Шматдзетная сям’я Радзівіновіч з Карэліч з гонарам гаворыць: «Мы з Беларусі!»
Кожны чалавек не раз задаваўся пытаннем, што такое шчасце? Для кагосьці яно ў любімай працы, хтосьці марыць быць знакамітым… А шчасце шматдзетнай мамы Вікторыі Радзівіновіч заключаецца ў любімай сям’і – клапатлівым мужы Уладзіміры і трох цудоўных дачушках.
Сужэнцы нарадзіліся і выраслі ў г.п. Карэлічы. Тут у 2007 годзе стварылі сям’ю, пабудавалі дом. Вікторыя працуе сакратаром прыёмнай кіраўніка у ДП “Племзавод Карэлічы”. Уладзімір – аператар ачышчальных збудаванняў Карэліцкага РУП ЖКГ.
На пытанне, што такое для чалавека сям’я, яны аднагалосна адказалі, што гэта слова, якое зразумела ўсім. Яно з першых імгненняў жыцця побач з кожным з іх. Сям’я – гэта дом, тата і мама, блізкія людзі, агульныя клопаты, радасці і справы. А галоўнае – гэта любоў і шчасце, тыл і падмурак, на якім будуецца ўсё жыццё. Усе мы нараджаемся ў сям’і, а вырастаючы, ствараем сваю ўласную. Маладыя бацькі лічаць, што ў нашай краіне заўсёды надавалася вялікая ўвага павышэнню статусу інстытута сям’і, мацярынства, умацаванню сямейных каштоўнасцяў. Абарона і пашырэнне правоў сям’і гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, “Аб правах дзіцяці”, кодэксам “Аб шлюбе і сям’і” і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі. А шматдзетныя сем’і ў нашай краіне маюць асаблівую падтрымку.
– Ажаніўшыся, мы заўсёды марылі аб уласным доме, куды можна было б запрасіць сваякоў і сяброў, актыўна праводзіць час з нашымі дзяўчынкамі, – дзеліцца Вікторыя. – Таму, калі наша сям’я ў 2019 годдзе набыла статус шматдзетнай, мы аформілі сямейны капітал і вырашылі выкарыстаць яго на будаўніцтва жылля датэрмінова. Безумоўна, у будаўніцтва мы ўклалі шмат уласных сродкаў, нам дапамагалі нашы бацькі. Калі ж сама “каробка” была гатовая, заняліся ўнутраным рамонтам, на што і выкарысталі сямейны капітал. Усе ўнутраныя работы дома выконвалі сваімі сіламі, за паўтара года змаглі пераехаць ва ўласны дом, які з дня ў дзень стараемся зрабіць больш утульным.
З трапятаннем успамінае пра знаёмства з мужам Вікторыя Аляксандраўна. Гаворыць, што ўбачыла ў юнаку самае галоўнае – далікатнае і ўважлівае стаўленне да жанчыны. Гэтым ён яе і падкупіў. І яна не пралічылася – сёння ў іх з Уладзімірам вялікая і дружная сям’я, у якой выхоўваецца трое выдатных дзяцей і свой дом.
Першынцу сям’і Радзівіновіч – старэйшай дачцэ Мілане – ужо 15 гадоў. Дзяўчынка вельмі актыўная, цікавіцца спортам, займалася біятлонам. Нават у школу алімпійскага рэзерву запрашалі, але яна адмовілася. Мара яе дзяцінства – стаць урачом. Не будзе лішнім сказаць, што яна – незаменная маміна памочніца. Другую дачку Вікторыі і Уладзіміра завуць Дар’я. У свае 8 гадоў дзяўчынка вельмі творчая, заўсёды генеруе новыя ідэі. Нават калі чымсьці вельмі занятая, яна адкладзе ўсе свае справы і з радасцю дапаможа сям’і. Малодшай дачушцы Валерыі ужо 5 гадоў. Яна дапытлівая, актыўная і добрая, хутка засвойвае інфармацыю, умее дасціпна пажартаваць.
Гледзячы на Вікторыю Аляксандраўну, зусім і не падумаеш, што гэта пяшчотная і далікатная жанчына нарадзіла траіх дзяцей. Яе выдаюць толькі шчаслівыя вочы і ўсмешка на твары, калі яна расказвае пра перамогі і дасягненнях сваіх любімых дзетак.
За магчымасць мець такую дружную, моцную, вялікую сям’ю і кожны дзень адчуваць радасць мацярынства Вікторыя ўдзячна свайму мужу Уладзіміру Аляксандравічу. Захавальніца сямейнага ачага прызналася, што, калі б яна не адчувала яго падтрымку, апору і моцнае мужчынскае плячо побач, магчыма, не адважылася б нарадзіць траіх дзяцей.
– У ім ёсць усе якасці, якія павінны прысутнічаць у сапраўдным мужчыне, – дзеліцца Вікторыя. – Ён нават калі вельмі стомлены, усё роўна імкнецца быць клапатлівым і ўважлівым бацькам дачушак-прыгажунь.
– Мая жонка – цудоўны прыклад для нашых дзяўчынак. Яна не проста прыгожая і адукаваная, але і добрая гаспадыня, – расказвае пра сваю абранніцу Уладзімір. – У доме заўсёды ўтульна, чыста, ёсць карысная і смачная ежа. Разам мы стараемся стаць для нашых дзяцей эталонам сямейнага жыцця, бо гледзячы на нас яны будуць будаваць сваю будучыню. За гады сумеснага жыцця мы навучыліся адзін аднаму саступаць, ведаем, дзе трэба памаўчаць, дзе лепш пагадзіцца. Я лічу, што ў аснове сям’і заўсёды ляжыць падтрымка, узаемапаразуменне, павага. У нашай сям’і ўсё гэта ёсць.
Сужэнцы з гонарам расказваюць пра сваю сям’ю. Сваімі сіламі яны пабудавалі цудоўны дом – сваю крэпасць, у якой пануюць любоў, мір і павага адзін да аднаго, чутны звонкі дзіцячы смех.
– Сёння мы з гонарам гаворым: “Мы з Рэспублікі Беларусь”. Гэта сацыяльная дзяржава для дзяцей і, вядома, бацькоў. Тут кожны можа рэалізаваць сябе ў любой сферы. Зрабілі выбар на карысць сельскай гаспадаркі і камунальнай службы. У нас гэта атрымліваецца. Мы заўсёды наказваем сваім дзецям, каб любілі і заставаліся вернымі сваёй Радзіме – і ўсё складзецца ў асабістым жыцці, а ў нашай сінявокай Беларусі будзе цудоўная будучыня, – заключылі суразмоўцы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны ЛЕЙКІ