Забота о лесе как образ жизни — как и чем живет Еремичское лесничество

У любую пару года люблю наведваць лес. Ёсць у ім нешта чароўнае і захапляльнае. Паглядаеш на дрэвы знізу ўверх і здзіўляешся іх магутнасці і хараству. Але каб лес стаў адкрытай кнігай, важна глядзець не толькі на верхавіны дрэў, але і сабе пад ногі. І бачыць перад сабой не сцяну з елак і сосен, а кожнае дрэўца асобна, бо ў кожнага з іх свой лёс і свая доля.

Ляснічы Мікалай Кісель, памочнік ляснічага Кацярына Ламан, майстар лесу Сяргей Сініца

Абараніць лес

Адну з маіх дзіцячых мараў увасобіў у сваім жыцці ляснічы Ярэміцкага лясніцтва Мікалай Кісель, які ўсё жыццё прысвяціў любімай працы:

— Цяжка сказаць, што паўплывала на рашэнне пайсці працаваць у лес. Тата нядоўга працаваў у лесе, дзякуючы яму я пазнаёміўся з лесам і палюбіў яго. З 1985-га быў майстрам лесу, праз год стаў паляўніцтвазнаўцам. Адпрацаваў на гэтай пасадзе да 2017 года. Займаўся выдачай дзяржаўных пасведчанняў, якія даюць права паляваць. Таксама працаваў у паляўнічай гаспадарцы, дзе неабходна было падкарміць, абараніць звяроў, рэгуляваць іх колькасць, адстрэльваць шкодных жывёл.

З 2017 года Мікалай Мікалаевіч шчыруе ляснічым. Цяпер у яго больш шырокае кола абавязкаў: абарона насаджэнняў ад самавольных высечак, ад пажараў, ліквідацыя вогненных катастроф, вырошчванне лесу, догляд за ім, нарыхтоўка драўніны.

— У нас лясніцтва своеасаблівае, — кажа ляснічы. — Вялікая плошча лесу — заказнікі, таму асноўныя высечкі звязаны з хваробамі лесу, такімі як, напрыклад, высыханне. Асноўная наша задача — абараніць лес і памножыць яго багацці.

Лясныя сезоны

Мой субяседнік расказвае, што работы ў лесе не спыняюцца ні зімой, ні летам.

— Вясной і восенню мы займаемся пасадкай. Важна аднавіць тыя дрэвы, якія высеклі. Спачатку рыхтуем дзялянкі, затым высаджваем новыя дрэвы. Стараемся справіцца сваімі сіламі. Зрэдку прыцягваем да працы школьнікаў. Вельмі карыснай з’яўляецца акцыя “Адновім лясы разам!”, калі да высадкі саджанцаў далучаюцца арганізацыі і простыя грамадзяне.

Вальшчык лесу Аляксей Камагураў, лесавод Мікалай Рэуцкі

Летам наш асноўны абавязак — ахова лесу ад пажараў, дзяжурствы, прафілактычныя акцыі. Сочым, каб у пажаранебяспечны перыяд людзі не наведвалі лясы. Зразумела, што некаторым гэта не падабаецца, аднак гэта робіцца, каб пазбегнуць катастрофы. Прасцей папярэдзіць трагедыю, чым справіцца з яе наступствамі.

Зіма — выдатная пара для нарыхтоўкі драўніны. Галоўнае — не секчы дрэвы бяздумна, важна разумець, якое дрэва ўжо пажыло, а якое яшчэ будзе радаваць нас.

Галоўнае правіла

Мікалай Мікалаевіч прызнаецца, што з задавальненнем ходзіць у лес і не па працы. Мужчына любіць збіраць ягады і грыбы, паблукаць па ледзь заўважных лясных сцяжынках са стрэльбай.

— У лесе дыхаецца іначай. Тут у кожную пару года свая прыгажосць, таму і працуеш, і адпачываеш. Галоўнае, блукаючы па лесе, памятаць залатое правіла: “Карыстайся ляснымі падарункамі, але не нашкодзь”.