В Кореличском районе участники уборочной кампании получили награды от профсоюза

Жніво на Карэліччыне завершана, у выніку атрыманы нядрэнны намалот 100810 тон, і гэта заслуга цэлага комплексу работнікаў. Прафсаюзы працягваюць падтрымліваць тых, хто шчыра працаваў на агульны вынік.

Старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская ўручыла Падзячныя пісьмы Карэліцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК электрагазазваршчыку СВК “Маяк-Заполле” Дзмітрыю Куліцкаму, аператару зернесушыльнага комплексу КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Уладзіміру Гізу, повару КСУП “Царука” Ніне Крывіцкай, трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Івану Печанко, трактарысту-машыністу СВК “Жухавічы” Генадзію Долмату, вадзіцелю КСУП “Лукі-Агра” Андрэю Сянюце і інжынеру КСУП “Малюшычы” Ігару Патуку.







— Уклад некаторых спецыялістаў у дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы часта застаецца па-за ўвагай грамадскасці, — расказала Ірына Пянькоўская. — Няхай у зваршчыка альбо повара няма такіх паказчыкаў, як намалот і ўраджайнасць, але ад іх прафесіяналізму і майстэрства залежыць працаздольнасць тэхнікі і механізатараў, якія шчыруюць на перадавой. Таму прафсаюзы заўжды імкнуцца падтрымаць тых, хто адказна падыходзіць да сваіх абавязкаў.

Кандыдатуру Дзмітрыя Куліцкага падказаў пры размове з Ірынай Пянькоўскай механізатар СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі:

— Вельмі руплівы і адказны. Без зваршчыка на майстэрнях складана, а ён добра ведае сваю справу і бездакорна яе выконвае.

Візіт старшыні раённага прафкама работнікаў АПК стаў для Дзмітрыя нечаканасцю:

— Спачатку нават не паверыў, калі мне патэлефанавалі. Прыемна, што нашу працу заўважаюць і цэняць.

Не чакала ўзнагароды і Ніна Крывіцкая. Жанчына гатуе ежу для работнікаў прадпрыемства ўжо 30 гадоў. Прызнаецца, што самае прыемнае ў яе працы, калі пасля абеда механізатары з усмешкай кажуць ёй шчыра: “Дзякуй”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара