В Кореличском районе на жатве работают молодежные экипажи

Сцэнарый гэтага лета маладзёжны экіпаж з СВК “Свіцязянка-2003” у складзе Дзмітрыя Урбановіча і Яўгенія Мяцеліцы напісалі яшчэ вясной, калі вырашылі, што падчас уборачнай кампаніі будуць працаваць разам.  Як паказваюць вынікі, яны не прагадалі. Юнакам удалося ў ходзе ўборачнай страды  на камбайне айчыннай вытворчасці КЗС-1624 перасягнуць дзвюхтысячны рубеж.

Ураджай у сельгаспрадпрыемства багаты, таму яно ўваходзіць у чацвёрку лепшых гаспадарак Карэліччыны па ўраджайнасці збожжавых.

У страду-2024 маладзёжнаму экіпажу Дзмітрыя Урбановіча і  яго памочніку Яўгенію Мяцеліцы на КЗС-1624  першым скарыўся тысячны рубеж. Але ніякага сакрэту, па словах маладых людзей, тут няма – трэба проста ведаць і адказна выконваць сваю працу.

– Уборка выйшла на фінішную прамую. На гэты момант намалацілі ўжо 2130 тон, – распавёў Дзмітрый. – Да другой тысячы тон прыйшлі не заўважна. Ураджай выдатны. Тэхніка не падводзіць.  Зараз мы жнём грачыху. Завершым жніво з  яшчэ большым вынікам. Для мяне гэта першая ўборачная ў якасці камбайнера, таму вынікі, безумоўна, радуюць.

Малады механізатар родам з Навагрудчыны, у гаспадарцы працуе ўжо пяць гадоў. Да жніва даглядаў пасевы, уносіў хімію, а зараз пажынае плады сваёй працы. У новай для яго справе адчувае сябе ўпэўнена.

Яго памочнік Яўгеній нарадзіўся і вырас на райцаўскай зямлі. Два гады таму вярнуўся ў родную гаспадарку і  працуе інжынерам.

– Для мяне гэта не першая ўборачная, я ўжо некалькі гадоў запар працую памочнікам камбайнера. Ці цяжкая праца? Ведаеце, у вёсцы іншай няма. Але мы, вяскоўцы,  прывучаны з дзяцінства: калі хочаш добра жыць, трэба працаваць. Уборачная, вядома, вельмі адказны перыяд, хоць я б не стаў недаацэньваць астатнія. Тое, што мы цяжка працуем летам, далёка не значыць, што ў астатні час прахалоджваемся. Толькі тут адразу бачыш вынік сваёй працы, – падзяліўся Яўгеній.

Да размовы з удзельнікамі жніва далучыўся галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Волк, які адзначыў, што ў гаспадарцы заўсёды перажываюць і падтрымліваюць моладзь і заахвочваюць за добрасумленную працу. Маладыя аграрыі павінны адчуваць, наколькі важна для краіны і людзей тое, што яны робяць. Бо менавіта яны паказваюць прыклад для ўсёй астатняй моладзі краіны, працуючы плячом да пляча са старэйшым пакаленнем і дэманструючы годныя вынікі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара