць навакольнае асяроддзе — аб такіх мясцінах можна толькі марыць. Ціхае і спакойнае месца, усё патанае ў зеляніне дрэў. Недалёка цячэ рака Нёман, празрыстыя воды якой радуюць вочы і ўскалыхваюць сэрца, і тут можна адпачыць душой. Для яе гэта дарагі сэрцу куточак.

Гандлёвы работнік нагадала аб тым, што ў мінулыя гады выконвала па тры-чатыры даведзеныя заданні — шмат было  пакупнікоў. Цяпер таксама стараецца справіцца з планам і задаволіць попыт ярэміччан на неабходныя тавары. У асартыменце — мяса птушкі і свініна, каўбасныя вырабы, свежамарожаная рыба, малочная і хлебабулачная прадукцыя, бакалея, розныя напоі, а сярод тавараў прамысловай групы: мыючыя сродкі, парфюмерыя, посуд і іншыя тавары.

Сям’я — апора  і падтрымка

Трыццаць сем гадоў крочаць па жыццёвай дарозе разам Святлана Мікалаеўна і Анатолій Фёдаравіч Слаута з аграгарадка Ярэмічы.

— Сям’я наша моцная, — гаворыць субяседніца. — Пажаніліся 1 мая 1987 года, а ў 1989 атрымалі кватэру ў дзвюхпавярхоўцы. Жывём у згодзе і ладзе. Сям’я — апора і падтрымка. Муж добры і надзейны, на яго можна пакласціся ў любой жыццёвай сітуацыі. Зараз на заслужаным адпачынку і дапамагае ў дамашніх клопатах.

Дзеці вызначыліся ў жыцці. Дачка Ірына жыве ў горадзе Мінску, яна сацыяльны педагог. Сын Дзмітрый працуе ў сталіцы ў прыватнай фірме.

Радуюць бабулю і дзядулю ўнукі Станіслаў, Уладзіслаў, Міраслаў.

— Самае галоўнае, каб быў мір на зямлі, а дзеці і ўнукі былі здаровыя, — адзначыла Святлана Мікалаеўна і пажадала зямных даброт усім пакупнікам міні-маркета «Родны кут» аграгарадка Ярэмічы і жыхарам Прынёманскага краю.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА