Что подают детям в школьных столовых в Кореличском районе по новому меню

У гэтым навучальным годзе новыя падыходы да арганізацыі харчавання  ва ўстановах адукацыі краіны страцілі ранейшы эксперыментальны статус. З 1 верасня ва ўсіх школах раёна меню і графікі прыёму ежы  максімальна падпарадкаваны запытам навучэнцаў і іх бацькоў. Зразумела, з улікам прынцыпаў і нормаў здаровага харчавання.

Наталля Рэўко, Марына Кузьміч, Вольга Пяткевіч, Валянціна Аляшкевіч падчас раздачы абедаў

Кампетэнтна

— Да пачатку 2024/2025 навучальнага года праведзены рамонтныя работы аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі, набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, кухонны і абедзенны інвентар. На гэтыя мэты было выдаткавана каля 39,8 тысячы  рублёў. У новым навучальным годзе будуць функцыянаваць 10 аб’ектаў харчавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Работнікі сталовых будуць гатаваць для 1514 навучэнцаў, — расказала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

— Кардынальных змен у арганізацыі харчавання ў гэтым годзе не будзе. Летась у шэрагу школ раёна правялі эксперымент па ўкараненні новых прынцыпаў харчавання. У прыватнасці, дзецям прапанавалі стравы, якія адпавядаюць іх смакавым перавагам. Пілотны праект станоўча ацанілі і навучэнцы, і бацькі. У гэтым навучальным годзе на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання перайшлі  ўсе школы раёна. Як тэхналагічныя карты, так і рацыёны харчавання праходзяць гігіенічную ацэнку ўстановай дзяржсаннагляду на прадмет вызначэння эпідэміялагічных рызык і адпаведнасці прынцыпам дзіцячай дыетэтыкі. Такую ацэнку  прайшлі 69 страў і 3 рацыёна харчавання, — дадала інжынер  ДУ “Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна” Наталля Ласко.

На дзяржаўную датацыю ў раёне сёлета будуць харчавацца 72,5 % навучэнцаў.

Сума, якая выдаткоўваецца дзяржавай на аднаразовае бясплатнае харчаванне, складае: 6-10 гадоў (1-4 клас) —  1 рубель 60 капеек; 10 гадоў (5 клас ) —  2 рублі 29 капеек;  11-18 гадоў (5-11 клас) —  2 рублі 70 капеек. Двухразовае бясплатнае харчаванне складае: 6-10 гадоў (1-4 клас) —  3 рублі 89 капеек.

Рэформы ў школьнай сталовай

Так, сёння абеды ў школе ўжо не тыя, што былі раней. А ўсё дзякуючы таму, што ў 2022 годзе Міністэрства адукацыі запусціла ў краіне пілотны праект па рэарганізацыі школьнага харчавання. У ходзе эксперыменту, удзел у якім прымала шэсць устаноў адукацыі раёна, былі вывучаны смакавыя перавагі навучэнцаў і вызначаны асноўныя напрамкі работы па ўдасканаленні работы школьных сталовых. Пачынаючы з гэтага навучальнага года напрацоўкі,  якія станоўча зарэкамендавалі сябе, сталі актуальнымі ва ўсіх 10 школах раёна. Варта адзначыць і тое, што дзякуючы рэформе школьнага харчавання змяніўся не толькі пералік школьных страў, але і тэхналогія іх прыгатавання.

Што тычыцца графікаў харчавання навучэнцаў, то і тут адбыліся змены. Калі раней школьнікаў маглі запрасіць у сталовую пасля першага ўрока, то цяпер карміць  рэкамендавана не раней чым праз 2-2,5 гадзіны ад пачатку працы ўстановы адукацыі.

Падчас аднаго з перапынкаў  карэспандэнт газеты “Полымя” зазірнула ў сталовую СШ №2 райцэнтра. Гэта ўстанова па-новаму пачала карміць вучняў з гэтага навучальнага года. Школьнікі хутка справіліся з абедам, пакінуўшы ўсе талеркі пустымі. Тое, што прапанаванае меню дзецям спадабалася, навучэнцы не хавалі. Звярнуўшыся да іх, запытала, якія  стравы ім ужо паспелі палюбіцца.

– Любімыя – пюрэ бульбяное з катлетай з птушкі, запяканка з тварагу, наггетсы з птушкі, салаты “Хрусцік” і “Гарошынка”, піца “Выдатнік”, сасіска ў цесце, пернікі па-хатняму, – наперабой гаварылі  пяцікласнікі.

А вось стравы з рыбы, рагу агародніннае не зусім ім падабаюцца.

Дырэктар школы Вікенцій Браніцкі расказаў:

– У мінулым навучальным годзе ў школах краіны праходзіў пілотны праект, накіраваны на ўдасканаленне арганізацыі школьнага харчавання. Удзелу  ў дадзеным праекце нашай школе перашкаджала наяўнасць другой змены. У 2024/2025 навучальным годзе пасля змены рэжыму работы  ўстанова адукацыі актыўна ўключылася ў рэалізацыю новых прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання, сутнасць якіх ва ўжыванні запатрабаваных у дзяцей страў і рацыёнаў харчавання.

Загадчык сталовай Ала Краскоўская  адзначыла, што гадамі школьнае харчаванне было арганізавана на аснове зборніка рэцэптур. І хай там быў дастатковы пералік страў, але выбіраліся пераважна простыя ў выкананні, а складаных пазбягалі. Так, няпроста прыгатаваць дранікі, бабку або складаную салату. Такім і быў рацыён: што больш простае і бяспечнае. Зразумела, што  і ў дарослых, і ў дзяцей з часам з’яўляюцца новыя  смакавыя перавагі.   Навучальны год толькі пачаўся, а разам з ім у меню школьнікаў  установы  з’явіліся новыя стравы.

Падчас раздачы абедаў заўважыла, што сталы накрываюцца рознымі стравамі.  Ала Іванаўна патлумачыла:

– Сёння ў меню для вучняў 1-4 класаў – пяльмені з маслам сметанковым, чай з цукрам, батон з маслам. Кошт такога абеду – 1 рубель 60 капеек. Для вучняў 5-11 класаў кошт абеду складае 2 рублі 70 капеек.  Згодна прыкладнаму распрацаванаму дзесяцідзённаму меню сёння ім прапануем салату “Школьныя гады”, шніцаль са  свініны, кашу пярловую, сок яблычны, батон, яблык, а пачынаючы з шостага класа ў дадатак яшчэ і маленькая  шакаладка.

 

Гэты навучальны год пакажа вынікі праекта. Уся інфармацыя будзе канцэнтравацца і разглядацца на ўзроўні Урада. Магчыма, неабходна і карэкціроўка, але эксперымент завершаны.

Вельмі ж даспадобы прыйшлася школьнікам  салата “Хрусцік”. Сакрэт яе прыгатавання мне таксама раскрылі. Робіцца яна з памідораў, сыру, кукурузы, грэнак з пшанічнага хлеба, і ўсё гэта запраўляецца  маянэзам або смятанай.

Адобрана дзецьмі

Адна з самых любімых страў –  аладушкі “Нежанка”.  Я даведалася іх рэцэпт, раптам вам захочацца прыгатаваць нешта новенькае і дома.

Філе птушкі прапусціць праз мясарубку, дадаць маянэз або смятану, яйка, крухмал і соль. Гатовую масу пакінуць у халадзільніку на 1 гадзіну і смажыць у духоўцы да  румянай скарыначкі.

На 4 порцыі:

336 г  курынага філе,

1 яйка курынае,

80 г смятаны або маянэзу,

20 г крухмалу.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара