На планерке у председателя: приток туристов, помощь к школе и состояние правопорядка в районе

За 7 месяцаў бягучага года экспарт турыстычных паслуг у Карэліцкім раёне вырас і склаў 169,5 тыс. долараў ЗША, або 134,5% да аналагічнага перыяду мінулага года. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея.

Па словах намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана, шмат у чым дасягнуць такога паказчыка дазволіла непаўторнасць гісторыка-культурнай спадчыны і прыродны патэнцыял раёна. Галоўным цэнтрам прыцягнення для турыстаў з’яўляецца Мірскі замак. У раёне для турыстаў працуюць тры гасцініцы, 8 аб’ектаў грамадскага харчавання, 14 суб’ектаў аграэкатурызму, 3 музеі, 38 аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны: 7 помнікаў археалогіі, 14 архітэктуры, 5 гісторыі, 9 мастацтва і 3 нематэрыяльнай спадчыны. Інфармацыя аб турыстычным патэнцыяле нашага краю размяшчаецца на такіх буйных і актыўна наведваемых сайтах, як grodnovisafree і belarus.travel. У дапамогу турысту створаны 13 турыстычных маршрутаў: ваенна-патрыятычныя, рэлігійныя, гісторыка-краязнаўчыя, адукацыйныя, экалагічны, прамысловы, для сямейнага адпачынку. Акрамя таго, у г.п. Мір функцыянуе раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр, накіраваны на папулярызацыю мясцовага турыстычнага прадукту.

Старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей заклікае спецыялістаў не самазаспакойвацца:

— Турыстычны патэнцыял Карэліцкага раёна выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Турысты прыязджаюць у наш раён, наведваюць пасёлак Мір і затым з’язджаюць. А ў нас жа фактычна ў кожным населеным пункце дастаткова славутасцяў, каб уразіць гасцей. Карэліччына багатая таленавітымі людзьмі, асабліва пенсійнага ўзросту, якія вырабляюць сувеніры. Гэтыя памятныя рэчы з задавальненнем набывалі б турысты, тым больш, што кошт іх невысокі. Спецыялістам у сферы турызму трэба актуалізаваць турыстычныя маршруты, зрабіць іх больш прывабнымі для гасцей, даць добрую рэкламу.

Разгледзелі на аператыўнай нарадзе і стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна за першае паўгоддзе бягучага года. Па словах Яўгена Чычкана, колькасць зарэгістраваных злачынстваў зменшылася з 91 да 57, або на 37,4%. Пры гэтым вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з 4 да 7. Павялічылася і падлеткавая злачыннасць з 1 да 4 выпадкаў. З 8 да 9 вырасла колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Колькасць злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі засталася на ўзроўні 2023 года — 3. На тэрыторыі раёна выяўлена толькі адно злачынства, звязанае з незаконным абаротам наркотыкаў. Назіраецца зніжэнне злачынстваў, учыненых у сельскай мясцовасці, з 51 да 31, у грамадскіх месцах — з 11 да 5, групай асоб — з 14 да 5, рабаванняў — з 3 да 1, крадзяжоў — з 30 да 17, махлярстваў — з 6 да 0. Менш учынена злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення — 12 супраць 17 у мінулым паўгоддзі.

Прыемна, што ў раёне значна зніжаны вытворчы траўматызм з 5 да 1 выпадку, у тым ліку траўматызм з цяжкім зыходам з 4 да 0. Знізілася і колькасць ДТЗ з 4 да 3. На тым жа ўзроўні засталася і колькасць параненых у іх людзей — 4. Гібелі людзей на дарогах не дапушчана. Пры гэтым вырасла колькасць вадзіцеляў, якія кіравалі аўтамабілем падшафэ, з 16 да 19.

Павялічылася з 12 да 15 колькасць пажараў, на якіх пайшлі з жыцця 4 чалавекі. У мінулым годзе ў агні загінулі 2 чалавекі.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей асаблівую ўвагу звярнуў на катэгорыю людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця:

— Сёння заканадаўства спрасціла парадак накіравання грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый. Дастаткова двух правапарушэнняў у нецвярозым выглядзе, каб накіраваць чалавека на лячэбную і працоўную тэрапію. Аднак сёлета ў ЛПП накіравана 13 чалавек, што на 10 менш, чым у мінулым. Як правіла, гэтыя грамадзяне нідзе не працуюць, а ў пошуках сродкаў да існавання звяртаюцца да крадзяжу і разбою. Часта нецвярозыя пасядзелкі заканчаюцца рукапрыкладствам і членашкодніцтвам. Таму праваахоўныя органы, суб’екты прафілактыкі і грамадскасць павінны быць нецярпімыя да алкагалізму.

Да дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу», якая стартавала ў Беларусі 1 жніўня, далучыўся і Карэліцкі раён. Згодна з Дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2015 гады” ў раёне 476 школьнікаў з 210 шматдзетных сем’яў атрымалі матэрыяльную дапамогу да 1 верасня. Сума на адно дзіця склала 129 рублёў 90 капеек. Акрамя таго, гэтыя выплаты атрымалі 9 школьнікаў з 4 сем’яў, якія зарэгістраваныя ў раёне, але тут не пражываюць. Агульная сума выплат склала 61,8 тыс.

Дапамогу ў падрыхтоўцы да школы бацькам аказваюць і па месцы працы. Асаблівая ўвага — малазабяспечаным, шматдзетным, сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, а таксама сем’ям, у якіх дзеці  знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

На 8 жніўня ў раёне з усіх крыніц аказана дапамога 629 дзецям з 299 сем’яў на суму 76,2 тыс. рублёў. Сума на адно дзіця склала 121,1 рубля.

Іна ЛЕЙКА