Центр социального облуживания населения Кореличского района отметил 10-летие со дня образования отделения дневного пребывания для граждан пожилого возраста

 

У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў шматлюдна. Тут сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый раёна, супрацоўнікі Цэнтра і яго наведвальнікі, гаспадары ўстановы, якія радаваліся кожнаму імгненню святочнай урачыстасці.

Пажаданні ад усёй душы

У сваёй прамове намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня Карэліцкага раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан адзначыў хуткаплыннасць часу: дзесяць гадоў таму, як адкрылі аддзяленне, а ўжо адзначаецца  яго 10-годдзе. ЦСАН стаў утульным домам, дзе кожны жадаючы можа знайсці занятак па душы і з карысцю правесці вольны час. І як пацвярджэнне таму — цудоўнае выступленне танцавальнай групы «Задорынка» аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Яе ўдзельнікі прадэманстравалі высокае выканальніцкае майстэрства. Яўген Мікалаевіч пажадаў далейшага росквіту ЦСАН, а яго наведвальнікам — разам цікава праводзіць вольны час.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш з гонарам расказвала пра тое, якім актыўным і захапляючым жыццём жывуць наведвальнікі Цэнтра. «Толькі гэтага трэба захацець, знайсці час для сябе. Нашы спецыялісты заўсёды вам рады. Вашы мудрыя парады і жыццёвы вопыт вельмі патрэбныя, не саромейцеся і дзяліцеся імі. Каштоўныя сустрэчы з людзьмі пажылога ўзросту, і на душы становіцца радасна», — апавядала Іна Аляксандраўна і жадала, каб агонь іх душы не патухаў і мары ажыццяўляліся, а родныя людзі былі побач.

«У Цэнтры заўсёды рады бачыць вас”, — адзначыла дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава і павіншавала прысутных з гэтай яшчэ юнай датай, хаця за гэты час зроблена шмат: аказваюцца розныя паслугі, функцыянуюць гурткі і клубы, іх удзельнікі з’яўляюцца лаўрэатамі конкурсаў. Інэса Мікалаеўна выказала словы падзякі наведвальнікам Цэнтра за тое, што ўносяць свае ідэі і парады.

«Мы заўсёды рады бачыць вас. Будзем разам, а калі разам,  мы мацней»», — рэзюмавала Інэса Сямібратава.

Свае пажаданні выказалі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У сваіх прамовах яны адрасавалі словы прызнання аддзяленню-юбіляру: старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур — за сумесную плённую працу і цікавыя мерапрыемствы, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Іна Лейка —  сумесны выпуск праекта «Актыўнае даўгалецце-65+» і  выкананне важнейшай задачы па сацыяльнай абароне пажылых людзей. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Шпакоўская зычыла Цэнтру новых творчых праектаў, крэатыўных ідэй і росквіту, а людзям залатога ўзросту — здароўя, дабрабыту, міру.

«Вы бадзёрыя, робіце добрыя справы, натхняеце моладзь. Няхай вас падтрымліваюць блізкія людзі, а душа застаецца маладой», — пажадала старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталля Высоцкая.

У ЦСАН радуюцца зменам

Шмат што змянілася за дзесяць гадоў. Вось пра гэтыя змены і расказалі на ўрачыстасці. У 2014 годзе аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту налічвала толькі 25 чалавек. Першым загадчыкам была Наталля Міхайлаўна Расюкевіч, а  першымі супрацоўнікамі — Людміла Вячаславаўна Хвеська і Ірына Мікалаеўна Бундукова.

Час ішоў, і аддзяленне развівалася. Адкрыліся вакальны, камп’ютарны і фізкультурна-аздараўленчы гурткі. У аддзяленне прыйшлі працаваць Мікалай Канстанцінавіч Друцька, Аляксандра Уладзіміраўна Шутко, Іна Генадзьеўна Ляўковіч.

У 2019 годзе аддзяленне ўзначаліла Вольга Сяргееўна Жук. Адкрыўся танцавальны гурток — яго кіраўнік Ала Анатольеўна Шурак. Гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вядзе Галіна Леанідаўна Лагута.

Сацыяльныя паслугі ў аддзяленні атрымліваюць 114 прадстаўнікоў элегантнага ўзросту, функцыянуюць 6 клубаў, 5 гурткоў, валанцёрская група «Саюз добрых сэрцаў», рэалізуюцца праекты «Узрост здароўю не перашкода» і «Урокі міласэрнасці», удзел у рэалізацыі раённых прафілактычных праектаў «Мір — здаровы пасёлак», «Карэлічы — здаровы пасёлак».

Да глыбіні душы кранулі ўспаміны першай наведвальніцы Цэнтра Галіны Аляксандраўны Ульянкі. У той час яна працавала ў раённым савеце ветэранаў, куды за дапамогай звярнуліся супрацоўнікі ЦСАН з просьбай агітаваць людзей залатога ўзросту наведваць гэтую ўстанову. Даводзілася тлумачыць аб яго карысці, і людзі пайшлі і пачалі займацца любімай справай. Зараз у Цэнтр прыйшлі маладыя пенсіянеры і ўнеслі новыя павевы, тут жыццё кіпіць. Галіна Аляксандраўна выказала словы ўдзячнасці яго супрацоўнікам, якія запрашаюць на мерапрыемствы, экскурсіі, акцыі.

Свята ўдалося на славу

Свята атрымалася добрае і шчырае. Яго вяла дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжанна Каляда, якая не шкадавала цёплых і пранікнёных слоў для яго ўдзельнікаў. На працягу ўрачыстасці музычныя падарункі дарылі людзям залатога ўросту супрацоўнікі ДШМ і рабілі гэта па-майстэрску і ад душы. Напрыканцы ўрачыстасці ўдзельнікі гурта “Свае” Сняжанна і Аляксандр Каляда выканалі аўтарскую песню «Счастье белорусское».

 

У даўгу не засталіся і наведвальнікі Цэнтра. З замілаваннем прысутныя ў зале слухалі песню «Мамін старэнькі дом» у выкананні сёстраў Ірыны Дораш і Лідзіі Алясюк.

Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкаа раёна Вольга Жук выказала словы ўдзячнасці першаму загадчыку аддзялення Наталлі Расюкевіч, начальніку ўпраўлення Іне Богуш, дырэктару Цэнтра Інэсе Сямібратавай, гасцям, супрацоўнікам дзіцячай школы мастацтваў за падтрымку і за тое, што раздзялілі з імі радасць юбілею.

На ўрачыстасці былі выказаны словы ўдзячнасці спонсарам, якія аказалі фінансавую падтрымку ў арганізацыі салодкага стала для ўдзельнікаў мерапрыемства. Гэта Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, ААТ «Карэлічы-Лён», ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія дары», ПГУП «СебіШ», Карэліцкае раённае спажывецкае таварыства.

У фае Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў былі арганізаваны выставы: «Свет кветак са скуры» Галіны Леанідаўны Лагуты і «З любоўю да Беларусі» — вышыванкі Людмілы Мікалаеўны Друцькі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ