В Кореличском районе жатва идет с поправкой на полеглицу после стихии

 

Ураганны вецер 13 і 14 ліпеня, а таксама паўночны цыклон 29 ліпеня не абышлі бокам і Карэліцкі раён. Пацярпелі прыдамавыя ўчасткі і дахі будынкаў, лініі электраперадач, лясы. Зачапіў моцны вецер з дажджамі і палі з ураджаем. На Карэліччыне ён паклаў да зямлі каласы зерневых на плошчы каля 1500 га, ці 0,8% ад усяго зерневага кліна. Гэта нязначная плошча, бо ў ход пойдуць сцеблапад’ёмнікі. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама паведамілі, што найбольш пацярпелі ад непагадзі ДП “Лукі-Агра”, “Чарняхоўскі-Агра” і КСУП “Племзавод Карэлічы”.

— Надвор’е ўнесла свае карэктывы ў ход уборачнай кампаніі, — кажа начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ілья Самуйлік. — З-за непагадзі мы павінны былі зрабіць перапынак у жніве на тры дні, з 28 па 30 ліпеня, да таго ж, уборка палеглых ніў праходзіць значна марудней: камбайны павінны рухацца з хуткасцю да 3 км/гадз., а механізатары — пастаянна сачыць за тым, каб акуратна падняць палегліцу.

Найбольш пацярпелі ад непагадзі палі азімай пшаніцы ў КСУП “Лукі-Агра”. Галоўны аграном гаспадаркі Павел Тананка кажа, што з 1700 га гэтай культуры вецер палажыў 700:

— Для таго, каб якасна ўбраць ураджай, на камбайны ўстанавілі пад’ёмнікі для сцяблін. Яны прыпаднімаюць каласы і адпраўляюць у жатку. Усе механізатары разумеюць адказнасць, якая на іх ляжыць, лішні раз правяраюць самі сябе, кантралююць, каб не было страт. Пільна сочым за надвор’ем, за захаваннем тэхналогій.

Трактарыст-машыніст ДП “Лукі-Агра” Сяргей Міхей у гаспадарцы з 1989 года. Кажа, што гадоў 20-30 назад гэтае зерне прапала б, бо сцеблапад’ёмнікаў не было:

Камбайнер ДП «Лукі-Агра» Сяргей Міхей і памочнік камбайнера Леанід Тужыкаў

— Калі дажджы і ўраган паклалі каласы — без іх ніяк, зерне прападзе. Раней з палегліцай спраўляліся ўручную — граблямі стараліся падняць каласы, каб максімальна сабраць ураджай. Зараз усё прасцей: устанавіў прыладу — і працуй. Як бы надвор’е тут не круціла, мы збяром усё, кожнае зярнятка.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара