В СПК «Свитязянка-2003» озимый рапс сеют по безотвальной технологии

Рапс – асноўная аптымальная з пункту гледжання ўраджайнасці ў кліматычных умовах Беларусі алейная культура. Вялікае значэнне  культуры для сельскай гаспадаркі разумеюць і аграрыі Карэліччыны.  Ужо ў канцы ліпеня гаспадаркі раёна  прыступілі да сяўбы азімага рапсу.

Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” накіравалася  ў СВК “Свіцязянка-2003”. Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Волк расказаў:

– Да задзелу  рапсавага кліну  прыступілі 25 ліпеня.  Да 15 жніўня плануецца завяршыць яго сяўбу.  Сёлета ў гаспадарцы пад культуру  адведзена  600 га:  200 га будзе засеяна класічным спосабам, а 400 – выкарыстоўваючы  тэхналогію Strip-till, якая ўжо даказала мясцовым аграрыям сваю эфектыўнасць.

Падрыхтоўка глебы не менш важная, чым сама сяўба. Ад якасці выкананай работы залежыць развіццё  ўсходаў, а значыць, і будучы ўраджай.  Пасля ўборкі папярэдніка, ім была азімая пшаніца,  у глебу былі ўнесены гліфасат і калійныя ўгнаенні. Для дружных усходаў і ў будучым добрага ўраджаю  насенне павінна легчы ў добрую глебу.

– Рапс пачалі сеяць рана. А калі зіма будзе позняя, ён не перарасце?

– Гэтага не адбудзецца. Каб знізіць рызыку перарастання, апрацоўваем пасевы регулятарамі росту.  Прэпарат запавольвае, а не спыняе рост раслін, стымулюе назапашванне пажыўных рэчываў у каранёвай сістэме, тым самым актывізуючы яе развіццё. Мы добра разумеем, што рапс неабходна пасеяць у аптымальныя тэрміны, належным чынам наладжваць пасяўныя агрэгаты, каб не дапусціць загушчаных пасеваў.

Пакуль мы размаўляем, гул трактара ўзмацняецца. Глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат Mzuri 6Т  выконвае некалькі функцый: рыхтуе глебу пад сяўбу, апускае ў зямлю насенне і адразу ж уносіць у радкі комплексныя ўгнаенні. Такі комплексны падыход да справы дазваляе аграрыям эканоміць угнаенні, грашовыя сродкі і час, якога ў гарачыя ўборачныя дні так не хапае.

 

Механізатар Дзмітрый Сіроцін і галоўны аграном Дзмітрый Волк

Параўняўшыся з намі, літаральна на некалькі хвілін пакідае свой “Джон-Дзір”  механізатар Дзмітрый Сіроцін. Перакінуліся некалькімі словамі. У сельскай гаспадарцы ён працуе больш за дваццаць гадоў. Да сялянскіх будняў яму не прывыкаць. Любая справа, за якую ні возьмецца, спорыцца ў яго руках. І сее ён таксама на сумленне – радочкі нібы пад лінейку.

– Інакш і нельга! – усміхаецца механізатар. – Які зачын пад будучы ўраджай зробіш, такія ўсходы і атрымаеш. Калі калегі будуць “чорнае золата” жаць, хочацца, каб мяне добрым словам успаміналі.

У раёне пад сяўбу азімага рапсу ўзарана 3050 га, пасеяна 2419 га, што складае 60% ад плана. СВК «Свіцязянка-2003» першым у раёне завяршыў сяўбу чорнага золата.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара