Белка Дегу, нутрия, летучая мышь: в 2024 году в Кореличском районе 37 человек пострадали от укусов животных
26 верасня ва ўстанове “Рэдакцыя газеты “Полымя” прайшоў «круглы стол» па пытаннях прафілактыкі шаленства “Шаленства небяспечна! Веды выратуюць вам жыццё”.
У якасці эксперта выступіла памочнік урача эпідэміолага Карэліцкага райЦГЭ Алёна Бязмен, а яго ўдзельнікамі сталі ветэрынарны ўрач Карэліцкай раённай ветэрынарнай станцыі Леанід Карповіч, урач УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Вольга Баршчэўская, загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Карэліцкага райЦГЭ Валянціна Бузюк, урач УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Вольга Баршчэўская і старшы майстар па добраўпарадкаванні Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Яўсей.
Падчас работы ўдзельнікамі мерапрыемства былі разгледжаны і абмеркаваны наступныя пытанні: ”Шаленства: сімптомы і наступствы”, “Эпізаатычная сітуацыя па шаленстве ў Карэліцкім раёне”, “Стварэнне бяспечнага асяроддзя супраць шаленства ў нашым раёне: імунапрафілактыка асоб, якія маюць высокую рызыку заражэння шаленствам”.
У сваім выступленні памочнік урача эпідэміолага Алёна Бязмен нагадала прысутным пра асаблівасці небяспечнага віруснага захворвання:
— Шаленства — вакцынакантралюемае віруснае захворванне, якое перадаецца ад жывёл адзін аднаму, а ад іх — чалавеку са сліной, слязьмі, мачой. Прычым заражэнне можа адбыцца не толькі пры ўкусе, але нават пры драпанні. Без лячэння шаленства прыводзіць да смяротнага зыходу, таму кантактаванне з безнагляднымі катамі, сабакамі, дзікімі жывёламі лепш выключыць наогул!
Небяспека шаленства для людзей — у яго незваротных наступствах, бо вірус закранае пераважна клеткі нервовай сістэмы. І чым глыбей пранікае вірус у нервовую сістэму, тым вышэй рызыка смяротнага зыходу.
У сваю чаргу існуюць спосабы, якія прадухіляюць заражэнне вірусам шаленства. І найбольш эфектыўным з іх з’яўляецца вакцынацыя людзей і жывёл.
Выступаючая адзначыла і тое, што сёлета ў раёне не рэгістраваліся выпадкі лабараторна пацверджанага шаленства сярод жывёл.
За 9 месяцаў 2024 года па антырабічную дапамогу звярнуліся 37 чалавек, з іх 6 дзяцей і 31 дарослы. Усім быў назначаны курс лячэбна-прафілактычнай імунізацыі, аднак чатыры пацярпелых аформілі пісьмовую адмову ад прышчэпак.
Па кантакце з жывёламі пераважалі ўкусы хатніх сабак — 21 укус, або 57%, 7 укусаў хатнімі катамі, або 19%, безнагляднымі сабакамі 3, ці 8% і 3 выпадкі — укусы іншымі жывёламі: белка Дэгу, нутрыя, кажан.
Таксама ўдзельнікі «круглага стала» абмеркавалі меры абароны насельніцтва рэгіёна ад інфекцыі. У сваёй прамове Леанід Карповіч адзначыў, што клінікі захворвання шаленствам чалавека і жывёлы аднолькавыя. Распрацавана рэспубліканская праграма, згодна з якой шляхам цэнтралізаванага раскідвання прыманак праводзіцца вакцынацыя дзікіх жывёл, што дазваляе трымаць пад кантролем сітуацыю па нераспаўсюджванні захворвання. Ветэрынарная служба раёна ў выпадку неабходнасці праводзіць вакцынацыю свойскіх жывёл, растлумачальную работу сярод насельніцтва праз сустрэчы і гутаркі, а таксама праз публікацыі ў раённай газеце “Полымя”.
Разам з асноўным пытаннем абмеркавалі і праблему бадзяжных хатніх жывёл (катоў) у жылым сектары гарпасёлка. Нагадалі аб неабходнасці выканання ўстаноўленых правілаў утрымання хатніх жывёл і аб тым, што штогод у АБАВЯЗКОВЫМ парадку трэба паказваць сваіх гадаванцаў ветэрынарам па месцы жыхарства для правядзення прафілактычных прышчэпак супраць шаленства. Бо выпадкі заражэння могуць быць самымі недарэчнымі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара