Посмотрели, как в КСУП «Птицефабрика «Красноармейская» идут осенние полевые работы
Народная прымаўка кажа: “Восень — клопатаў восем”. Аграрыям, разам з уборкай кукурузы, неабходна засеяць азімы клін і падняць зябліва, пратруціць рапс, зацюкаваць сена, падрыхтаваць глебу да сяўбы — немалы кавалак працы. Таму аграрыі Карэліцкага раёна выкладваюцца на ўсе сто, каб паспець у агратэхнічныя тэрміны і тым самым закласці аснову для работ у вясновы перыяд.
На 26 верасня на Карэліччыне пасеяна 9176 га азімых зерневых. З палёў сабрана 3239 га кукурузы на сілас. Валавы збор — 131727 т. Убрана 460 га кукурузы на зерне. Сабрана 5195 т. Ураджайнасць 113 ц/га. Убрана 1518 га цукровых буракоў. Накапана 88135 т ураджайнасцю 581 ц/га.
Мы даведаліся, як спраўляюцца з асеннімі палявымі работамі ў КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”.
— Нягледзячы на заканчэнне актыўнай фазы ўборачнай, асеннія палявыя работы працягваюцца. Зараз перад аграрыямі стаяць адразу некалькі прынцыповых задач. У прыватнасці, уборка кукурузы. Як на сілас, так і на зерне. Таксама ідзе падрыхтоўка глебы, сяўба азімых збожжавых і жыта, — адзначыў галоўны аграном прадпрыемства Аляксандр Русецкі.
Азімы клін прадпрыемства ў гэтым годзе складае 1700 га: 800 га азімай пшаніцы, 500 га ячменю, 100 га азімага жыта. На 300 га завершана сяўба азімага рапсу.
— Сеяць азімыя больш выгадна і зручна, і ўраджайнасць у іх вышэйшая, чым у яравых. Асабліва гэта тычыцца азімага рапсу, — расказвае аграном.
На полі каля г.п. Мір завяршае сяўбу азімай пшаніцы механізатар Павел Матвейчык.
— Адказаць, чаму вырашыў працаваць у сельскай гаспадарцы, складана, — прызнаецца мужчына. — Сам вясковы, нарадзіўся і вырас у Аюцавічах, таму да працы на зямлі прывык. Тата таксама працаваў на трактары, мабыць, паглядзеўшы на яго, і я вырашыў апрацоўваць глебу.
Ні на адзін дзень не спыняюцца работы па нарыхтоўцы кармоў, якія пачаліся яшчэ вясной. Сянаж, сена, салома. Зараз у гаспадарцы поўным ходам вядзецца нарыхтоўка сіласу з кукурузы.
— На сілас неабходна ўбраць 925 га, на зерне — 688 га кукурузы, — уводзіць у курс справы Аляксандр Русецкі. — Ужо ўбралі 248 га царыцы палёў, сабрана 7032 тоны ўраджайнасцю 284 ц/га. На зерне кукурузу пачалі ўбіраць 23 верасня. Убрана 22 га. Сабралі 162 тоны зерня ўраджайнасцю 74 ц/га.
Механізатар Аляксей Крэнь з ліку тых, каго адрознівае працалюбства і адданасць справе. Адказны і стрыманы, ён усё жыццё працуе ў сельскай гаспадарцы. Сёння ён за рулём свайго КЗС-1218 — адзін у полі воін. Убачыўшы нас, мужчына завяршае круг і спыняецца:
— Прыемна бачыць знаёмых людзей, — усміхаецца Аляксей Міхайлавіч, стараючыся перакрычаць гул рухавіка.
У дыялогу пытаю, ці паспеў мужчына адпачыць пасля ўборкі зерневых.
— Адпачываць зімой будзем, — кажа механізатар. — Цяпер галоўнае — своечасова сабраць ураджай. Паглядзіце, якая добрая кукуруза сёлета вырасла.
Сяргей Столяр
Фота аўтара