Чым здзівіла свята вёскі ў Красным Цырынскага сельсавета
Назва вёскі Краснае паходзіць ад слова «краснае», што значыць «прыгожае месца». У старажытнасці наваколле было прыгожым: з аднаго боку быў лес, з другога адкрываўся маляўнічы краявід на раку Сэрвач і даліну.
Галоўным і паважаным чалавекам у вёсцы з’яўляецца яе стараста, як гаспадар у хаце, Марыя Іосіфаўна Слінько. На свяце ёй выказалі словы ўдзячнасці за грамадскую працу і спадзяванне на тое, што далей будуць працаваць на карысць вёскі і яе жыхароў.
«Жыццё пражыць — не поле перайсці» — гавораць у народзе. Была ўшанавана і самая старэйшая жыхарка вёскі Краснае Марыя Уладзіміраўна Лежань. «Няхай пад сонейкам шчаслівы бег да ста гадоў працягнецца Ваш век», — прагучала пажаданне ў яе адрас.
Вёска жыве, і яна будзе жыць, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Не забыліся адзначыць у гэты дзень і самых маленькіх жыхароў: Максіма Герасімовіча, Кірыла Шуляка, Дзмітрыя Таўлуя, якім зычылі поспехаў у вучобе, і каб яны раслі сапраўднымі грамадзянамі і абаронцамі сваёй Радзімы.
У Красным жыве шмат працавітых людзей, якія добра ведаюць усе зямныя таямніцы. Адзначаны Зінаіда Вікенцьеўна Кулак, якая ўнесла значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і ўзнагароджана Ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, а таксама Людміла Уладзіміраўна Шэйман, Марыя Аляксандраўна Велька, Данута Міхайлаўна Лукашэвіч. Сёння іх традыцыі працягвае Аляксандр Міхайлавіч Хамянюк, які быў адзначаны гаспадаркай як лепшы аператар машыннага даення.
На свяце ўшанаваны юбіляры Мікалай Мікалаевіч Слінько, Іван Мікалаевіч Лукашэвіч, Валянціна Сцяпанаўна Мохань і вяскоўцы, якія нарадзіліся ў жніўні: Таццяна Аркадзьеўна Чамбровіч, Вольга Леанідаўна Якімашка, Вячаслаў Анатольевіч Бялоў.
Больш сарака гадоў крочаць па жыцці разам Мікалай Мікалаевіч і Марыя Іосіфаўна Слінько, Вячаслаў Уладзіміравіч і Ірына Іванаўна Шамкаловіч. Больш за трыццаць гадоў пражылі разам Міхаіл Іванавіч і Зінаіда Аляксандраўна Наумовіч, Аляксандр Іванавіч і Жанна Іванаўна Карнялюк. «Здароўя без лекаў, дабра і спакою ў сям’і, доўгага веку!» — пажадалі землякам на свяце.
Сапраўды, няма нічога на зямлі прыгажэй спраў людскіх. Пра гэта добра ведае сям’я Сяргея Уладзіміравіча і Наталлі Іванаўны Шуляк, якія ў вёсцы маюць самую вялікую асабістую гаспадарку і ўдала спраўляюцца з ёю. Рупліўцам пажадалі толькі прыросту і дастатку.
Жыхары вёскі ўпрыгожваюць свае двары кветнікамі, адлюстроўваючы назву «Краснае». Самыя яркія з іх знаходзяцца на падворках: дом № 1а (Слінько М. М. і Слінько М. І.), дом № 4 (Пацко І. І. і Пацко Т. І.), дом № 15 (Чамбровіч Т. А.), дом № 26 (Шамкаловіч В. У. і Шамкаловіч І. І.)
На свяце былі адзначаны і гаспадары, якія маюць добраўпарадкаваныя прыдамавыя тэрыторыі, і іх дамы ўпрыгожваюць вёску: дом № 10а, гаспадары Бяловы Вячаслаў Анатольевіч і Алена Уладзіміраўна, дом № 17, гаспадар Мельнік Мікалай Іванавіч, дом № 41, гаспадары якога прыязджаюць у вёску на сезонны перыяд.
Падзяліць радасць свята вёскі была запрошана і Наталля Аляксееўна Лежань, якая вярнулася ў бацькоўскую хату, жыве тут і вядзе гаспадарку. Дом зноў набыў сваіх гаспадароў і новае жыццё.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА