17 сентября — День мира. Кореличчане рассуждают о том, без чего невозможен мир

Вольга ІВАШКА, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы, намеснік старшыні РА РГА  «Белая Русь»:

— Мір немагчымы без узаемапаразумення паміж людзьмі. Гістарычнай памяці, неабходна ведаць і вывучаць гісторыю Беларусі. Свайго паходжання і роднай краіны. Без працы, менавіта яна, руплівая і стваральная, садзейнічае падтрыманню дзейнасці чалавецтва. Без падтрымкі родных, блізкіх, калег, якія заўсёды побач і падзяляюць з намі нашы будні. Гатовыя падзяліць нашы радасці і падтрымаць у складанай сітуацыі.

 

Валянціна КОШУР, старшыня раённага  савета ветэранаў:

— Без дабрыні. Каб людзі дапамагалі адзін аднаму, і наша зямля была б агульным домам. Каб паважалі старэйшае пакаленне, якое прынясло мір на зямлю, праліваючы сваю кроў на палях бою. І каб мы ніколі не зведалі жахаў вайны, а спакой і цішыня панавалі на вуліцах гарадоў і вёсак. Каб людзі працавалі дзеля дабрабыту сваёй краіны і праслаўлялі сваімі дасягненнямі, а моладзь прадаўжала добрыя традыцыі старэйшага пакалення.

 

Ігар ПІРОГ,

іерэй, настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы:

— Айцы царквы гавораць, што мір існуе да таго часу, пакуль у ім служыцца Боская літургія. І як літургія з’яўляецца самай вялікай падзеяй у жыцці цэлага свету, так і наш удзел у Боскай Літургіі можна назваць самай важнай падзеяй у нашым жыцці. Калі мы не проста стаім у храме, слухаем, глядзім і назіраем за тым, што адбываецца на службе. Патрэбны наш рэальны ўдзел у малітве і самай галоўнай малітве — Літургіі і Прычашчэнні Цела і Крыві Хрыстовай, а таксама ачышчэнне душы ў Таінстве Пакаяння.