Рыночная, Минская, Мостовая и Высокая. Как в Кореличском районе раньше назывались улицы и площади 17 Сентября
У любым горадзе ёсць галоўная плошча, вакол якой кіпіць жыццё: на ёй праводзяцца ўсе значныя мерапрыемствы. Не з’яўляецца выключэннем плошча 17 Верасня ў г.п. Карэлічы.

Плошча 17 Верасня ў г.п. Карэлічы
Нягледзячы на тое, што дакументальных сведчанняў аб яе гісторыі захавалася не так шмат, але ва ўсе часы існавання мястэчка плошча была асноўнай яго славутасцю.
Прыкладна ў ХVІ-першай палове ХVІІ ст. Карэлічы былі перапланаваны пад уплывам валочнай рэформы і развіваліся ў далейшым на аснове рэгулярнай забудовы, што адпавядала ідэалогіі сярэднявечнага грамадства з яго імкненнем да ўпарадкавання і паляпшэння, у тым ліку і ў сферах эканомікі і мастацтва. Тады імкнуліся зрабіць гарады і мястэчкі Беларусі з прамымі вуліцамі, якія перакрыжоўваліся пад прамымі вугламі, з прамавугольнай ці квадратнай рыначнай плошчай. Даследаванні горадабудаўнічай культуры Беларусі дазволілі аднесці Карэлічы да гарадоў, у якіх прынцыпы рэгулярнай забудовы выкарыстаны фрагментарна, закранулі толькі частку паселішча. Класічнай сістэмы (калі гандлёвую плошчу рабілі прамавугольнай у плане з васьмю вуліцамі, што адыходзілі ад вуглоў), Карэлічы не атрымалі. Падобную да такой плошчу і рэгулярную забудову тут зрабілі з прыстасаваннем ужо існуючай сітуацыі.
У сярэдзіне XVII стагоддзя яна мела назву Рыначная, бо гэта было месца бойкага гандлю. Тут стаяла карчма, шынок і дваццаць двароў па перыметры. Ёсць сведчанні, што ў XVIII стагоддзі гандлёвую плошчу Карэліч упрыгожвала драўляная ратуша. Пра гэта згадваецца і ў інвентары 1757 года. Ратушы будаваліся на плошчах толькі тых гарадоў, якія былі надзелены правам на самакіраванне. Гэта дае падставу меркаваць, што Карэлічы яго таксама мелі, хоць у архіўных дакументах пра гэта звестак пакуль не выяўлена.

Рыначная плошча Карэлічах. Від на царкву і гандлёвыя рады. Пачатак XX стагоддзя
Карэліцкая ратуша займала адзін пакой, з двух бакоў да яе прымыкалі гандлёвыя крамы — па чатырнаццаць з кожнага боку. У ратушу вялі дзве брамы, якія стваралі скразны праход па цэнтры будынка. З усіх бакоў яе былі прылаўкі. Зараз побач з плошчай можна ўбачыць радавую забудову пачатку ХХ стагоддзя.
За некалькі дзясяткаў метраў ад плошчы і сёння ўзвышаецца Петрапаўлаўская царква. Яна была пабудавана ў 1866 годзе. У архіўных крыніцах пазначана, што іканастас храма складаўся з дванаццаці абразоў, якія размяшчаліся ў тры рады. Тут знаходзіліся дарагія рызы, срэбны літургічны посуд і богаслужбовыя Евангеллі. Асобна ад царквы была званіца. У XIX стагоддзі Карэлічы былі цэнтрам воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1897 годзе ў мястэчку пражывала 2559 жыхароў. Функцыянавалі царква, сінагога, школа, бальніца, гасцініца, паштовая станцыя.
Сучасная назва плошчы райцэнтра — 17 Верасня — з’явілася пасля падзей верасня 1939 года. У той час у многіх беларускіх гарадах і пасёлках сталі з’яўляцца вуліцы і плошчы 17 Верасня ў гонар даты аб’яднання дзвюх частак Беларусі ў адну краіну. Сёння тут размешчаны райвыканкам, дзіцячая школа мастацтваў, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, рэдакцыя газеты “Полымя”. Адна з вуліц, што адыходзіць ад цэнтральнай плошчы, таксама носіць назву 17 Верасня. Першапачаткова яна мела назву Маставая, бо была вымашчана драўлянымі масткамі, а пазней яе назвалі Высокай.

Плошча 17 Верасня ў г.п. Мір
Дарэчы, у г.п. Мір ёсць таксама плошча 17 Верасня. Яна ўвабрала ў сябе дух даўніны. У аднапавярховых дамах канца XIX-пачатку XX стагоддзя размешчаны крамы і кафэ, гандлёвыя рады. Зусім як у былыя часы, калі плошча называлася Рыначнай. З аднаго боку плошчы 17 Верасня ўзвышаецца Касцёл Святога Мікалая, пабудаваны ў XVII стагоддзі, з другога – царква Святой Троіцы, якой больш за 500 гадоў, а вось вуліцу 17 Верасня, якая ідзе ад царквы святой Троіцы праз усю паўночную частку пасёлка, людзі называлі Мінскай, бо вяла ў накірунку да Мінска.

Мір. Рыначная плошча. Від на гандлёвыя рады. Пачатак ХХ стагоддзя
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц