В Малюшичах во время проведения праздника «Спасовка-ласовка» чествовали участников жатвы

24 жніўня ў аграгарадку  Малюшычы падчас правядзення  свята “Спасаўка-ласаўка” віталі ўдзельнікаў жніва-2024.  Мерапрыемства выдалася  вясёлым, маляўнічым і вельмі смачным.

Праз  тэатралізаваны зварот-прадстаўленне работнікі Малюшыцкага Дома культуры   расказалі  пра традыцыі святкавання  праваслаўнага свята Спаса.

 Далей  галоўнымі героямі ўрачыстасці  сталі камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, дыспетчары ДП “Малюшычы”, інжынерная служба і ўсе тыя, хто ў гарачую пару  працаваў  для агульнай справы, каб на стале быў хлеб.

Хлеб здаўна лічыўся сімвалам жыцця, урадлівасці і дабрабыту простага народа.  Па добрай традыцыі  караваі новага ўраджаю  ўручылі дырэктару сельгаспрадпрыемства Крысцінэ Шчара, галоўнаму аграному Сяргею Шышу і гасцям свята: старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыне Пянькоўскай і старшыні Малюшыцкага сельскага Савета Віктару Дзірвуку.

— Сёння мы сабраліся тут, каб павіншаваць нашых працаўнікоў, якія любяць зямлю, працуюць на ёй, гадуюць хлеб і клапоцяцца, каб ён заўсёды быў на нашым стале,  — звярнулася да прысутных дырэктар   Крысцінэ Іванаўна. —  Жніво  ніколі не бывае простым. За ім   цяжкая руплівая праца хлебаробаў.   Сёння ўсе разам мы шануем тую каласальную працу, якая пачынаецца ад пасеву збожжа і завяршаецца выдатнымі творамі мастацтва, якія мы бачым на стале.  Сёлетні каравай ДП “Малюшычы”  склаў 9063 тоны 345 кг пры сярэдняй ураджайнасці 47 ц/га. У нас у засеках 1890 тоны рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 47,3 ц/га. Я хачу падзякаваць усім  удельнікам уборачнай кампаніі-2024,   арганізатарам   мерапрыемства і пажадаць усім, каб іх сталы былі поўныя пачастункаў, а ў доме панавалі ўтульнасць і любоў.

Падзякавала аграрыям за прафесійную працу, за тое, што кожны на сваім месцы зрабіў усё, каб сабраць ураджай якасна і своечасова,  Ірына Пянькоўская.  Свае віншаванні віноўнікам урачастасці  адрасавалі старшыня сельвыканкама  Віктар Дзірвук і  галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Шыш.

Яшчэ адна добрая традыцыя свята хлеба — ушанаванне тых, хто дасягнуў высокіх вынікаў на вытворчасці.  Падзячныя пісьмы сельгаспрадпрыемства  атрымалі камбайнеры Аляксандр Гіз,  Юрый Напорка, Сцяпан Барыскін, Сяргей Альшэўскі  і ўсе экіпажы, якія працавалі на ўборцы ўраджаю.

Падзячныя пісьмы і шчырыя словы гучалі  і ў адрас вадзіцеляў Алега Саладухі , Мікалая Маславіча, Мікалая Казака, Сяргея Дарафея, Аляксандра Цвірко, Вячаслава Шэгі, Дзмітрыя Ката, якія былі задзейнічаны  па адвозцы збожжа і рапсу.

Не засталіся безуважнымі і спецыялісты інжынернай службы, работнікі зернесушыльнай гаспадаркі, трактарысты-машыністы.

Павіншавала аграрыяў  старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДП “Малюшычы” Ася  Андрэйчык. Яна ўручыла ўзнагароды дырэктару гаспадаркі Крысцінэ Шчары, вагаўшчыку Валянціне  Гурыновіч, кладаўшчыкам Алене Аляшкевіч і Надзеі  Уткінай, дыспетчару Алене Дзірвук і намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Святлане Казак.

 Падчас свята   таксама была адзначана работа рабят студэнцкага атрада імя Я. Фогеля.

Хлебаробы сапраўды пастараліся: кожны ўносіў сваю пасільную лепту ў агульны намалот. Годная праца заслугоўвае самых высокіх пахвал.

 У гэты дзень не абышлося  без конкурсаў, віктарыны і песень у выкананні работнікаў культуры.  А самыя маленькія гледачы з цікавасцю прынялі ўдзел  у майстар-класе па развучванні  народных танцаў.

Яркім упрыгожваннем свята былі кулінарныя  вырабы мясцовых майстрых. А ўзнагароджанне ўдзельнікаў-кулінараў  стала прыемным завяршэннем хлебнага свята.

Хлеб па вартасці  заўсёды заслугоўвае свайго асобнага свята. Мяняюцца каштоўнасці, густы, але хлеб быў і застаецца самым неабходным прадуктам для кожнага з нас, ён — аснова жыцця і здароўя.

Жыхарка аграгарадка Малюшычы Ала Уласевіч лічыць:

—    Выдатнае мерапрыемства. Хлеб здаўна быў сімвалам жыцця і дабрабыту. Ён быў усяму галава. Таму хлебам і соллю заўсёды сустракалі дарагіх гасцей. Ім бацькі благаслаўлялі сваіх дзяцей у час вяселля.  Бохан хлеба заўсёды бралі з сабой у далёкую дарогу. Важна захоўваць беражлівыя адносіны да хлеба, перадаваць гэтую ісціну з пакалення ў пакаленне. Цудоўна і тое, што сёння нашы аграрыі адзначаюць  адно з важнейшых свят хлебаробаў.  Хвала рукам, што пахнуць хлебам!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара