Журналист газеты «Полымя» побывал в социально опасных семьях Райцевского сельсовета

 

Падчас комплекснай адпрацоўкі Райцаўскага сельсавета былі наведаны сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці, а бацькі па тых ці іншых прычынах ухіляюцца ад іх выхавання. Па этычных прычынах не называю прозвішчаў і адрасоў, а вось гісторыі, спадзяюся, камусьці пойдуць на карысць.

У кожнага свае абавязкі

Як вядома, абавязкі бываюць розныя. Хачу звярнуць увагу на прафесійныя і бацькоўскія. Накіроўваючыся ў рэйд з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх, супрацоўнікамі аддзела адукацыі, раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, адзначаю пра сябе іх скрупулёзныя адносіны да  даручанай справы, добрае веданне абставін у сем’ях, вялікае жаданне ім дапамагчы, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

І зусім іншая карціна назіраецца ў некаторых гора-сем’ях. Нярэдка прыходзіцца наведваць тых, хто сябруе з чаркай, дзе сваркі становяцца нормай жыцця. Пасля пастаянных візітаў правяраючых і праводзімых гутарак справы на пэўны час у сем’ях наладжваюцца, іх здымаюць з уліку, але, на жаль, ненадоўга. Вось і хочацца напомніць, што існуюць бацькоўскія абавязкі, якія трэба выконваць. Паказваць прыклад дзецям на станоўчых адносінах да жыцця.

Радасць і адказнасць

Нараджэнне дзіцяці — вялікая радасць. Яно з’яўляецца  — і прыносіць новыя надзеі. Узнікаюць пытанні: «Якім вырасце?» і «Кім будзе?» Толькі ці ўсе маці задаюць сабе пытанне,  ці ўсё яна зробіць для таго, каб малое расло здаровым і шчаслівым у дзяцінстве, а ў будучым змагло чалавекам звацца.

Вялікая адказнасць кладзецца на плечы бацькоў па выхаванні дзяцей. А калі іх, скажам, чацвёра, гэтая адказнасць павялічваецца ў некалькі разоў. І якім было здзіўленне, што шматдзетная маці была ўзята на кантроль па прычыне пракіслай сумесі для малыша  і абапрэласці на маленькім целе. Як такое магла дапусціць тая, якая дала ўжо чацвёртае новае жыццё? Няўжо службовым асобам трэба нагадваць ёй аб адказнасці? У рэшце рэшт, яна ж — маці, якая нясе адказнасць за сваіх непаўналетніх дзяцей.

Сяброўка — выпітая чарка

Як вядома, гарэлка да дабра не даводзіць: разбураюцца сем’і, пакутуюць дзеці, чалавек губляе працу. Так здарылася ў дадзеным выпадку. А каб меншыя былі пад пастаянным наглядам, пра іх пачынае клапаціцца дзяржава — іх забіраюць у дзіцячы прытулак.

Маці патрэбна дочкам і сынам у любым узросце, і так, як яна, ніхто не зможа любіць. Гэта зразумела жанчына і ўзялася за розум — пайшла працаваць. Дзве дзяўчынкі зараз вучацца ў каледжы, і матуліна падтрымка і любоў ім вельмі патрэбны. Як і ўсведамленне таго, што іх дома будзе чакаць родная матуля, якая больш не сябруе з чаркай.

«Так атрымалася…»

— У вас часта ў сям’і бываюць сваркі? — цікавяцца правяраючыя.

— Так атрымалася, — адказвае маладая маці і даводзіць, што ў доме вядзецца рамонт, і ўсё гэта робіцца дзеля дзяцей…

У сям’і выхоўваецца трое дзяцей ва ўзросце дзесяці, шасці, аднаго года і чатырох месяцаў. Па яе словах, жывуць дружна.

Гаспадыня таксама паведала пра тое, што абкладваюць дом тэрмапанэлямі, нанялі будаўнікоў, муж працуе ў мясцовым сельгаскааператыве.

Як вядома, слова мае вялікую сілу. Як і тое, што сям’я трымаецца на ўзаемапавазе і падтрымцы. Галоўнае — на бацькоў глядзяць дзеці і бяруць з іх прыклад, і аб гэтым трэба памятаць.

Кветкі для душы

Дом патанае ў квецені рознакаляровых прыгажунь, і асабліва гэта кідаецца ў вочы асенняй парой пад сонечнымі промнямі.

Нават не верыцца, што тут можа пасяліцца бяда. Ды нават двайная: п’янства гаспадыні, а затым смерць гаспадара. Гора падпільнавала жанчыну ў 45-гадовым узросце, калі, як гавораць, толькі жыць, працаваць, гадаваць дачку…

Бяда нікога не ўпрыгожвае. Вось толькі трэба імкнуцца шукаць і знаходзіць у сабе сілы, каб не скарыцца перад  выпрабаваннямі, якія дае нам жыццё. Не адступіцца, не паддацца нягодам і роспачам — і прадаўжаць жыць. Выхад трэба знаходзіць у штодзённай працы, якая ў жанчыны ёсць, у любові і клопаце пра дачку-школьніцу. І, вядома, у кветках, якія ўскалыхваюць душу і не даюць магчымасці ёй ачарсцвець…

Родныя людзі

Бяда прыйшла ў дом нечакана, як гром сярод яснага неба. Маці скончыла жыццё самагубствам. З таго часу прайшло шмат гадоў,  дзеці падраслі.  Але бацька не змог забяспечыць дзецям неабходныя ўмовы для выхавання. Дачку і сына забралі ў дзіцячы прытулак.  І вось мы ў доме сям’і, дзе сустракаемся з 18-гадовым юнаком.

— Ці ўладкаваўся на працу? — пытаюцца ўдзельнікі рэйду.

— Не, — гучыць адказ.

— Бацька п’е?

— Не заўважаў.

Далей  пацікавіліся тым, ці падтрымлівае брат сувязі з сястрой. На што той адкаў, што не падтрымлівае, але часта чуе, як яна размаўляе з бацькам па тэлефоне.

На заўвагу адказных асоб прыбрацца ў пакоях — маўчанне…

Маладосць — цудоўная пара. Вось толькі б зразумець маладым, што ў радасці і ў бядзе родным людзям трэба трымацца разам. Гэта праверана жыццём. Як і дбаць пра тое, каб у родным доме былі чысціня і парадак.

«Я — адзінокая…»

Гэта не раз паўтарала шматдзетная маці. Хаця яе такой  не назавеш. Дзецям — 21, 18, 17. Наш візіт у сям’ю быў з-за 17-гадовага юнака, які не хоча вучыцца, а маці не можа на яго ніяк паўздзейнічаць…

Жанчыну абыякавай у адносінах да жыцця не назавеш. Яна мае працу. Больш таго, ва ўласным доме пачаты рамонт, але калі яго закончыць, не ведае. За ўсё бярэцца адразу, і, па яе словах, дапамагчы няма каму.

У народзе гавораць: «Малыя дзеці — малы клопат, вялікія дзеці — вялікі клопат». Хто ведае, калі і што было ўпушчана матуляй у дзяцінстве, што зараз гавораць яны на розных мовах. Вось і прыходзіцца сям’ю ставіць на ўлік, каб нешта памянялася ў лепшы бок, прыязджаць і праводзіць гутаркі. Магчыма, зрухі будуць…

Галіна СМАЛЯНКА