Работнікі аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама і метадычнага кабінета далучыліся да акцыі «Збяром дзяцей у школу!»
Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч наведала дзяржаўную ўстанову адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» і сустрэлася з настаўнікам працоўнага навучання Дзмітрыем Іванавічам Нарбутовічам, бацькам семярых дзяцей. Яна ўручыла два падарачныя сертыфікаты. За іх шматдзетная сям’я зможа набыць неабходныя рэчы да новага навучальнага года.
Як патлумачыла Ірына Валер’еўна, супрацоўнікі аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама і метадычнага кабінета таксама вырашылі далучыцца да акцыі «Збяром дзяцей у школу!» і сабралі грашовыя сродкі на гэтыя мэты. Была выбрана шматдзетная сям’я, бацька якой працуе ў галіне адукацыі раёна. Такіх, дарэчы, у педагагічнай сферы тры.
«Я з радасцю ўручаю сертыфікаты і ўсведамляю, якая вялікая адказнасць кладзецца на шматдзетныя сем’і. Поруч з клопатам дзяржавы пры падрыхтоўцы шматдзетных сем’яў да школы хочацца ўнесці свой уклад у скарбонку сям’і», — адзначыла кіраўнік галіны адукацыі раёна.
Знаёмімся бліжэй з Дзмітрыем Іванавічам Нарбутовічам: настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 райцэнтра, ва ўстанове працуе сем гадоў, у галіне адукацыі — трынаццаць. «Я прывіваю дзецям любоў да працы. Яны розныя, у кожным ёсць свае таленты, і я стараюся іх раскрыць», — гаворыць педагог.
У сям’і Дзмітрыя Іванавіча і Жанны Уладзіміраўны выхоўваецца 7 дзяцей. Старэйшаму Уладзіславу 24 гады, а малодшаму Арсенію — 9. У новым навучальным годзе чацвёра дзяцей з сям’і Нарбутовіч пойдуць вучыцца ў сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы: Эвеліна і Руфіна — у 6 клас, Самуіл — у 5, Арсеній — у 3.
— Да школы ўжо падрыхтаваліся, — прадаўжае Дзмітрый Іванавіч. — Увага і падтрымка работнікаў аддзела адукацыі райвыканкама таксама аказаліся дарэчы. Вялікі ім дзякуй за дапамогу. Мы купім дзецям канцылярскія прылады да 1 верасня.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ