Посмотрели, как идет вступительная кампания в Мирский государственный колледж
У краіне актыўна працуюць прыёмныя камісіі, якія рэгіструюць абітурыентаў, жадаючых атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэдне-спецыяльную адукацыю. Журналіст “Полымя” даведаўся, як праходзіць уступная кампанія ў Мірскім дзяржаўным каледжы, і якія ўмовы прапануе ўстанова адукацыі для сваіх навучэнцаў.
Адразу накіроўваюся ў кабінет прыёмнай камісіі, дзе знаёмлюся з адказным сакратаром Наталляй Атцэцкай.
— Пакуль у нас штыль, так было і ў мінулым годзе: спачатку прыязджалі адзін-два абітурыенты ў дзень, а ў апошнія два тыдні кампаніі тут была чарга з жадаючых паступіць, — расказвае жанчына
На вялікі экран выведзены спіс спецыяльнасцяў, на якія ідзе набор. Відавочна, што самая папулярная сярод абітурыентаў — “мастацка-афарміцельскія работы”, куды падалі заявы 27 чалавек пры наборы ў 25.
— Сёлета адкрыты набор у чатыры групы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і адну сярэдне-спецыяльнай. Усяго плануем набраць 125 чалавек, — расказвае Наталля Уладзіміраўна. — Прыём дакументаў на прафтэхспецыяльнасці праходзіць з 15 ліпеня па 23 жніўня, на сярэдне-спецыяльную — з 20 ліпеня па 6 жніўня.
У камісіі адзначаюць, што балы, з якімі прыходзяць абітурыенты, сёлета вышэй, чым летась:
— У сярэднім да нас прыходзяць з “сямёркай” у атэстаце. У мінулым годзе сярэдні бал абітурыентаў быў у асноўным 6. Зразумела, прыносяць дакументы рабяты, якія не ведаюць, якую ім спецыяльнасць выбраць, ім і гэта падабаецца, і другое, яны паступаюць да нас нематывавана: хочуць працягнуць вучобу, але не ў школе, аднак не вызначыліся, якую спецыяльнасць выбраць. У такім выпадку праводзім кансультацыю, прапануем, падказваем, робім усё магчымае, каб чалавек выбраў тую спецыяльнасць, што прыйдзецца яму па душы. Наш удзел прыносіць свае вынікі.
Цікавяць будучых навучэнцаў і іх бацькоў і ўмовы пражывання. Зразумела, кожны клапоціцца аб тым, каб яго сын ці дачка жылі ў камфортных умовах, спалі на ўтульных ложках, а з вокнаў зімой не свістаў вецер. Разам з метадыстам Ірынай Ярошчык накіроўваюся на экскурсію ў інтэрнат каледжа.
— Два гады таму ў інтэрнаце праведзены капітальны рамонт, — расказвае Ірына Пятроўна. — Касметычны рамонт пакояў робяць самі навучэнцы, клеяць шпалеры, фарбуюць падлогу. Умовы жыцця добрыя. Цалкам адрамантаваны санвузлы, душавыя кабінкі, на кухні набыты новыя пліты.
У інтэрнаце пахне свежай фарбай, яго рыхтуюць да вучэбнага года. Мне адчыняюць адзін з жылых пакояў. Новыя ложкі, тумбачкі, стол. Пакой прасторны, і месца тут хопіць усім. Інтэрнат, дарэчы, прадастаўляецца ўсім навучэнцам, і пражыванне тут каштуе зусім няшмат: да дзесяці рублёў у месяц.
— У інтэрнаце працуюць два выхавальнікі, — працягвае Ірына Ярошчык. — У іх пакоях стаяць халадзільнікі, куды навучэнцы могуць пакласці прадукты. Таксама ёсць пакоі адпачынку, бытавыя пакоі, у якіх можна, напрыклад, адпрасаваць адзенне.
Пакуль вяртаемся ў каледж, Ірына Пятроўна расказвае, як арганізавана навучанне. Заняткі пачынаюцца ў 9 раніцы і заканчваюцца ў 16.10. У сярэдзіне дня ў навучэнцаў ёсць вялікі перапынак на абед. Дарэчы, харчуюцца рабяты ў сталовай каледжа, атрымліваюць бясплатныя абеды. Сняданак і вячэра — па сімвалічным кошце. У каледжы пяцідзёнка, у шосты дзень праходзяць факультатыўныя заняткі, гурткі і спартыўныя секцыі. На выбар навучэнцаў 10 гурткоў, сярод якіх разьба па дрэве, кераміка, роспіс.
— У нас можна знайсці занятак па інтарэсах, галоўнае, каб у навучэнцаў было жаданне, — кажа Ірына Ярошчык. — Педкалектыў складаецца з 38 чалавек, большасць з якіх мае вышэйшую катэгорыю. У нас склаўся своеасаблівы касцяк з майстроў, якія працуюць з моманту заснавання ўстановы адукацыі, з 1988 года. Многія майстры засталіся тут пасля вучобы ў нашым каледжы. Мы адпраўляем іх на вучобу ў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, дзе яны атрымліваюць кваліфікацыю майстра вытворчай адукацыі. Зразумела, што прыходзяць і маладыя спецыялісты, якім мы заўсёды рады.
Накіроўваемся на экскурсію па каледжы. У першую чаргу мне паказваюць выставачную залу, дзе прадстаўлены работы майстроў і навучэнцаў каледжа. Ад убачанага хараства разбягаюцца вочы. Тут і керамічныя вырабы, і творы з дрэва. Усё выканана па-майстэрску і з густам. Работы выклікаюць захапленне, якое, напэўна, заўважае і мая субяседніца, бо пакідае мяне ў выставачнай зале на пару хвілін аднаго.
Уся сцяна каля выставачнай залы ўпрыгожана шматлікімі дыпломамі, граматамі, падзячнымі пісьмамі. Тут прадстаўлена толькі невялікая іх частка: навучэнцы і майстры каледжа часта становяцца пераможцамі прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Пераходзім у майстэрні. Менавіта тут вучацца майстэрству і ствараюцца шэдэўры, прадстаўленыя ў выставачнай зале. Цяпер тут спакойна, але з 1 верасня зноў будуць працаваць пілы, свёрлы, ганчарныя кругі.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара
і прадастаўлены Мірскім дзяржаўным каледжам