Обед с доставкой в поле. Посмотрели, как питаются комбайнеры в СПК «Маяк-Заполье»

Пакуль беларускія атлеты змагаюцца за медалі ў Парыжы, на палях механізатары ўдзельнічаюць у сваіх спаборніцтвах, мэта якіх — якасна і ў тэрмін сабраць ураджай. У гэтыя дні яны шчыруюць ад світанку да заходу сонца, спыняючыся толькі для таго, каб падсілкавацца. Карэспандэнт “Полымя” пазнаёміўся з тымі, хто корміць механізатараў, і даведацца, які ён на смак, хлеб аграрыяў.

З дзяцінства застаўся прыемны ўспамін: дзядуля вяртаецца з поля, дзе ён працаваў на старэнькай “Ніве”, і дастае з торбы акрайчык “зайчыкавага хлеба”. Праз гады разумееш, што тая скарыначка, якая прапахла полем і пылам, усё, што засталося ад яго “ссабойкі”, але хлеб той быў смачнейшым ласункам. Тады перакусы яму збірала бабуля. Цяпер жа механізатараў кормяць свежым комплексным абедам са сталовай і дастаўляюць у поле ў тэрмасах.

На кухні сталовай СВК “Маяк-Заполле” прыемна пахне. Хутка пачнецца загрузка тэрмасаў у машыны. Знаёмлюся з загадчыкам сталовай Вольгай Раковіч.

— У калектыве працуе адзін повар, тры раздатчыцы і адна пасудамыйшчыца, — расказвае Вольга Леанідаўна. — На працягу ўсяго года, акрамя зімы, мы гатуем не менш за 90 абедаў і каля 40 вячэр. А ў час пасяўной і ўборачнай кампаній колькасць абедаў павялічваецца да 120, а вячэр да 70.

Сталовая ў аграгарадку Краснае працуе ўжо 11 гадоў. Раней механізатарам гатавалі абеды на мехмайстэрнях у Паланой.

— Сёння ў меню суп гарохавы, катлета, макароны, салянка з агародніны з грыбамі і кампот, — працягвае Вольга Раковіч. — На вячэру будзем гатаваць каўбаскі дамашнія, пюрэ з бульбы, у дадатак агурок ці памідор і булачка. Меню мяняецца кожны дзень, стараемся, каб у нашых хлопцаў было разнастайнае харчаванне.

Пакуль размаўляем, раздатчыцы рыхтуюць кантэйнеры. Заўважаю на стале індывідуальны кантэйнер. Вольга Леанідаўна кажа, што летам гэтыя кантэйнеры не бяруць. Іх пара надыходзіць падчас уборкі буракоў:

— У кантэйнеры — асобныя тэрмасы для першага і другога, кантэйнер для салата, тэрмас для гарбаты. Сама пластыкавая скрыня выкарыстоўваецца як індывідуальны столік — механізатары могуць паабедаць прама ў трактары, паставіўшы яго на калені. Калі пачынаецца ўборка буракоў, мы выкарыстоўваем каля 20 такіх скрыняў.

У 11 гадзін пачынаецца загрузка тэрмасаў, бутэлек з вадой (кожнаму механізатару выдаюць па літровай бутэльцы) і слоікаў з сокам у машыны, якія адразу ж выязджаюць у поле. Бываюць выпадкі, калі раздатчыцы вяртаюцца а палове пятай, калі пачынаецца загрузка вячэры. Ежа механізатарам дастаўляецца на трох аўтамабілях, 2 працуюць увесь час, трэцяя — у перыяд асноўных палявых работ: пасяўной і ўборачнай кампаній.

Цікаўлюся коштам. Абед — 80 капеек, вячэра — 45. Па словах загадчыцы сталовай, гэта самыя танныя расцэнкі па ўсім раёне.

— Мясную прадукцыю замаўляем у Слоніме. Хлеб, масла і смятана — навагрудскія, гародніну і пітную ваду  набываем у Карэліцкім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства, — кажа Вольга Леанідаўна. — Раней гародніну куплялі ў Жухавічах, але ехаць далёка. Карэлічы тут, побач, а каштуе аднолькава. Шмат не купляем, бо памяшкання для захоўвання няма. Але ёсць вялікі асобны халадзільнік.

Час у дарогу. Едзем на поле каля вёскі Руціца. Механізатары спыняюць свае камбайны каля машыны, дзе завіхаецца раздатчыца Алена Меляняка. Жанчына хутка разлівае па талерках суп, бо ведае, што для хлебаробаў важная кожная хвіліна. Яна шчыруе ў “Маяку” больш за дваццаць гадоў. Кажа, што стараецца, каб хлопцам усё падабалася.

— Пакуль ідзе ўборачная, на кухні, як кажуць, да перамогі — пакуль не вымыем посуд, дадому не ідзём, — кажа Алена Мікалаеўна.

Сярод механізатараў заўважаю вадзіцеля Ярэміцкага пажарнага выратавальнага паста Карэліцкага РАНС Віктара Лейку, які дапамагае маякоўцам убіраць ураджай. Выратавальнік працуе тут памочнікам камбайнера ў тандэме са сваім бацькам Валерыем Мікалаевічам.

— Што тычыцца харчавання, мне ўсё падабаецца, — кажа Віктар. — Кормяць смачна, а галоўнае — сытна.

Доўга пагутарыць з механізатарамі не атрымліваецца, даядаюць і разбягаюцца па камбайнах. На рахунку кожная хвіліна: маякоўцам яшчэ трэба ўбраць каля 15 працэнтаў збожжавых культур.

— У сельгаспрадпрыемствах Карэліччыны працуюць 9 сталовых, — расказвае старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. — У калектыўных дагаворах прадпрыемстваў прадугледжана зніжэнне кошту харчавання ў час пасяўной і ўборачнай кампаній і ворыва. Работнікі, якія задзейнічаны ў гэтых працэсах, плацяць ад 9 да 25% ад поўнага кошту абедаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара