Председателя СПК «Жуховичи» Дмитрия Янковского проводили на заслуженный отдых

Больш за сорак гадоў адпрацаваў на карысць СВК “Жухавічы” і Карэліцкага раёна Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі. 20 верасня калектыў сельгаскааператыва праводзіў свайго кіраўніка на заслужаны адпачынак.

 

На мехмайстэрнях, у самым сэрцы гаспадаркі, сабраліся жухавіцкія работнікі і спецыялісты. Выказаць словы падзякі Дзмітрыю Дзмітрыевічу прыехалі старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей і старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская.

Дзмітрый Янкоўскі нарадзіўся ў в. Літараўшчына ў 1957 годзе. У 1979-м пасля заканчэння Віцебскай сельскагаспадарчай акадэміі ветэрынарнай медыцыны вярнуўся працаваць у саўгас “Варонча”, пасля службы ў арміі некалькі месяцаў адпрацаваў у калгасе імя Гастэлы.

У сакавіку 1982 года па запрашэнні галоўнага ветурача Піліпа Богуша і намесніка кіраўніка калгаса “Жухавічы” Баляслава Мяця прыйшоў у гаспадарку старшым ветурачом, а праз пяць гадоў стаў намеснікам старшыні. На гэтай пасадзе Дзмітрый Янкоўскі адпрацаваў 14 гадоў. У лютым 2002 года прыняў абавязкі кіраўніка прадпрыемства.

 

— Мне пашанцавала ў жыцці, — сказаў Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Я 42 года адпрацаваў на жухавіцкай зямлі, 22 з якіх узначальваў прадпрыемства. За гэты час мы шмат чаго зрабілі, за што я ўдзячны ўсім работнікам прадпрыемства. Сёння наш калектыў налічвае 470 чалавек,  90 спецыялістаў. Разам мы праводзілі работу па добраўпарадкаванні аграгарадка, насычэнні машынна-трактарнага парку, мадэрнізацыі малочна-таварных фермаў, будаўніцтве новых комплексаў. Галіну жывёлагадоўлі мы перавялі на сучасны ўзровень. Але перад вамі яшчэ многа задач. Усё мяняецца, развіваецца, і я ўпэўнены, што  наша прадпрыемства таксама не будзе стаяць на месцы.

Дзмітрый Янкоўскі ўдастоены званняў “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, “Чалавек года Гродзеншчыны”, медаля “За працоўныя заслугі”.

— СВК “Жухавічы” горда нясе сваю назву, — адзначыў Андрэй Гардзей. — Сельгаскааператыў прыносіць у капілку раёна амаль чвэрць валавой вытворчасці. Вы лідары па многіх паказчыках, і гэта заслуга ўсяго калектыву. Пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Дзмітрыевіча зроблена многае ў плане тэхнічнага ўзбраення малочнай галіны, у добраўпарадкаванні аграгарадка Жухавічы і навакольных вёсак. Праца Дзмітрыя Дзмітрыевіча і ўсяго калектыву прыносіць дастойны вынік. Я жадаю работнікам сельгаскааператыва захаваць імкненне рухацца наперад, развівацца і працаваць на карысць прадпрыемства, трымаць тую высокую планку, якой вы дасягнулі.

Ад імя работнікаў прадпрыемства выказаў словы падзякі былому кіраўніку намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Віктар Малышка.

Выконваючым абавязкі кіраўніка СВК “Жухавічы” назначаны Міхаіл Штыцько.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара