Первый заместитель начальника Главного управления здравоохранения Андрей Вертоградов встретился с молодыми медработниками Кореличчины

Сустрэча з маладымі спецыялістамі, якія ў жніўні ўліліся ў калектыў медыцынскіх работнікаў раёна, прайшла ў канферэнц-зале ўстановы аховы здароўя ”Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”. І гэта атрымалася канструктыўная і даверная размова, у якой прынялі ўдзел першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Вертаградаў, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Данута Скварада. Гасцямі мерапрыемства таксама сталі былыя медыцынскія работнікі, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Гутарку не абмяжоўвалі па часе, яна праходзіла ў цёплай абстаноўцы ў фармаце адкрытага дыялогу. Як прыняў калектыў? Як ідзе адаптацыя? Ці задавальняюць жыллёвыя ўмовы? Якія перспектывы малюеце для сябе ў будучым?


Маладыя спецыялісты адкрыта дзялілася сваімі ўражаннямі аб першым месцы працы, аб прыёме пацыентаў, агучвалі хвалюючыя пытанні, у тым ліку датычныя ўдасканалення сістэмы аховы здароўя раёна.

Закрануў дыялог і пытанні прэферэнцый для маладых спецыялістаў, у прыватнасці, надбавак па кантрактах, кампенсацыі арэнды жылля, стажыроўкі ў абласных установах аховы здароўя, ільготнага крэдытавання і іншых бонусаў.

— Будзьце ўпэўненыя: вы не застанецеся сам-насам з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць, вас заўсёды гатовыя выслухаць, падтрымаць і аказаць дапамогу. У вас ёсць выдатная магчымасць напрацоўваць свой прафесійны вопыт і аўтарытэт, які ў далейшым будзе працаваць на вас, — звярнуўся да маладых медыкаў Андрэй Вертаградаў. — Займіце актыўную жыццёвую пазіцыю, старайцеся далучацца да ўдзелу ў спартыўных і творчых мерапрыемствах. Як паказвае практыка, гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і быць заўважаным.

Вопытны спецыяліст параіў маладым калегам укладвацца і ў развіццё сваіх практычных навыкаў.
— Заставайцеся вернымі абранай прафесіі, яна таго варта, — сказаў ён.
Прыемна было чуць, што маладыя спецыялісты адзначалі добразычлівасць і ўважлівасць як кіраўніцтва ЦРБ, так і калег на працоўных месцах. Заўсёды аператыўна вырашаюцца ўсе як вытворчыя, так і бытавыя пытанні. Выказаныя пажаданні па павышэнні прафесійнага ўзроўню тут жа ўзяты на заметку кіраўніцтвам аховы здароўя і прадстаўнікамі мясцовай улады і будуць улічаны для прыняцця рашэнняў.
— Размова з маладымі спецыялістамі атрымалася змястоўнай. Усе іх пажаданні будуць улічаны. Ужо вырашана, што за маладымі кадрамі будуць замацаваны настаўнікі з ліку спецыялістаў абласнога ўзроўню. Будуць арганізаваны і стажыроўкі на працоўных месцах, падчас якіх яны змогуць у першую чаргу адпрацаваць самыя складаныя моманты з практыкі і атрымаць свайго роду майстар-класы ад прафесіяналаў, — адзначыў Андрэй Вертаградаў.
Першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення пажадаў плённай і паспяховай працы маладым спецыялістам і ўсяму калектыву Карэліцкай ЦРБ.

Кацярына КУКАНАВА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ