В Кореличский район прибыли молодые специалисты. Знакомимся с медработниками и аграриями
Першыя крокі ў свеце прафесіянальнай дзейнасці заўжды напоўнены нявызначанасцю, хваляваннем і надзеямі. Для маладых спецыялістаў, якія толькі закончылі ўстановы адукацыі і самастойна ступілі на шлях кар’ернага росту, кожны працоўны дзень — магчымасць праявіць сябе і ўвасобіць мары ў рэальнасць.
Свядомы выбар
Першым працоўным месцам выпускніка Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандра Дубаносава, які прыехаў на Карэліччыну з горада Мікашэвічы, што ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці, стаў СВК “Маяк-Заполле”, дзе ён працуе інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Юнак падчас размеркавання выбраў лепшае прадпрыемства з прапанаваных:
— Я ўжо быў тут на практыцы, мне ўсё патлумачылі, расказалі абавязкі, пазнаёміўся з умовамі работы. Таму мэтанакіравана ішоў у “Маяк”. У мяне быў нядрэнны выніковы бал, таму меў магчымасць выбраць першае працоўнае месца.
Прадпрыемства прадаставіла юнаку аднапакаёвую арэндную кватэру. Жыллё камфортнае: ёсць вада, газ. Зроблены рамонт. Бацькі прывезлі мэблю. У цэлым, умовамі пражывання Аляксандр задаволены.
Даспадобы таксама і ўмовы працы, і адносіны калектыву. Працуе Аляксандр, дарэчы, на мехмайстэрнях у агр. Краснае.
— Калектыў прыняў вельмі добра, з павагай. Крыху баяўся, што вопытныя механізатары і вадзіцелі будуць пазіраць скоса, маўляў, мы працуем тут ужо шмат гадоў, чаму ты нас будзеш вучыць? Але такога няма, наадварот, мне стараюцца дапамагчы, падказаць, навучыць. Сутнасць маёй работы такая: мне трэба прыйсці на планёрку, даць трактарыстам нарад, падпісаць пуцёўку, сачыць за спраўнасцю тэхнікі, своечасова праводзіць яе абслугоўванне. Усё, што тычыцца рабочых момантаў, мне вельмі дасканала растлумачылі менавіта тут: як правільна прымаць тэхніку, як яе абслугоўваць. Тут працуе зладжаны рабочы механізм, і я імкнуся стаць яго неабходнай часткай.
У хуткім часе Аляксандр адправіцца выконваць грамадзянскі абавязак — служыць у беларускай арміі. Юнак кажа, што потым абавязкова вернецца ў “Маяк”:
— Мне падабаецца мая спецыяльнасць, таму я планую і далей працаваць па ёй. Пасля службы абавязкова вярнуся ў сельгаскааператыў. Застануся тут ці не, яшчэ сказаць не магу, але працаваць тут вельмі падабаецца.
Імкненне дапамагаць людзям
Сёлета ў Карэліцкую ЦРБ прыехалі працаваць дзевяць маладых спецыялістаў: сем медсясцёр, адзін памочнік урача і адзін праграміст. Сярод іх — Крысціна Кухарчык з г. Баранавічы, на плечы якой лягла вельмі вялікая адказнасць — яна загадчык Гарнаруцкага ФАПа.
— Мне прапанавалі інтэрнат, але я не змагла прывезці туды мэблю, таму вырашыла знайсці пакой альбо кватэру ў Горнай Руце, — расказвае дзяўчына. — Якраз знайшоўся пакой побач з ФАПам. Кошт здымнага жылля мне кампенсуе бальніца.
Умовы працы Крысціне падабаюцца. Пакуль яна толькі асвойваецца на першым рабочым месце. Медыцынскі работнік у вёсцы — вельмі значны і відны чалавек. Дзяўчына кажа, што галоўная яе задача на дадзены момант — знайсці агульную мову са сваімі пацыентамі, падабраць ключык да кожнага з іх.
Зямлячцы Крысціны, Дар’і Кулак, таксама пашанцавала з першым рабочым месцам. Яна прыйшла ў Мірскую гарпасялковую паліклініку фельчарам выяздной брыгады хуткай дапамогі.
— Калектыў сустрэў мяне вельмі добра, — расказвае дзяўчына. — Перад тым, як трапіць у Мір, я даведалася, што на “хуткай” там працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія паспяваюць не толькі лячыць пацыентаў, але і займаць прызавыя месцы ў прэстыжных прафесійных конкурсах. Лічу, што члены такога калектыву стануць добрымі настаўнікамі.
Дар’я расказвае, што ўражана велічнасцю і прыгажосцю Міра і яго ваколіц. Дзяўчыне далі пакой у інтэрнаце, які размяшчаецца ў будынку былой гасцініцы. Кажа, што пастараецца стварыць для сябе ўтульныя прывычныя ўмовы.
— Мы заўжды рады, калі да нас прыязджаюць маладыя спецыялісты, і стараемся стварыць для іх камфортныя ўмовы, — кажа галоўны інспектар па кадрах УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца“ Алена Забаўская. — Для пачатку цікавімся іх пажаданнямі, у тым ліку і па жыллі. Хтосьці робіць выбар на карысць пакоя ў інтэрнаце, а іншыя аддаюць перавагу здымнай кватэры з наступнай кампенсацыяй. Абавязкова знаёмім з заработнай платай і ўсімі даплатамі, якія будзе атрымліваць малады спецыяліст. За кожным маладым спецыялістам замацаваны медыкі са стажам, якія дапамагаюць хутчэй пераняць вопыт і падмацаваць веды практычнымі навыкамі. У далейшым сочым за поспехамі і ў цэлым за жыццём нашай моладзі на іх першых працоўных месцах. Адна з галоўных нашых задач — зацікавіць маладых спецыялістаў, каб яны захацелі замацавацца на сваім першым рабочым месцы.
Зірнуць на малую радзіму з іншага боку
Інжынер-цеплатэхнік Вольга Пукелік вярнулася на малую радзіму пасля заканчэння БНТУ і зірнула на Карэлічы з іншага боку. Дзяўчына працуе ў Карэліцкім РУП ЖКГ з першага жніўня і пакуль толькі асвойваецца на першым рабочым месцы. Адаптавацца ёй дапамагаюць старэйшыя калегі:
— Тут працуюць вельмі добразычлівыя людзі, з якімі вельмі прыемна і камфортна. Яны адносяцца да мяне з павагай, падказваюць, дапамагаюць, тлумачаць. Я вельмі рада, што прыехала на першае працоўнае месца менавіта ў Карэлічы.
Дзяўчына самастойна вырашыла, што вернецца ў родны пасёлак:
— Падумала, што тут будзе лягчэй. Галоўнае для мяне зараз — набрацца вопыту, а дома і сцены дапамагаюць. Шчыра кажучы, я не вельмі і хацела заставацца ў Мінску, бо не зусім люблю сталіцу з яе хуткім рытмам. Працуючы тут, я па-новаму зірнула на Карэлічы.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара