На Кореличчине состоялась приемка школ и детских садов к началу нового учебного года

Каб дзеці селі за парты з першым званком, кожная школа павінна атрымаць пашпарт гатоўнасці. Дашкольным установам неабходна атрымаць сертыфікат гатоўнасці. Гэтыя дакументы пацвярджаюць адпаведнасць установы адукацыі ўсім нормам і стандартам.

У гэтым годзе ў працэс прыёмкі школ і дзіцячых садкоў унесены змены. З сакавіка 2024 года, згодна з пастановай Савета Міністраў, камісія ацэньвае стан устаноў адукацыі яшчэ вясной. У школ і дзіцячых садкоў ёсць час для ліквідацыі недахопаў, а ўжо ў жніўні міжведамасная камісія вывучае выкананне рэкамендацый.

Прыёмка школ, дзіцячых садкоў і іншых устаноў адукацыі да новага навучальнага года   прайшла  ў Карэліцкім раёне.

Кожная ўстанова адукацыі ў абавязковым парадку пачынае новы навучальны год з абнаўленняў. Касметычны рамонт, закупка новага інвентара і мэблі, аздабленне прылеглай тэрыторыі – усё гэта ўжо ў мінулым. 13 жніўня пачала работу міжведамасная раённая камісія па прыёмцы    навучальных устаноў раёна.

У час наведвання ўстаноў адукацыі спецыяльныя камісіі  звяртаюць пільную ўвагу на якасць праведзеных рамонтных работ, а таксама на ўмовы бяспечнага знаходжання дзяцей. Акрамя таго, спецыялісты ацэньваюць якасць арганізацыі прапускнога рэжыму, выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, працу харчаблокаў, асвятленне і цэласнасць агародж.

Камісія на чале з  намеснікам начальніка аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Алай Шэўка наведала  шэсць дзіцячых садоў, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Сацыяльна-педагагічны цэнтр і Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Група правяраючых  пачала традыцыйную жнівеньскую прыёмку з наведвання Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна.

Дырэктар ЦКРНІР Алена Ашманкевіч правяла членаў камісіі па тэрыторыі  ўстановы, дала тлумачэнні:

— Падчас падрыхтоўкі   да новага навучальнага года  ў дворыку Цэнтра  замены ценевы  навес, у калідоры ўстановы  на падлозе  пакладзена  плітка, праведзены касметычны рамонт вучэбных кабінетаў.  Установа  ўжо зараз гатова адчыніць дзверы сваім навучэнцам.

Далей члены камісіі свой шлях трымалі ў ДУА “Дзіцячы сад №1 г.п. Карэлічы».

Яго загадчык Марына Вярбіцкая расказала, што нямала зроблена да новага навучальнага года  ва ўсім дзіцячым садзе. У ім чыста і светла, пафарбаваны і добраўпарадкаваны кожны куток. Абноўлена база наглядных навучальных дапаможнікаў і гульняў.  На дзіцячых пляцоўках з’явілася новае абсталяванне, абноўлена спартыўная пляцоўка. Не пакінулі работнікі  без увагі і прылеглую тэрыторыю, добра папрацавалі  над азеляненнем.

 

Наступным аб’ектам  наведвання  сталі ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна” і  Палужскі дзіцячы сад. Квітнеючая тэрыторыя каля іх была ацэнена па вартасці. Члены камісіі ў адзін голас пацвердзілі, што дзякуючы фантазіі і стараннасці персанала наведаных  устаноў  гульнявыя пляцоўкі, кветнікі  становяцца з кожным годам усё прыгажэй.

З усмешкай на вуснах нас вітала дырэктар Малюшыцкага дзіцячага сада  Ала Уласевіч.

— У  гэтым годзе нашым  нешматлікім калектывам выкананы  вялікі аб’ём работ: пафарбаваны фасад будынка, сцены падсобных памяшканняў, груп і агароджа.  Праведзены рамонт вентыляцыі ў харчаблоку, — расказала загадчык.

На належным узроўні падрыхтаваны  ДУА “Лукскі   дзіцячы сад”, “Дзіцячы сад г.п. Мір” і “Дзіцячы сад № 2 г.п. Карэлічы”, “Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”. Каля кожнай установы сваё хараство і непаўторнасць: дзесьці пахнуць кветкі і дэкаратыўныя насаджэнні, дзесьці радуюць вока малыя архітэктурныя формы. Усюды, здавалася б, звычайныя кветнікі, а аформлены з густам. У саміх будынках таксама чыста, светла і камфортна.

 

Міжведамасная камісія на чале з намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгенам Чычканом у першы дзень прыёмкі наведала Красненскую, Турэцкую сярэднія школы, а таксама СШ №1 райцэнтра. Пад пільным позіркам камісіі было ўсё: ад санітарнага стану харчаблока да забеспячэння бяспекі і прапускнога рэжыму. Звярталі ўвагу на добраўпарадкаванне тэрыторыі, падрыхтоўку кабінетаў.

— Сёлета глабальных перамен у нас не адбылося. Мы правялі касметычны рамонт практычна ўсіх памяшканняў, абнавілі метадычную базу навучальных кабінетаў, выканалі ўсе прадпісанні наглядных органаў, — распавядае дырэктар Красненскай СШ Наталля Бурак.















У Турэцкай сярэдняй школе з’явілася новая сучасная спартыўная пляцоўка для гульні ў баскетбол і валейбол. Таксама тут заасфальтаваная бегавая дарожка, на якую нанесена разметка. У будынку школы праведзены касметычны рамонт, некаторыя памяшканні адрамантаваны істотна.







Кацярына КУКАНАВА

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтараў