Журналист газеты «Полымя» побывала в социально опасных семьях Турецкого сельсовета
Падчас чарговай адпрацоўкі Турэцкага сельсавета члены рэйдавай групы наведалі сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Для работнікаў аддзела адукацыі райвыканкама і супрацоўнікаў праваахоўных органаў гэта справа кожнага дня, і яны добра валодаюць становішчам у сем’ях. Для журналіста гісторыі некаторых сем’яў заслугоўваюць таго, каб іх напісалі, і гэта можа стаць урокам для іншых.
Аб ладзе ў сям’і
Што патрэбна для шчасця ў сям’і? Каханне, разуменне, давер… Калі ж сям’я моцная, у ёй часам не задумваюцца над значэннем такіх, здавалася б, простых ісцін. Але ж, здараецца, што спакой у сям’і парушаецца, і тады сужэнцы імкнуцца знайсці шляхі яе выратавання.
Гэтую сям’ю можна назваць моцнай, у ёй для шчасця ёсць усё неабходнае: прыгожы прэзідэнцкі домік, які шматдзетная сям’я атрымала шмат гадоў таму; вялікае жаданне працаваць — бацькі маюць асноўную працу. Галоўным скарбам тут з’яўляюцца дзеці: малодшыя дочкі збіраюцца ісці ў пяты і сёмы класы, 15-гадовая паступіла ў каледж.
Вось бы бацькам радавацца жыццю… Дык не, трэба маці і бацьку сварыцца, і рабіць гэта на вачах у дзяцей. Скажыце, дробязь, чаго ў сям’і не бывае. Адразу паспрачаюся: слова мае вялікую сілу, можа і выратаваць, і пакрыўдзіць. Да таго ж сваркі адбываюцца на вачах у падлеткаў. А раптам, гэтыя жыццёвыя ўрокі дочкі пазней возьмуць у свае сем’і? Гаспадар не лічыць гэты канфлікт чымсьці сур’ёзным. Аднак выпадак прыцягнуў увагу грамадскасці, і зараз у сям’ю наведваюцца правяраючыя. Бацькі павінны задумацца і знайсці адказы на гэтыя пытанні. Для сваіх дзяцей яны з’яўляюцца прыкладам і павінны дарыць ім усю любоў сваіх сэрцаў.
Аб бабулінай ласцы
Існуе меркаванне, што бабулі любяць сваіх унукаў мацней, чым дзяцей. У гэтым давялося пераканацца не аднойчы. У дадзеным выпадку бабуліна ласка, так бы мовіць, велізарных памераў. Амаль шэсць гадоў таму яна была прызнана апекуном дзвюх унучак пасля таго, як нявестку пазбавілі бацькоўскіх правоў. За гэты прамежак часу старэйшая ўжо стала паўналетняй, а бабуля выхоўвае другую 13-гадовую ўнучку. Маці прадаўжае жыць у гэтым населеным пункце, аднак у бацькоўскіх правах так і не аднавілася.
Чаму можа навучыць бабуля дзяўчынку ў падлеткавым узросце? Першае і, бадай, галоўнае: яна падорыць усю любоў свайго сэрца, як-ніяк гэта ж родная крывіначка. Дзяўчынка, якая ўжо аднойчы страціла веру ў найвялікшае пачуццё — мацярынскую любоў, мае вялікую патрэбу ў бабулінай ласцы. Другое і не менш важнае: старэйшая адкрые сакрэты працавітасці, гэта яна ўмее рабіць. Трэба адзначыць, што бабуля, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, прадаўжае працаваць на ранейшай пасадзе. У вольны час разам з унучкай яны робяць нарыхтоўкі на зіму, павінна ж дзяўчынка прывыкаць да жаночай дамашняй працы, якая ў жыцці спатрэбіцца. Як патрэбна і бабуліна ласка, якая не ведае межаў і можа тварыць сапраўдныя цуды.
КАМЕНТАРЫЙ метадыста дзяржаўнай установы «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Юліі ШЭЎКА:
— На тэрыторыі Турэцкага сельсавета жывуць дзве апякунскія сям’і, у якіх выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей. Адна сям’я, у якой непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы, выхоўвае траіх дзяцей. Непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, на тэрыторыі сельсавета больш чым за тры гады няма.
У Турцы ў сем’ях сітуацыя спакойная і стабільная. Пры наведванні сем’яў з законнымі прадстаўнікамі і іх дзецьмі праводзіліся гутаркі па прафілактыцы пажарнай бяспекі, каб не пакідалі дзяцей без нагляду, аб гатоўнасці дзяцей да школы. Адной сям’і ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021-2025 гады аказана дапамога на падрыхтоўку дзяцей да школы: набыты канцылярскія прылады, школьнае адзенне і іншыя неабходныя прылады.
Галіна СМАЛЯНКА