К 30-летию института президентства. Как живет агрогородок Райца

Развіццё сельскіх тэрыторый, якія разам з гарадамі адыгрываюць немалаважную ролю ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і захаванні культурнай спадчыны Беларусі, застаецца адной з ключавых тэм на працягу многіх гадоў. Гэта заўсёды комплексны працэс, які патрабуе намаганняў як з боку органаў улады, у тым ліку мясцовага кіравання і самакіравання, так і з боку грамадзянскай супольнасці. Як паказвае практыка, пры такім паспяховым узаемадзеянні пасёлкі гарадскога тыпу, аграгарадкі і нават невялікія вёскі могуць стаць прывабнымі для жыцця.

Паказальны прыклад

 Аграгарадок Райца — адзін з яркіх прыкладаў, які дэманструе эфектыўнасць і перспектыўнасць  захавання дзяржаўных стандартаў, а таксама  стратэгічнага развіцця сельскай тэрыторыі.

Вёска Райца атрымала статус аграгарадка ў 2010 годзе. Гэта паслужыла стартам для развіцця. Будаўніцтва дамоў, добраўпарадкаванне і асфальтаванне вуліц, газ, водазабеспячэнне, іншая неабходная інфраструктура – стварыліся якасна новыя ўмовы жыцця ў сельскай мясцовасці. І сёння можна сцвярджаць:  аграгарадок Райца  адпавядае свайму статусу. У гэтым перакананы і  выконваючы абавязкі старшыні  Райцаўскага сельскага   Савета Валерый Богуш.

—  Новы статус населенага пункта, несумненна, прынёс станоўчыя перамены ў жыцці мясцовых жыхароў. Працэс па стварэнні камфортных умоў вяскоўцаў працягваецца і сёння. Перспектыўная сучасная базавая гаспадарка СВК “Свіцязянка-2003” — патэнцыял для далейшага развіцця. На сёння насельніцтва   аграгарадка — 427 чалавек.  З іх дзецей да 15 гадоў – 97, працаздольнага насельніцтва – 254, стрэйшых працаздольнага ўзросту – 76.  Гэта, вядома, менш, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму, але тут робіцца ўсё,  каб зберагчы і прымножыць, заўважыць яго прырост. Школа, дзіцячы сад,  амбулаторыя, Дом культуры, паштовае  аддзяленне, усе выгоды і прыродны газ  у дамах —  усё даступна і запатрабавана. А вось і такі штрых: працуюць  прыватная і   кааператыўная харчовыя крамы. Хутка адчыніць дзверы і магазін, які належыць гаспадарцы.

Барацьба з адтокам насельніцтва з сельскай мясцовасці па-ранейшаму застаецца актуальнай задачай. Для прыцягнення маладых спецыялістаў і захавання працоўных рэсурсаў важна ствараць добрыя ўмовы для годнага жыцця і працы ў сельскай мясцовасці. Гэты пастулат даўно ў прыярытэце кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі    СВК “Свіцязянка-2003”.   Нямала   зроблена па добраўпарадкаванні аграгарадка,  невялікіх населеных пунктаў, развіцці інфраструктуры, культурных і адукацыйных рэсурсаў.

Тут практыкуюць розныя метады, якія спрыяюць паляпшэнню якасці жыцця насельніцтва. Укладваюцца дастаткова сур’ёзныя грашовыя сродкі для таго, каб прывесці ў належны выгляд тыя ці іншыя аб’екты, каб усё годна функцыянавала. Так,  да прыкладу, праз фінансаванне сельгаспрадпрыемства ў аграгарадку была пабудавана дзіцячая пляцоўка.  Каб жыццё і праца на вёсцы былі прывабнымі не толькі для старажылаў, але і для моладзі, нямала ўвагі  надаецца ўзвядзенню жылля.

Заўсёды трэба будаваць планы на перспектыву. Бо тыя, хто працуе сёння, не маладзеюць. Таму ў мясцовай  школе створаны профільныя аграрныя класы, а тым юнакам і дзяўчатам, якія працягваюць вучобу па мэтавым накіраванні ад гаспадаркі, выплачваецца стыпендыя. Зразумела, не ўсе застануцца працаваць на вёсцы, але, калі стварыць умовы для пражывання і працы, мясцовая моладзь задумаецца, ці варта з’язджаць з родных месцаў, а тыя, хто прыехаў працаваць па размеркаванні, прыжывуцца ў райчанскім  краі. Нікому не сакрэт, калі ёсць у гаспадарцы маладыя кадры, кваліфікаваная змена, значыць  і далей “Свіцязянка-2003” будзе дасягаць высокіх вынікаў у працы, а дастатак і росквіт стануць расці як у асобных сем’ях, так і на прадпрыемстве, і ў краіне. Хутка ў гаспадарцы пачнецца будаўніцтва дванаццацікватэрнага дома і сучаснай малочна-таварнай фермы.

– На маю думку,  аграгарадок  Райца адзін з самых вядомых населеных пунктаў раёна. Ён прывабны перш за ўсё тым, што тут можна працаўладкавацца,  атрымліваць годную заработную плату, — падзялілася мясцовая жыхарка Ганна Галак. — І ўсё, што тут  ствараецца сёння, што намечана на перспектыву, — для мясцовых жыхароў. Сродкі, якія кіраўніцтва СВК  укладвае і ў вытворчую, і ў сацыяльную сферы, закліканы забяспечыць вяскоўцам надзею на камфортнае жыццё. У нас шмат моладзі, а значыць, ёсць і будучыня.

Навядзенне парадку на зямлі

— Аблічча сельскіх населеных пунктаў шмат у чым залежыць ад таго, як даглядаюць  домаўладанні і прылеглую да іх тэрыторыю ўладальнікі і спадчыннікі, якім дамы перайшлі ва ўласнасць ад родных і блізкіх. Хтосьці з іх жыве паблізу ад апусцелага жылля, а хтосьці прыязджае сюды з іншых населеных пунктаў, — расказвае Валерый Богуш. – Час ад часу некаторым  даводзіцца нагадваць аб неабходнасці прывесці ў парадак і жылы дом, і прылеглую да яго тэрыторыю.  Прымаюцца адпаведныя  меры па зносе  пабудоў, якія не маюць гаспадароў. Так,   рашэннем  суда Карэліцкага раёна адзін з дамоў аграгарадка ўжо перададзены сельскаму Савету і прынята рашэнне аб яго зносе. Акрамя працы па скарачэнні пустуючага і састарэлага жылля, асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў. У навядзенні парадку і ўборцы тэрыторый прымаюць удзел самі жыхары: аказваюць садзейнічанне ва ўборцы сухой расліннасці і лістоты, высадцы кветак, ствараюць цікавыя малыя архітэктурныя формы.

Сярод такіх аматараў прыгажосці  Аксана і Мікалай Карпейчыкі, якія жывуць   і працуюць  у сельгаспрадпрыемстве больш дваццаці гадоў. У 2004-м  маладая сям’я атрымала  добраўпарадкаваны дом, а зараз яны паўнапраўныя яго гаспадары.

– Добраўпарадкаваць двор сваімі рукамі не так ужо складана, для гэтага дастаткова мець жаданне ствараць прыгажосць,  праявіць крыху фантазіі ды  вольны час, якога вяскоўцам у гарачую пару так не стае, – гаворыць Аксана Аляксандраўна, праводзячы экскурсію па сваім двары.

Профіль здароўя

Адным з важных сацыяльных стандартаў сучаснага аграгарадка з’яўляецца медустанова. Даступнае, якаснае і своечасовае медыцынскае абслугоўванне ў аграгарадку Райца забяспечвае Райцаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Будынак амбулаторыі патанае ў квецені, вакол чысціня і парадак – што ўжо стварае атмасферу надзейнасці і прафесійнага падыходу да ўсяго.

Абноўленыя кабінеты прыёму ўрача, дыспансерызацыі  і здаровага дзіцяці, працэдурны, стаматалагічны  маюць неабходнае абсталяванне.  Працуюць палаты дзённага стацыянара. У штаце амбулаторыі ёсць урачы  агульнай практыкі. Яны  аказваюць экстраную і неадкладную дапамогу, праводзяць лячэнне і назіранне пацыентаў у амбулаторыі і на даму, абслугоўваюць выклікі хуткай медыцынскай дапамогі, ажыццяўляюць патранаж дзяцей на замацаванай тэрыторыі, праводзяць дыспансерныя агляды насельніцтва. Медыцынскім абслугоўваннем ахоплены  і жыхары самых аддаленых вёсак.

У тэму

– У нашай амбулаторыі ёсць усё неабходнае, тут цёпла, светла і ўтульна, – дае сваю ацэнку Крысціна Пунтус, жыхарка аграгарадка Райца. — Людзям прыемна прыходзіць у медустанову яшчэ і таму, што  тут працуюць не толькі цудоўныя  спецыялісты, але і вельмі добрыя людзі. Мікалай і Марына Клімко ведаюць кожнага жыхара і іх праблемы са здароўем. Раяць, рэкамендуюць, кантралююць. Яны заўсёды побач,  гатовы дапамагчы і справай, і словам, што таксама вельмі важна. Нашай амбулаторыяй мы задаволеныя. З ёй мы адчуваем сябе больш упэўнена. Ёсць куды звярнуцца па дапамогу.

 Па веды —  у школу

У грамадстве ёсць меркаванне, што ў гарадскіх школах узровень адукацыі вышэйшы, але  часам невялікія  сельскія даказваюць, што гэта  стэрэатып.

Свой кірунак трымаю ў Райцаўскую сярэднюю школу імя У. А. Галавача. Дзякуючы бескарыслівай і упартай працы ўсяго педагагічнага калектыву на працягу доўгіх гадоў школа змянілася. Былыя вучні зараз прыводзяць сюды  сваіх дзяцей, каб даць ім годную і сучасную адукацыю. На сённяшні дзень яна налічвае 109 вучняў і 39 дашкольнікаў. Установа адукацыі  пастаянна развіваецца і ідзе ў нагу з часам. Педагогі заўсёды ставяць перад сабой новыя важныя мэты і задачы: падрыхтаваць дзяцей да жыцця ў сучасным адкрытым інфармацыйным грамадстве, навучыць іх вучыцца, выхаваць грамадзян сваёй вялікай краіны і проста добрых людзей, якія шануюць сяброўства, якія ўмеюць клапаціцца пра блізкіх.

У  школе створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны вучань мог атрымаць якасную адукацыю.  Вучні і настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах, алімпіядах і праектах, становяцца прызёрамі і лаўрэатамі.

– Школа ганарыцца сваімі вучнямі. Рабяты прымаюць удзел у алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах. Выпускнікі ўстановы сталі  канкурэнтаздольнымі падчас уступнай кампаніі. Сёлета  тры выпускнікі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым два  – на бюджэтную форму навучання. Два вучні сталі студэнтамі сярэднеспецыяльных устаноў, – падзяліўся  дырэктар Пётр Буляк.

Вёска – гэта падмурак нашай краіны, жытніца і карміцелька ўсяго насельніцтва Беларусі. Органы  мясцовага кіравання і самакіравання Райцаўскага сельвыканкама,  кіраўніцтва гаспадаркі   добра ўсведамляюць, што жыццё ў аграгарадку праз 5-10 гадоў   залежыць і ад іх. Вось і імкнуцца рабіць усё магчымае для камфортнага жыцця сельскіх жыхароў.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Сказана

Прэзідэнт Беларусі

Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

—  Развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна працягвацца. Праведзена каласальная работа, і ідэя іх стварэння матэрыялізавалася амаль у 1500 населеных пунктах. Створаны якасна новыя ўмовы жыцця ў сельскай мясцовасці. Прыгожыя катэджы на месцы струхлелых дамоў, дагледжаныя падворкі, заасфальтаваныя вуліцы, газ, водазабеспячэнне, іншая неабходная інфраструктура – гэта стала прыцягваць тысячы людзей, якія любяць сваю зямлю і гатовы працаваць на ёй, ствараць сем’і і гадаваць дзяцей.

Падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, 28 студзеня 2022 года