Как в деревне Хлюпичи справляются с последствиями грозового фронта

Надвор’е працягвае выпрабоўваць карэліччан на трываласць. Прайшло крыху больш за месяц пасля ўрагану, які нарабіў бяды ў Лукскім сельсавеце, а ноччу 22 жніўня стыхія прайшлася па вёсцы Хлюпічы Мірскага сельсавета. У выніку начной навальніцы населены пункт быў абясточаны, а многія хаты і гаспадарчыя пабудовы засталіся без даху.

— У выніку буры пацярпелі 19 дамоў. У кагосьці сарвала шыфер, у двух дамах пашкоджаны франтоны, — расказаў старшыня Мірскага сельвыканкама Аляксандр Маркевіч. — Моцны вецер паваліў 15 апор лініі электраперадач, вёска засталалася без электрычнасці. Аператыўна прыехалі выратавальнікі, работнікі Карэліцкага раёна электрасетак, Мірскага лясніцтва, якія дапамаглі ў ліквідацыі наступстваў стыхіі, распілавалі паваленыя дрэвы. Дапамаглі тэхнікай КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” і Карэліцкае РУП ЖКГ. Электраэнергія была адноўлена ў гэты ж дзень. Пацярпелым ад стыхіі прывезлі шыфер, які, па рашэнні старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея, раздадзены бясплатна. На сённяшні дзень людзі атрымалі 309 лістоў шыферу, але патрэбна болей. Неабходны матэрыял будзе дастаўлены пазней. Некаторыя жыхары ўжо паспелі зрабіць рамонт даху за свой кошт.

— Адбылося ўсё а палове другой ночы. Вельмі моцна грукатаў гром, — успамінае жыхар в. Хлюпічы Уладзімір Кісель. — Дождж быў такі моцны, здавалася, над нашай хатай нехта выліў цыстэрну вады. Выйшаў на вуліцу праверыць, што здарылася, а над галавой усё гудзе.

— У нас цагляны дом з моцнымі сценамі, але я адчувала, як яны трасуцца, — дадае жонка Уладзіміра Уладзіміравіча Галіна Васільеўна. — У нас сарвала дах, заліло падвясную столь, яна апусцілася да самай падлогі, столькі вады было. Заліло падлогу, дываны, мэблю.

Дахі на хаце і сельскагаспадарчых пабудовах сям’я Кісель аднавіла з дапамогай дзяцей, сваімі сіламі. Шыфер набылі ў Баранавічах і аператыўна яго замянілі.

Карэліччанка Ала Касцюк, якая ў тую ноч была ў бацькоўскай хаце ў Хлюпічах, гаворыць, што ні разу ў сваім жыцці не бачыла такой непагадзі:

— Каля дзвюх гадзін ночы пачалася вялікая навальніца. Такое гудзенне стаяла, трэск, зрабілася страшна. Вецер ірваў дах. Доўжылася ўсё каля дзесяці хвілін. Потым спакойна стала, дожджык лагодны пайшоў. Выйшла на надворак, наўкола смецце, кавалкі шыферу, галіны дрэў.

На хаце жанчыны сарвала палову даху. Ала Уладзіміраўна ўдзячна ўсім, хто прыйшоў на дапамогу:

— Прыехалі выратавальнікі з Карэліцкага РАНС, хутка накрылі дах плёнкай, дапамаглі. Старшыня райвыканкама быў, казаў, што дапамогуць, у бядзе не пакінуць. І вось сёння прыехала брыгада будаўнікоў, рамантуюць дах. Шыфер нам прадаставілі бясплатна.

Будаўнікі, якія мяняюць шыфер на доме Алы Уладзіміраўны, працуюць па дамоўленасці са страхавым агенцтвам. У такім выпадку пацярпелыя не будуць аплочваць работу брыгады, гэтую суму пагасіць “Белдзяржстрах”.

— Да канца гэтага тыдня работы па аднаўленні пашкоджаных дахаў будуць завершаны, — запэўнілі ў сельвыканкаме.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара