Капитан внутренней службы Кореличского РОЧС Дмитрий Шанько: «Для меня важно помогать людям и быть полезным своему государству»

Пажарны – гэта адна з тых прафесій, якая, пачынаючы з дзіцячых гадоў, выклікае вялікую павагу і заслужаную пашану. І гэта нядзіўна, бо  прафесія небяспечная  і патрабуе вялікага пачуцця адказнасці і высакароднасці. Кожны дзень яны сутыкаюцца з маўклівым ворагам, народжаным у выніку стыхійнага бедства або парушэння правілаў бяспекі. Сёння служачыя  доблеснай прафесіі кругласутачна стаяць на варце барацьбы з агнём,  прыроднымі стыхіямі  і катаклізмамі. Не кожны адважыцца служыць тут.

 Адзін з іх – капітан унутранай службы Карэліцкага РАНС Дзмітрый Шанько.  Родам ён з Навагрудчыны.  У органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях служыць ужо амаль 24 гады.  Калегі характарызуюць таварыша па службе як аднаго з лепшых спецыялістаў, які добрасумленна выконвае свае абавязкі, а  за смеласць, рашучасць і вытрымку  між сабой называюць выратавальніка “наша восьмае цуда свету”.

У аддзел па надзвычайных сітуацыях перайшоў пасля заканчэння службы па кантракце ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Свой шлях у МНС пачынаў будучы вадзіцелем пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў вёсцы Валеўка. У 2013 годзе скончыў Камандна-інжынерны інстытут (цяпер – Універсітэт грамадзянскай абароны) Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Праз два гады быў назначаны на пасаду начальніка каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У 2018 годзе перайшоў на службу  ў Карэліцкі РАНС.

Чым больш небяспечная служба, тым яна больш карысная і каштоўная для грамадства. Тыя, хто падвяргае небяспецы сваё жыццё і ратуе жыцці іншых, здзяйсняюць гераічныя ўчынкі кожны раз, калі гарыць агонь, калі падчас стыхіі людзям неабходна дапамога.  Я спытала ў суразмоўцы: «Які пажар Вам больш за ўсё запомніўся?»

– Па сутнасці кожны пажар на ўсё жыццё застаецца ў сэрцы таго, хто пабываў на ім. Бо гэта вялікі боль. Гэта разбурэнне, гібель, часам, смерць. Ты павінен быць моцным, каб яго не адчуваць і не засмучацца. Гэта велізарная нагрузка на псіхіку чалавека, і не кожны яе вытрымлівае. Таму  пажарныя імкнуцца не ўспамінаць пра сваю працу ў  вольны  ад яе час.

Месца для подзвігу не аднойчы  знаходзілася  ў жыцці  Дзмітрыя Іванавіча. Ён на асабістым прыкладзе даказаў:  нават у пазаслужбовы час выратавальнік заўсёды застаецца выратавальнікам. За мужнасць і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні службовага абавязку,  Дзмітрый Іванавіч быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь “За адзнаку” II ступені.

–  Гэта было ў  чэрвені 2015 года ў вольны ад нясення службы час, – расказвае пажарны. — Быў у гасцях у сяброў. Выйшаўшы на балкон,  заўважыў дым з акна на трэцім паверсе суседняга пад’езда. Не губляючы ні хвіліны,  паведаміў аб тым, што здарылася калегам, а сам пабег на дапамогу.

Гарэла трохпакаёвая кватэра жылога пяціпавярховіка. Па словах суседкі, унутры маглі быць людзі. Дзверы кватэры былі зачыненыя, таму іх прыйшлося выбіць. У задымленым памяшканні на падлозе ў калідоры ўбачыў  без прытомнасці жанчыну, вынес яе на свежае паветра і аказаў першую дапамогу. Гэта не адзіны выпадак.  За гады службы ў РАНС давялося выратаваць дзясяткі жыццяў.

Я ніколі  не пашкадаваў, што сваё жыццё прысвяціў  гэтай высакароднай  прафесіі, таму што я люблю дапамагаць людзям і быць карысным сваёй дзяржаве. Для супрацоўнікаў супрацьпажарнай службы кожнае выратаванае жыццё прыносіць вялікую радасць, – дзеліцца Дзмітрый.

У працы  вопытнага выратавальніка больш за ўсё натхняе магчымасць праявіць стойкасць характару і дапамагчы тым, хто трапіў у бяду, і не важна,  хто гэта:  ці то чалавек, ці то жывёла або птушка. Пажарны – нялёгкая работа: ён павінен быць вынослівым, мець высокі ўзровень прафесійнай і фізічнай падрыхтоўкі. Не кожны здольны  з гэтым справіцца. Дзмітрый жа можа пахваліцца добрай фізічнай формай. У вольны ад працы час ён любіць пагуляць у футбол, захапляецца лёгкай атлетыкай і лыжнымі гонкамі. Дарэчы, у апошніх двух відах спорту  станавіўся прызёрам абласных спаборніцтваў.  А яшчэ ў вольны ад службы час з вялікім задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі і вопытам  з навучэнцамі Навагрудскага каледжа тэхналогіі і бяспекі, працуючы там  выкладчыкам.

Дамачадцы шчыра ганарацца галавой  сям’і. І вераць, што ён заўсёды будзе вяртацца з любога пажару да іх здаровым.

Што характэрна, гледзячы на Дзмітрыя Іванавіча,  няўзброеным вокам відаць, што ён шчаслівы чалавек. Спакойны, упэўнены ў правільнасці і напоўненасці свайго жыццёвага шляху чалавек. Ён  знайшоў сябе ў любімай службе і  ў сям’і.  У гэтым і заключаецца сапраўднае  шчасце  чалавека.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара