15 сентября — День библиотек. Директор Кореличской районной библиотеки Лилия Артюх рассказывает о деятельности храмов книг
«Усім добрым ува мне я абавязаны кнігам», — пісаў М. Горкі. Сапраўды, кніга мае вялікае значэнне ў жыцці чалавека, які сябруе з ёй усё жыццё.
З нагоды прафесійнага свята — Дня бібліятэк — аб накірунках працы бібліятэчнай сістэмы раёна, працы бібліятэкара, любові да кнігі расказвае дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Канстанцінаўна АРЦЮХ.
— Лілія Канстанцінаўна, паведайце пра асноўныя накірункі работы бібліятэк раёна. Як вядома, яны сёння займаюцца не толькі выдачай кніг, бібліятэка з’яўляецца месцам зносін і сустрэч.
— Сучасная бібліятэка не можа заставацца ў баку ад змен, што адбываюцца ў свеце, краіне ў цэлым і прафесіі ў прыватнасці. Сёння бібліятэкі – тыя ўстановы, якія забяспечваюць адкрытасць і бясплатны доступ да інфармацыі. Яны фарміруюць грамадзянскую свядомасць, ствараюць умовы для развіцця і самарэалізацыі асобы і навучання на працягу ўсяго жыцця.
Краязнаўства з’яўляецца важным рэсурсам патрыятычнага і маральнага станаўлення асобы, а краязнаўчая дзейнасць спрыяе яе ўсебаковаму развіццю. Менавіта таму краязнаўства сёння па праву лічыцца адным з асноўных накірункаў у рабоце бібліятэк. У раённай бібліятэцы распрацаваны краязнаўчы праект “Кола гісторыі, ці Падарожжа па родным краі”, у рамках якога праходзяць мерапрыемствы на працягу 2023-2024 гадоў.
Асноўным напрамкам работы бібліятэкі з’яўляецца прапаганда літаратурнай спадчыны беларускага народа. Галоўная задача бібліятэк складаецца ў тым, каб творы беларускіх пісьменнікаў, як сучасных, так і тых, хто займаўся літаратурнай дзейнасцю ў мінулых стагоддзях, не былі адданыя забыццю. Правядзенне паэтычных вечароў, прэзентацый кніг, юбілейных літаратурных гадзін, падарожжаў па кнігах, гадзін новай кнігі сталі добрай традыцыяй бібліятэк. Гэтыя мерапрыемствы прымушаюць прысутных думаць, разважаць, аналізаваць.
Прапаганда здаровага ладу жыцця і прафілактыка шкодных звычак па–ранейшаму з’яўляюцца асноўнымі накірункамі работы бібліятэк раёна. На працягу года праводзіцца шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Шкодныя звычкі і іх наступствы – гэта тэма, якая ўсё больш хвалюе і трывожыць наша грамадства.
Бібліятэкі прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні экалагічнай культуры насельніцтва. З гэтай мэтай афармляюцца выставы: выстава-прагляд «Природа: любить, ценить и охранять» (РБ), кніжная выстава-прагляд «Добрые сказки о природе» (Мірская ГПБ), кніжна–ілюстрацыйная выстава «И все они создания природы» (Райцаўская СБ), ладзяцца сацыякультурныя мерапрыемствы. Шэраг мерапрыемстваў прысвечаны датам экалагічнага календара.
Адным з накірункаў работы бібліятэк з’яўляецца сямейнае выхаванне. І гэта заканамерна, бо менавіта ў сям’і падрастае і выхоўваецца пакаленне, якому належыць будучыня. У рамках Тыдня бацькоўскай любові бібліятэкі раёна ладзяць розныя мерапрыемствы, арганізоўваюць кніжныя выставы, на якіх экспануюцца кнігі і часопісы пра мацярынства і бацькоўства, мастацкія творы пра важную ролю бацькоў у лёсах сваіх дзяцей, а таксама навінкі літаратуры для ўсіх чытаючых мам і тат.
Значная ўвага ўдзяляецца духоўнаму выхаванню, папулярызацыі духоўнай кнігі. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне праваслаўных традыцый. Калядныя чытанні сталі традыцыйнай бібліятэчнай акцыяй, якая праходзіць напярэдадні і ў час калядных святаў у бібліятэчных установах сумесна са святарамі Карэліцкага благачыння.
— Якім павінен быць сёння бібліятэкар і якія прынцыпы яго працы? Якімі навыкамі, акрамя бібліятэчнай справы, прыходзіцца валодаць?
— Бібліятэкар павінен быць не толькі кампетэнтным, але і цярплівым, ветлівым, умець дапамагчы любой катэгорыі чытачоў. Ад таго, як бібліятэкар сустрэне чытача, залежыць не толькі яго настрой, але і тое, ці захоча ён прыйсці сюды яшчэ раз. Дробязей у нашай справе няма.
Сёння бібліятэчныя работнікі імкнуцца перабудаваць сваю працу: укараняюць новыя тэхналогіі, падключаюцца да электронных бібліятэчных сістэм, прапануюць сваім чытачам пазнавальныя мерапрыемствы і цікавыя тэматычныя праекты, арганізуюць дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах і, увогуле, больш арыентуюцца на запатрабаванні сваіх наведвальнікаў.
Сучасны бібліятэкар павінен быць камунікабельным, мець крэатыўнае мысленне, бо без творчых ідэй і праектаў немагчыма зацікавіць чытачоў. Сучасны спецыяліст павінен ведаць не толькі, што такое Word, але і разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, валодаць камп’ютарнымі праграмамі, фоташопам. Быць дызайнерам і карэктарам. А каб надоўга затрымацца ў нашай прафесіі, чалавек павінен любіць яе, быць крыху апантаным.
— Якая праца праводзіцца з дзецьмі?
— Знаёмства з бібліятэкай у дзяцей адбываецца яшчэ з дзіцячага садка, калі цэлыя групы прыходзяць у бібліятэку на экскурсію альбо на мерапрыемства. Усяго за мінулы год для дзяцей і падлеткаў было праведзена больш чатырохсот мерапрыемстваў. На кожным з іх — кніга ў цэнтры ўвагі.
Чытацкія густы разнастайныя. Прыгоды, навука, каханне, фэнтэзі — у бібліятэцы знойдзецца ўсё. У маляўнічых кніжачках серыі «Маленькі прафесар» цікавую і даступную інфармацыю пра навакольны свет знойдуць першакласнікі. Серыя «Дзіцячы дэтэктыў» — для аматараў заблытаных сюжэтаў з нечаканым фіналам. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца кніжная серыя “Жывая класіка дзецям”, дзе прадстаўлены ў асноўным зборнікі вершаў класічных аўтараў, а таксама серыя “Я люблю чытаць”. У ёй выдаюцца творы для дзяцей, на якіх выраслі іх бацькі.
Бібліятэка — не толькі месца, дзе можна ўзяць дадому кнігі. З цікавасцю дзеці слухаюць і “жывых” пісьменнікаў. Адбываюцца цікавыя сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі. У гасцях пабывалі Уладзімір Ліпскі, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Іна Фралова, Ірына Карнавухава, Ларыса Кебіч і іншыя.
— Што хочацца сказаць карэліччанам напярэдадні Дня бібліятэк?
— З 2001 года ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта свята кнігі і чытання, свята бібліятэкараў, чытачоў і аматараў кніжнага багацця.
Ад душы віншую калег з прафесійным святам. Жадаю цікавых адкрыццяў, творчых планаў і новых задумак, поспехаў у жыцці, пазітыўных зносін з чытачамі, падтрымкі кіраўніцтва. Ветэранам бібліятэчнай справы зычу моцнага здароўя, цудоўнага настрою, любові ад блізкіх і сяброў, спакою і дабрабыту ў іх сем’ях. Наведвальнікам бібліятэк жадаю новых цікавых сустрэч з добрай кнігай. Няхай нязменнымі спадарожнікамі ўсюды і заўсёды будуць цікавыя і захапляльныя раманы, паэмы і апавяданні, прыгожыя вершы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА